“Нігілізм да нацыянальнай культуры нараджае сытуацыйны нацыяналізм”

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Пётра Рудкоўскі. Яму трыццаць гадоў. Нарадзіўся ў Канвелішках Воранаўскага раёну. Закончыў Ягелёнскі ўнівэрсытэт. Тэоляг, філёзаф, каталіцкі дыякан, сябра Дамініканскага ордэну. Сёньня Аляксандар Уліцёнак абмяркоўвае зь Пётрам Рудкоўскім некаторыя праблемы моўнай і нацыянальнай палітыкі

Уліцёнак: “Што па-вашаму – вера ў Беларусь? У яе паўстаньне? (Тут я зьвяртаюся да назову вашай апошняй кнігі).

Рудкоўскі: “Тое, што можна акрэсьліць выразам “паўстаньне (інакш кажучы рэфармаваньне) Беларусі”, гэта перш за ўсё ўнутраны працэс. Гэта тое, што адбываецца ў нашым сэрцы. У душы. Тое, што дзеецца з нашым сумленьнем. Ад гэтага перад усім залежыць посьпех беларускага адраджэньня”.

Уліцёнак: “У якім найгоршым варыянце вам бачыцца новае зьняволеньне Беларусі?”

Рудкоўскі: “Небясьпека такая: нейкім чынам нэасаветызм накладзецца на спажывецкую культуру, якой хварэе грамадзтва, у тым ліку й інтэлектуальная яго частка. Такі вось сымбіёз ужо даволі відавочны: чалавек выпаў з сыстэмы вышэйшых каштоўнасьцяў – ці то нацыянальных, ці нейкіх рэлігійных, духоўных, пазбаўлены ідэалаў, затое набывае моц прыватны матэрыяльны інтарэс. І вось гэта сапраўды можа паралізаваць Беларусь”.

Уліцёнак: “Найперш беларускасьць вызначае сёньня – мова?”

Рудкоўскі: “Яна сапраўды адзін з галоўных вызначальнікаў Беларусі. Хоць хіба што не адзіным. Ёсьць вызнаваньне пэўнай гістарычнай памяці, прызнаваньне за сабой пэўнай спадчыны, салідарнасьць зь цяпершчынай Беларусі, устаноўка на эўрапейскі шлях – быцьцё паўнапраўным суб’ектам на міжнароднай арэне…”

Уліцёнак: “Вы карыстаецеся наркамаўкай прынцыпова?”

Рудкоўскі: “Усё больш і больш усьведамляю, што еднасьць мовы – важная рэч. І для гэтай ролі наркамаўскі варыянт зьяўляецца дастаткова прымальным”.

Уліцёнак: “А як ставіцеся да пэрспэктывы лацінкі?”

Рудкоўскі: “Можа ў якасьці помніка… А праектаваньне ў гэтым пляне нейкай рэвалюцыі – занятак непэрспэктыўны. Ва ўсякім разе на бліжэйшую будучыню”.

Уліцёнак: “Вам належыць выслоўе: “сытуацыйны нацыяналізм”. Яго час прыходзіць ці мінае?”

Рудкоўскі: “З кожным фактам тыпу такіх, што ў судзе падобна гомельскаму студэнту Жалезьнічэнку ці узьдзенскаму прадпрымальніку Крывалю даводзіцца адстойваць права на вядзеньне працэсу па-беларуску, сытуацыйны нацыяналізм выяўляецца абгрунтаваным. Яго цалкам апраўдвае менавіта сытуацыя пануючага нацыянальнага нігілізму. Гэта цалкам прапарцыянальная рэакцыя на нігілістычнае стаўленьне да нацыянальнай культуры”.