Шмат выпускнікоў ВНУ і студэнтаў апошніх курсаў сталі атрымліваць прапановы пайсьці працаваць у міліцыю. Міністэрства ўнутраных спраў тлумачыць кампанію “выбарам лепшых”. А як сама моладзь ставіцца да прапаноў зь міліцыі?
Летась Павал закончыў прэстыжны факультэт міжнародных адносін Белдзяржунівэрсытэту. Згадвае, як яшчэ да выпускных іспытаў атрымаў ліст зь міліцыі з прапановай пайсьці да іх на працу. Абяцалі добры заробак ды льготы. Але Павал нават ня стаў гэтую прапанову разглядаць:
“Мне гэта не падыйшло. Па-першае, ніколі не хацеў працаваць у міліцыі. Па-другое, тады я ўжо знайшоў сталую працу, якую не хацеў мяняць. І трэцяе: = я не лічу, што ў міліцыі не хапае работнікаў. Мне падаецца – іх звышдастаткова”.
Аб’явы з заклікамі працаваць у міліцыі вісяць цяпер і ў вагонах менскага мэтро. Першапачатковы заробак, якім прывабліваюць будучых міліцыянтаў – 800 тысяч беларускіх рублёў. Патрабаваньняў некалькі: вышэйшая ці сярэдняя спэцыяльная адукацыя, служба ў войску, узрост да 25-ці гадоў. Чым тлумачыцца такая кампанія па набору ў міліцыю?
Кіраўнік прэсавай службы Міністэрства ўнутраных спраў Алег Сьлепчанка абверг меркаваньні, што ў міліцыі ідзе пашырэньне штатаў. Паводле Алега Сьлепчанкі, колькасьць міліцыі – наадварот – плянава скарачаецца, таму і карэктуюць кадравыя падыходы. “Мы прапануем працу не абы-каму, а спэцыялістам, набіраем лепшых зь лепшых”, – патлумачыў Алег Сьлепчанка.
Выходжу з дыктафонам на праспэкт Незалежнасьці, каб спытаць у маладых мінакоў, як бы яны паставіліся да прапановы працаваць ў міліцыі за 400 даляраў на месяц?
Хлопец: “Можа, і пайшоў бы ўчастковым ў якую вёску. Парадак бы навёў, а то шмат п’юць ды гуляюць. І пэнсія ў іх добрая”.
Другі хлопец: “Не, не хацеў бы служыць у міліцыі, і ўсё. Не падабаецца мне такая праца. Можа, яны і нядрэнная, але мне не падабаецца”.
Малады служачы прыватнай кампаніі: “Не, я б не пагадзіўся. Па-першае, мой заробак значна большы. А па-другое, я б не пайшоў ні на якую працу, зьвязаную са службай дзейнаму рэжыму”.
Хлопец: “Так, пагадзіўся б. Ня ведаю, чаму – проста пагадзіўся б. А 400 даляраў – нармальныя грошы”.
Мужчына 30-ці год: “Раней быў такі добры адказ: калі ня хочаш працаваць – ідзі ў міліцыю. Не, гэта не для мяне, хаця наконт грошай прапанова прывабная”.
Студэнт: “Не. Мяркую, занадта запатрабавальная праца. Ды і не падабаецца мне гэтая структура. У мяне былі кантакты зь яе супрацоўнікамі. Мяркую, туды ідуць тыя, каго ў дзяцінстве крыўдзілі, і яны цяпер кампэнсуюць гэта на іншых”.
Другі студэнт: “Я таксама не. І потым, цяпер ў нашай краіне 400 даляраў – не такія і вялікія грошы. Лепш атрымоўваць вышэйшую адукацыю і ісьці куды на больш сур’ёзную працу”.