1. Досьвіткі дзівоснай пары

Пачалася ўся гэтая гісторыя са студзеньскага вечара ў 1916 годзе. У віленскай кавярні «Чырвоны Штраль» бавіла вечар заўсёдная стракатая кампанія тутэйшых інтэлігентаў.

На той час ужо паўгода край жыў пад нямецкай акупацыяй. Віленскія палякі, літоўцы і беларусы пачыналі адкрыта гаварыць пра тое, пра што яшчэ зусім нядаўна, пад расейцамі, не спрабавалі нават думаць.

Згаданая кампанія ў “Штралі” ўпершыню счапілася за палітыку. Счапілася сур’ёзна, за рэзкімі словамі пайшлі рэзкія рухі. Спрачаліся за Вільню. Абражаны нечаканымі прэтэнзіямі беларусаў, зацяты паляк архівіст Вацлаў Студніцкі, вырашыў спрэчку радыкальна, накаўтаваўшы свайго хваравітага апанэнта Івана Луцкевіча, якога паплечнікам давялося выносіць са “Штралю” на руках.

Гэтую сцэну маляўніча апісаў у сваім дзёньніку будучы літоўскі дыплямат Пятрас Клімас, не хаваючы злараднага задавальненьня – хай сабе канкурэнты тузаюцца між сабою. Клімас аднак ня ведаў, што гэты інцыдэнт стаўся апошняй кропляй, якая вырашыла канчатковую пазыцыю братоў Луцкевічаў – тагачасных лідэраў беларускага палітычнага руху. Ніякіх Вялікіх Княстваў і Рэчаў Паспалітых. Ніякіх хаўрусаў, ніякага даверу да прагных і падступных суседзяў. Незалежнасьць. Толькі незалежнасьць.

***

Ад таго часу падзеі пачалі разьвівацца штораз хутчэй. Сталіцай беларускага руху ўпершыню і амаль выпадкова стаўся Менск – толькі таму, што нямецкі наступ 1915 году адрэзаў Вільню ад рэшты Беларусі, і амаль усе беларускія сілы ў паваротным 1917 годзе апынуліся ў Менску. І вось, прыехаўшы ў сакавіку 18-га ў Менск, дэлегацыя віленскіх беларусаў на чале з братамі Луцкевічамі публічна вынесла даўно абдуманую і высьпеленую ідэю незалежнасьці на дзённае сьвятло. Менскія беларусы, не бяз шоку, падтрымалі гэтую ідэю.

І хоць Беларуская Народная Рэспубліка захоўвала рэальны кантроль на рэальнай тэрыторыі зусім нядоўга, ужо і гэтага было дастаткова, каб сон палітыкаў-культурнікаў стаўся явай. Наступствы тых, здавалася б, на пачатку зусім незаўважных, эфэмэрных, выпадковых падзеяў мы бачым сёньня на карце Эўропы.

Падзеі Першай сусьветнай вайны, якая ў Беларусі працягвалася сем гадоў – найдаўжэй у сьвеце, не пакінулі БНР шанцаў на спакойнае жыцьцё. Сталіца – сядзіба кіраўніцтва – зь Менску перасунулася ў Вільню, пасьля ў Горадню, адтуль у Бэрлін, Рыгу, Коўна, Прагу, Парыж, а адтуль і наагул за акіян, дзе застаецца і цяпер. Аднак з самой Беларусі БНР так ніколі й ня зьнікла, а ператварылася ў прывіда, які жыве ў беларускім доме сваім таямнічым жыцьцём і дагэтуль, праз 90 гадоў працягвае палохаць адных яго насельнікаў і навявае рамантычны настрой другім.