Група экспэртаў распрацавала праект Пасланьня да беларускага народу. З гэтым дакумэнтам аб’яднаныя дэмакратычныя сілы пойдуць на выбары ў Палату прадстаўнікоў.
Дамінантай пасланьня стане зварот да расчараванай часткі насельніцтва.
Палітоляг Вацлаў Арэшка, які ачольвае групу экспэртаў, гаворыць: праца пачыналася з апытаньняў розных фокус-групаў насельніцтва. Трэба было ўдакладніць, што цяпер найбольш турбуе народ. Высьветлілася: у краіне зьявілася даволі вялікая група расчараваных. Вацлаў Арэшка тлумачыць, што гэта за людзі:
“Яны адносяцца да палітычна нявызначаных. Гэта людзі, якія ня маюць палітычных перакананьняў, сур’ёзных палітычных схільнасьцяў, якія не былі, напэўна, палітычнымі прыхільнікамі Лукашэнкі. Гэта – вельмі цікавая група”.
Вацлаў Арэшка адзначае: на яе настрой перадусім уплываюць значны рост цэнаў і скасаваньне сацыяльных гарантыяў:
“Гэта працэсы, пры якіх ужо даволі значная частка беларускага насельніцтва адчувае, што дзейная ўлада яе не задавальняе. Яна не выконвае абяцаньняў, якія людзі чулі ад яе. Яна не дае той стабільнасьці, на якую людзі разьлічвалі, калі маўкліва падтрымлівалі Лукашэнку. Гэтыя незадаволеныя неаднолькавыя. Адны толькі-толькі пачынаюць адчуваць, што нешта вакол ня тое. І ёсьць людзі, якія больш разумеюць сытуацыю”.
Ці дапаможа новы падыход перацягнуць на бок дэмакратаў людзей, якія дагэтуль палітычна ня вызначыліся?
“Пакуль яшчэ ніхто не адхіліў старога прынцыпу Фрыдрыха Ніцшэ: падаючага – падштурхні. І калі, прыкладам, нехта адпадае ад падтрымкі рэжыму, дык, канешне, абавязак палітыкаў падштурхнуць яго, накіраваць ці даць трохі моцы гэтаму працэсу”, – кажа палітоляг Уладзімер Мацкевіч.
Спадар Мацкевіч бачыць праблему ў іншым – як хутчэй данесьці гэтыя ідэі да расчараваных:
“Скасаваньне льгот закранула звычайных насельнікаў. Але ж яны ня чуюць, што кажуць дэмакраты. Яно да іх не даходзіць. Таму, я думаю, гэтыя рэчы адбываюцца, так бы мовіць, ва ўяўным сьвеце, у якім жыве частка нашай дэмакратычнай апазыцыі”.
Агульнае пасланьне – гэта дакумэнт, які кандыдаты ў дэпутаты ад дэмакратычнай апазыцыі будуць распаўсюджваць сярод выбарнікаў. У ім грамадзяне Беларусі знойдуць адказы на пытаньні, якія іх хвалююць: чаму адмянілі сацыяльныя гарантыі, чаму так хутка растуць цэны на прадукты і тавары, чаму бліжэйшыя суседзі жывуць значна лепш за беларусаў і г.д. Прадстаўнікі дэмсілаў спадзяюцца, што такое пасланьне настроіць многіх беларусаў прагаласаваць на выбарах менавіта за дэмакратычных, а не праўладных кандыдатаў.