Агляд недзяржаўнага друку 20 лютага. “Комсомольская правда”, “Гоман Барысаўшчыны”, “Чэрыкаўскія навіны”
“Комсомольская правда” апавядае, што сьпявак Віктар Каліна будзе прасіць аб памілаваньні Аляксандра Лукашэнку. На інтэрнэт-сайце сьпевака зьявіўся зварот сяброў шансанье з просьбай памілаваць іх куміра, які адбывае пакараньне ў турме. Прычына – сьпеваку неабходная тэрміновая апэрацыя.
“Камсамолка” інфармуе пра нестандартную сытуацыю ў менскім аэрапорце з самалётам-блізьнюком, які разьбіўся ў Ерэване. Журналістам стала вядома, што ў панядзелак ня змог узьляцець самалёт рэйсам у Маскву. Ляйнэр некалькі разоў разганяўся, пасажыры хваляваліся. І гэта зразумела – некалькі дзён таму такі ж самалёт рухнуў на зямлю... Чытайце падрабязнасьці ў сьвежым нумары газэты.
“Гоман Барысаўшчыны”. У артыкуле “Ці варта шукаць золата Юркі Моніча?” размова пра самага вядомага змагара супраць савецкай улады на Барысаўшчыне. Некаторыя дасьледчыкі сьцьвярджалі, што калі ён у 1923 годзе са сваім атрадам абрабаваў цягнік з дыпляматычнай поштай, то скраў і шмат золата, якое перавозілі за мяжу. Аўтар публікацыі робіць выснову, што шукаць золата няма сэнсу. Чаму? Адказ на гэтае пытаньне ў сьвежым нумары “Гоману Барысаўшчыны”.
Рэдактар газэты Міхась Мацельскі надрукаваў свой артыкул “Старабарысаў. Невядомае пра вядомае”. Спачатку маёнтак належаў Радзівілам, а потым Раманавым:
“Малавядомыя старонкі маёнтку Радзівілаў-Раманавых у Старабарысаве. Прыводзіцца рэдкі здымак, які ніколі не друкаваўся – напаляонаўскага доміка перад вайной. Увогуле, гэтага доміка, дзе спыняўся Напаляон, а потым Гітлер, практычна не захавалася здымкаў. Ёсьць толькі два дарэвалюцыйных. Прычым бачна, што царква, якая стаіць за ім, часткова разабраная. У яе разбураны купал”.
Газэта “Чэрыкаўскія навіны” інфармуе жыхароў пра прамую лінію са старшынёй Камітэту дзяржкантролю Магілёўскай вобласьці Ліліяй Чыгір. Людзей цікавіла: калі пабудуюць крамы, калі зробяць ходнікі на цэнтральнай вуліцы, ці адкрыюць калодзежы, якія даўно закансэрвавалі з-за радыяцыі, а жыхары дагэтуль ужываюць іржавую ваду і шмат іншых пытаньняў.
Журналісты на старонках газэты высьвятляюць, чаму ў Чэрыкаў забаронена ўвозіць магілёўскі хлеб. Хлеб з мясцовага заводу не падабаецца жыхарам. Калі з Магілёва й прывозяць хлеб у Чэрыкаў, то толькі па дарагіх коштах. У чым прычына? Чытайце сьвежы нумар “Чэрыкаўскіх навінаў”.