Косаўскія альбанцы чакаюць прызнаньня абвешчанай напярэдадні ў Прышціне новай дзяржавы. Хутчэй за ўсё, сярод першых незалежнасьць Косава прызнаюць ЗША, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Францыя і Італія. Адназначна нэгатыўна супраць абвяшчэньня косаўскай незалежнасьці выказаліся Расея і Кітай. Прэзыдэнт Сэрбіі Борыс Тадзіч заявіў, што ягоная краіна ніколі не прызнае незалежнасьці Косава.
Альбанцы складаюць 90 працэнтаў жыхарства Косава. Астатнія косаўскія насельнікі – гэта пераважна сэрбы: сэрбскае насельніцтва колькасна дамінуе на поўначы і ў адным з паўднёвых раёнаў Косава.
У дэклярацыі аб незалежнасьці, абнародаванай косаўскім прэм’ер-міністрам Хашымам Тачы, Косава абвешчана незалежнай дзяржаваю, дзе шануюцца правы ўсіх этнічных супольнасьцяў.
На дэклярацыю косаўскіх альбанцаў катэгарычна нэгатыўна адрэагавала Сэрбія.
“Сэрбія зробіць усё магчымае, каб ануляваць аднабаковае і незаконнае абвяшчэньне незалежнасьці. Сэрбія ніколі не прызнае незалежнасьці Косава”, – заявіў сэрбскі прэзыдэнт Борыс Тадзіч.
Бялград пагражае ўжыць у адносінах да Косава эканамічныя і палітычныя санкцыі, аднак выключае выкарыстаньне вайсковай сілы.
Замежным амбасадарам у Бялградзе паведамлена, што Сэрбія зьнізіць ровень дыпляматычных адносінаў з усімі дзяржавамі, якія пойдуць на прызнаньне незалежнасьці Косава.
Тым часам косаўскія лідэры зьвярнуліся сёньня да 192 краінаў сьвету з просьбаю прызнаць незалежнасьць.
Дж.Буш: "Касавары цяпер незалежныя...”
Пры гэтым сярод краінаў Эўрапейскага Зьвязу, які назіральнікі называюць “хросным бацькам” косаўскай незалежнасьці, ёсьць шэраг краінаў, скептычна настроеных у пытаньня прызнаньня незалежнага Косава.
Дзьмітры Рупель, міністар замежных справаў Славеніі, якая старышынюе цяпер у Эўразьвязе, заявіў, што кожная зь дзяржаваў будзе рабіць свой уласны выбар:
“Краіны Эўразьвязу вольныя рабіць тое, што палічаць за патрэбнае. Прызнаньне Косава – гэта не пытаньне для Эўразьвязу ў цэлым. Кожная зь дзяржаваў будзе вырашаць у залежнасьці ад сваіх паглядаў і перакананьняў. Вядома, я разумею, што многія краіны Эўразьвязу прызнаюць Косава”.