Судзьдзя Баранавіцкага гарадзкога суду Жана Капачэўская аштрафавала прадпрымальніка Мікалая Чарнавуса на 1 мільён 50 тысячаў рублёў. Яго зьвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў 11 лютага.
“Прысудзілі вялікі штраф, каб, як яны мяркуюць, у наступны раз Чарнавус нідзе не высоўваўся. Судзьдзя так і пыталася: “А ў вас першае правапарушэньне?” Маўляў, калі будзе яшчэ адно, то асьцерагайся большага пакараньня”, — паведаміў “Свабодзе” Мікалай Чарнавус.
Са словаў суразмоўцы, сёньня ў суд таксама былі выкліканы прадпрымальнікі Алег Пашко, Андрэй Макараў і Анатоль Радзько. Аднак пры разглядзе міліцэйскіх пратаколаў высьветлілася, што абвінавачаньні супраць гэтых актывістаў прадпрымальніцкага руху ўтрымліваюць фальшаваныя зьвесткі. Таму ўсе пратаколы адпраўленыя ў Баранавіцкі ГАУС на дапрацоўку.
11 лютага ў Баранавічах адбыўся несанкцыянаваны мітынг прадпрымальнікаў супраць прэзыдэнцкага ўказу № 760. Паводле Мікалая Чарнавуса, удзельнічалі ў акцыі каля двухсот прадпрымальнікаў.