10 лютага споўнілася 125 гадоў зь дня нараджэньня генэрала Станіслава Булака-Балаховіча. Высокі вайсковы чын ён атрымаў ад камандаваньня расейскай Белай арміяй, прысягу на вернасьць Беларусі прымаў пад-бел-чырвона-белым сьцягам, а загінуў, баронячы ад захопнікаў сталіцу Польшчы. Пакручасты жыцьцёвы шлях генэрала – тэма гутаркі з гісторыкам Алегам Дзярновічам.
“Генэрал Булак-Балаховіч быў таленавітым тактыкам найперш партызанскай вайны”
Міхась Скобла: “Алег, напачатку давайце больш пільна прыгледзімся да вайсковай кар’еры Булака-Балаховіча. У 1914 годзе ён трапіў на Першую ўсясьветную вайну добраахвотнікам, а ўжо ў 1919 годзе атрымаў чын генэрала-маёра. Што паспрыяла гэткаму імкліваму ўзвышэньню па службовай лесьвіцы сына памешчыцкага кухара?”
Алег Дзярновіч: “Станіслаў Булак-Балаховіч быў сынам кухара, але меў шляхецкае паходжаньне. Сямейная традыцыя, напэўна, паўплывала на фармаваньне будучага ваяра. Любая вайна, асабліва вайна вялікая, якою была Першая ўсясьветная, спрыяе вылучэньню адважных, вынаходлівых і кемлівых у палітыцы людзей. Будучы генэрал прайшоў усе вайсковыя ступені, пачаўшы службу ў самым нізкім чыне, а праз некалькі гадоў меў ужо ранг паручніка. У 1917 годзе атрымаў Георгіеўскі крыж ІІІ ступені й тры ордэны Сьвятой Ганны. У 1918 годзе, яшчэ ротмістрам, ён прывёў два дывізіёны (каля 800 жаўнераў) ад “чырвоных” у Пскоўскі корпус “белых”. У чэрвені 1919-га атрымаў ранг палкоўніка, а ў ліпені таго ж году камандзер Паўночна-заходняй арміяй генэрал-лейтэнант Радзянка прысвоіў Булаку-Балаховічу званьне генэрала-маёра – за вызваленьне ад бальшавікоў Пскова. Мае ён заслугі і перад Эстоніяй і Латвіяй, бо аддзелы генэрала, ужо як вайсковыя фармаваньні БНР, у 1919 – 1920 гадах займалі пазіцый пад Ізборскам на антыбальшавіцкім фронце. Як паказалі далейшыя падзеі, асабліва вайсковыя апэрацыі ў Беларусі цягам 1919 году, Булак-Балаховіч быў таленавітым тактыкам партызанскай вайны. Зрэшты, менавіта ў дывэрсійных рэйдах у тыле ворага Булак-Балаховіч вылучыўся яшчэ падчас Першай усясьветнай вайны”.
“Булак-Балаховіч выразна адчуваў сябе беларусам, і ягоны пераход пад юрысдыкцыю БНР невыпадковы”
Скобла: “Расейская Белая армія зрабіла Булака-Булаховіча генэралам. Але ён спачатку перайшоў на бок бальшавікоў, а потым напісаў рапарт старшыні Рады БНР Антону Луцкевічу з просьбай залічыць яго і ўсё ягонае войска на “беларускую службу”. Што кіравала генэралам – нейкія авантурніцкія памкненьні ці патрыятычныя перакананьні?”
Дзярновіч: “Тут для мяне пакуль ня ўсё зразумела. БНР не была такой фікцыяй, якою яе выстаўляла савецкая гістарыяграфія. Дарэчы, пасьля таго, як корпус Булака-Балаховіча перайшоў пад юрысдыкцыю БНР, урад Эстоніі на яго ўтрыманьне пэўную суму грошай. І гэтая сума была залічаная як дзяржаўны крэдыт БНР! Мне ўяўляецца, што Булак-Балаховіч выразна адчуваў сябе беларусам. Працытую адну страфу зь ягонага верша “Покліч Бацькі”, напісанага ў 1919 годзе ў Рэвелі (цяперашнім Таліне):
Празь цёмныя хмары на чуждай старонцы
Зірнула на нас цёпла-радасна сонца,
І гоман пачуў я з радной стараны:
"Свабода калоціцца ў наша ваконца,
За бацькаўшчыну ўсталі яе ўсе сыны!
Напэўна, гэта не дасканалая паэзія, а верш-дэклярацыя, верш-заклік. І свае ідэалы аўтар выказаў вельмі выразна. Мне падаецца, што, разважаючы пра падзеі 1918–1920 гадоў, мы павінны памятаць пра саму праблему палітычнага выбару. На той час белы рух пацярпеў канчатковую паразу. Сярод таго хаосу, які панаваў у тагачаснай Усходняй Эўропе, выбар свайго апірышча, свайго палітычнага арыенціру дазваляў не ператварыцца ў вайсковага найміта, попыт на якіх рэзка ўзрос. І генэрал са сваімі людзьмі знайшлі такое апірышча, перайшоўшы на службу БНР”.
“Утварылася два цэнтры БНР, і генэрал ня ведаў, якому зь іх падпарадкавацца”
Скобла: “Існаваў легітымны Ўрад БНР. Не было толькі сваёй арміі. І тут зьяўляецца, як у казцы, генэрал са сваім войскам і кажа: хачу служыць роднай Беларусі. Чаму ўсё ж не атрымалася супрацоўніцтва Рады БНР з Булаком-Булаховічам?”
Булак-Балаховіч у пэўным сэнсе перахітрыў і яго, бо Савінкаў глядзеў на Беларусь як на частку Расеі.
Скобла: “У 1920 годзе на Берасьцейшчыне і Случчыне Булак-Балаховіч праводзіў мабілізацыю ў сваё войска. Ці ішлі да яго людзі? І ўвогуле – наколькі шматлікімі былі вайсковыя фармаваньні генэрала?”
Дзярновіч: “Насамрэч колькасны склад фармаваньняў вагаўся. Калі генэрал на пачатку 1920 году прыбыў з Латвіі ў Берасьце, зь ім было каля 800 чалавек. 27 верасьня Булак-Балаховіч вызваліў Пінск, маючы пад камандай 1800 жаўнераў. У сярэдзіне кастрычніка 1920 году ў распараджэньні Булака-Балаховіча было каля 5 500 афіцэраў і жаўнераў. На пачатку лістапада ў лягер Булака-Балаховіча прыйшоў таксама беларускі партызанскі атрад капітана Цімафея Хведашчэні, які нічым не адрозьніваўся ад рэгулярных частак (меў нават свой невялічкі аркестрык), а крыху пазьней да Булака-Булаховіча далучыліся яшчэ два партызанскія атрады: адзін з-пад Слуцку, другі з-пад Менску. У аддзелы генэрала ўліваліся таксама савінкаўцы і былыя чырвонаармейцы. Калі брат генэрала Язэп Булак-Балаховіч выступаў на зьезьдзе Случчыны, то назваў лічбу 60 000 жаўнераў. Але, відаць, ён меў на ўвазе ўвогуле мабілізацыйныя магчымасьці”.
“У Тураве Булак-Балаховіч пацалаваў бел-чырвона-белы сьцяг і пакляўся, што “не складзе зброі, пакуль ня вызваліць роднага краю ад узурпатараў”
Скобла: “Войска ня можа існаваць бяз знакаў адрозьненьня, без штандараў і прысягі. Каму і пад якім сьцягам прысягалі жаўнеры Булака-Балаховіча?”
Калі праз пяць дзён генэрал прыехаў у Мазыр, ва ўсім горадзе з гэтай нагоды былі вывешаныя бел-чырвона-белыя сьцягі.
Скобла: “Як расцэньваць паход атрадаў Булака-Балаховіча ад Берасьця да Мазыра? Гэта была партызанская вылазка, ці наступ арганізаванага войска, якое выступала пад юрысдыкцыяй Беларускай Народнай Рэспублікі?”
Дзярновіч: “Безумоўна, гэта была шырокая ваенная апэрацыя, падчас якой актыўна выкарыстоўваліся й партызанскія прыёмы. Дзейнічалі гэтак званыя “лятучыя групы”. Не забывайма, што корпус Булака-Балаховіча ўзяў пад кантроль цэлы вялікі рэгіён, і там пачаўся працэс усталяваньня цывільнай беларускай улады. Але ў гэты час у Крыме была канчаткова разгромленая Белая армія. І Булак-Балаховіч апынуўся ці не адзіным ворагам бальшавікоў. Натуральна, супраць яго былі кінутыя значныя сілы, супрацьстаяць якім ён проста ня мог”.
“Антысэміцкай праграмы Булак-Балаховіч ня меў. Ягонай першай жонкай была габрэйка – Генрыка Гарбель, дачка лекара”
Скобла: “Некаторыя гісторыкі вінавацяць генэрала Булака-Балаховіча ў габрэйскіх пагромах. Іншыя, наадварот, адкідаюць ад яго цень антысэміта. Маўляў, у ягоным войску быў нават габрэйскі швадрон, які складаўся з габрэяў і камандаваў якім таксама габрэй. Дык дзе тут рацыя?”
Праграма на супрацоўніцтва з габрэйскім насельніцтвам была ім прадэкляраваная праз стварэньне ў Пінску габрэйскага швадрону
“Палякі прызналі генэральскі ранг Булака-Балаховіча й прызначылі яму адпаведную пэнсію”
Скобла: “Яшчэ ў 1922 годзе Леапольд Родзевіч паведамляў Вацлаву Ластоўскаму: “Я пішу кнігу пра Булака-Балаховіча”. На жаль, да гэтай пары адмысловага дасьледаваньня пра генэрала ў нас так і не зьявілася. Праўда, такая кніга выйшла ў Польшчы ў 1993 годзе. Яе аўтар – Марэк Цабаноўскі. Кім паўстае на яе старонках Булак-Балаховіч?”
Дзярновіч: “Адназначна – як польскі герой вайны за незалежнасць 1920 году і абароны Варшавы ад немцаў у 1939 годзе. Дарэчы, палякі прызналі яго генэральскі ранг і прызначылі яму адпаведную пэнсію. Да таго ж, генэрал паходзіў з каталіцкай сям’і й ведаў польскую мову, хоць размаўляў на ёй з “крэсовым” (беларускім) акцэнтам. І вершаў па-польску ён усё ж не пісаў. Тут ужо спрацоўвае спэцыфіка польскай сьвядомасьці – калі ты каталік, калі ты родам з “крэсаў”, то гэтага дастаткова, каб залічыць цябе ў палякі. Атрымай “карту паляка” і адпаведныя прывілеі... Хоць, трэба прызнаць, апошнім часам польскія аўтары пішуць пра Булака-Балаховіча і так: “беларускі й польскі вайсковец, генэрал ІІ Рэчы Паспалітай беларускага паходжаньня”.
“Булак-Балаховіч варты публічнага ўшанаваньня ў Беларусі”
Мы не павінны замоўчваць асобныя факты ягонай дзейнасьці, але таксама не павінны забывацца на эпоху, на якую прыпалі гады ягонага жыцьця і змаганьня.
Дзярновіч: “Бясспрэчна, гэта супярэчлівая асоба. Але генэралу давялося жыць у супярэчлівы час, калі даводзілася ледзь не штомесяц рабіць выбар і думаць ня толькі пра сябе, але й пра тых людзей, якія даверылі табе свае жыцьці. Бясспрэчна і тое, што Булак-Балаховіч пакінуў сьлед у гісторыі Беларусі. Мы не павінны замоўчваць асобныя факты ягонай дзейнасьці, але таксама не павінны забывацца на эпоху, на якую прыпалі гады ягонага жыцьця і змаганьня. Беларусам ёсьць за што шанаваць генэрала Станіслава Булака-Балаховіча, бо ён, як мог, супрацьстаяў бальшавіцкай навале”.
Скобла: “У мястэчку Белавежа (Польшча) імем Булака-Балаховіча названая вуліца. Ці будзе падобным чынам ушанавая памяць генэрала ў будучай Беларусі?”
Дзярновіч: “Думаю, што так. Булак-Балаховіч варты публічнага ўшанаваньня. І гэты час настане.”