Госьці Начной Свабоды -- грамадзкі рэдактар тыдня моладзевы актывіст Барыс Гарэцкі і адлічаны з факультэту журналістыкі БДУ старшыня культурніцкай камісіі Партыі БНФ Франак Вячорка.
Перадача прагучала ў эфіры Начной Свабоды 15 лютага.
Ганна Соўсь: “У пятніцу лютага стала вядома пра вызваленьне яшчэ аднаго палітвязьня Андрэя Клімава. Нядаўна былі вызваленыя лідэры “Маладога фронту” Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч. Нядаўна Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пытаньне палітзьняволеных закрытае. Як на Вашую думку, Франак, ці закрытае пытаньне пра палітзьняволеных?”
Франак Вячорка: "Я думаю, што пытаньне не закрытае, і пытаньне гэтае стаіць да таго часу, пакуль Эўропа будзе выстаўляць гэтае патрабаваньне. Аляксандар Лукашэнка ўсё ж мусіць раўняцца і мусіць лічыцца з Эўропаю, і вызваленьне палітвязьняў ёсьць прыкметай таго, наколькі яны гатовыя весьці дыялёг".
Барыс Гарэцкі: Пытаньне, зразумела, не закрытае. Сёньня Аляксандар Лукашэнка пагадзіўся вызваліць частку палітзьняволеных, пагадзіўся зрабіць гэта пад ціскам Эўропы, але ў той жа самы час ён саджае новых людзей. Безумоўна, гэтае пытаньне будзе паўставаць зноў і зноў. Прынамсі цяпер у вязьніцы знаходзіцца Андрэй Кім. Ягонага вызваленьня таксама трэба патрабаваць".
Соўсь: “А зараз да іншай падзеі. Вас, Франак, 15 лютага выключылі з факультэту журналістыкі з фармулёўкай “за акадэмічную непасьпяховасьць” пасьля адбыцьця 15-суткавага арышту пасьля акцыі салідарнасьці 16 студзеня, які прыйшоўся на час сэсіі і вакацый, падчас якіх можна было пераздаць іспыты. Вы мне сказалі некалькі гадзінаў таму, што ў гэтай сытуацыі прайгралі ўсе. Патлумачце, калі ласка”.
Вячорка: “Я да апошняга моманту спадзяваўся, што ўлада, адміністрацыя, КДБ, ці хто там гэта вырашае, адумаюцца і не давядуць гэтае пытаньне да адлічэньня. Паколькі калі адлічаюць, то прайграюць усе. Я прайграю ў тым, што губляю месца вучобы, значыцца, мушу задумвацца пра войска, пра далейшае навучаньне. А яны губляюць, таму што выклікаюць вайну. Яны гэтую вайну самі правакуюць. І калі яны не гатовыя да нармальнай размовы, да нармальнае супрацы, то мы будзем дзейнічаць адэкватнымі мэтадамі”.
Соўсь: “Актывісты моладзевага дэмакратычнага руху заявілі, што пачалі кампанію прыпыненьня міжнародных кантактаў з тымі ВНУ, якія адлічылі студэнтаў за грамадзка-палітычную дзейнасьць. Сярод тых, каго адлічылі нібыта за непасьпяховасьць – Кася Салаўёва з Полацкага ўнівэрсытэту, Антон Каліноўскі зь лінгвістычнага ўнівэрсытэту, Франак Вячорка з БДУ, Юрась Чаранкоў з Мазырскага пэдунівэрсытэту і Зьміцер Жалезьнічэнка з Гомельскага ўнівэрсытэту. Усіх адлічылі нібыта за непасьпяховасьць. Раскажыце, калі ласка пра гэтую кампанію”.
Вячорка: “Я мяркую, што гэта мусіць стаць міжнароднай кампаніяй салідарнасьці з беларускай моладзьдзю , якая вымушаная пакутаваць за свае палітычныя погляды. Тацяна Хома зьвязалася з Міжнароднай арганізацыяй студэнтаў, якая калісьці ёй дапамагла ў кампаніі салідарнасьці падчас яе адлічэньня з Эканамічнага ўнівэрсытэту. Лідэры Партыі БНФ зараз знаходзяцца ў Швэцыі і сустракаюцца з кіраўніцтвам Швэцыі, яны будуць уздымаць пытаньне прыпыненьня фінансаваньня розных установаў Беларусі са швэдзкага бюджэту. І натуральна эўрапейскі парлямэнт, які зьбіраецца прыняць рэзалюцыю на наступным тыдні і асудзіць арышты моладзевых актывістаў у студзені, а таксама бяспраўныя адлічэньні з унівэрсытэтаў”.
Соўсь: “Маё наступнае пытаньне да грамадзкага рэдактара тыдня Барыса Гарэцкага, які таксама мае сумны досьвед адлічэньня з вучобы. Пасьля шэрагу затрыманьняў і арыштаў яго выключылі з аддзяленьня мікраэлектронікі Палітэхнічнага каледжу. Барыс, як Вы лічыце, ці варта дамагацца справядлівасьці і спрабаваць аднавіцца ў беларускай навучальнай установе? Ці, можа, лепш паехаць вучыцца за мяжу?”
Гарэцкі: “Безумоўна, навучаньне працягваць трэба і падаваць дакумэнты ў іншыя ўнівэрсытэты, безумоўна, патрэбна, бо кожнаму патрэбная адукацыя. І кожны чалавек мусіць імкнуцца яе атрымаць. Але між тым я лічу, што, безумоўна, вельмі важна абскарджваць адлічэньні ў судах. На маю памяць вельмі мала, калі ў судах выступаюць рэктары, кіраўнікі навучальных установаў , і гэта абсалютна добра, што мы, калі нас выключаюць, зьвяртаемся ў суд і прымушаем іх даваць тлумачэньні ўласных дзеяньняў”.
Соўсь: “Я хацела бы працытаваць загадчыка катэдры стылістыкі і літаратурнага рэдагаваньня журфаку, дарадцу міністра адукацыі, аднаго з распрацоўнікаў новых правілаў артаграфіі і пунктуацыі Віктара Іўчанкава, які быў у складзе камісіі, якая прыняла рашэньне аб выключэньні Франака Вячоркі”.
Іўчанкаў: “Калі займаецца грамадзкай дзейнасьцю, то якраз не хапае часу на вучобу. Вось гэта было якраз усяляк і зафіксавана. Чалавек быў затрыманы, пераздаваў іспыты, два экзамэны ня здаў. На базе ліцэйскай, канечне, можна здаць стылістыку ці мову. Я сапраўды прымаў у яго іспыт, і як трэцякурсьнік ён сябе нічым не праявіў. Праявіў толькі на нездавальняючую адзнаку. Вось у абойму на адлічэньне трапіў і Франак. Але я, як экзамэнатар, які прымаў у яго экзамэн, хачу сказаць, што ён ня справіўся з заданьнем. Быў тэст прапанаваны, пасьля вусны іспыт, і ён проста не адказаў на тое, што патрэбна. Вы ж самі памятаеце мае патрабаваньні і маю справядлівасьць”.
Даведка Свабоды: Франак Вячорка -- аўтар навуковых працаў “Замкнёныя групы назваў клясычнай літаратурнай мовы” і “Дзеепрыметнікі ў беларускай мове”. Валодае расейскай, польскай, францускай і ангельскай мовамі. Скончыў Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, актывіст ліцэйскага жыцьця. У палітыцы з 13 гадоў: быў сябрам “Маладога Фронту”, адзін з заснавальнікаў моладзі БНФ. Ад сакавіка 2006 – сябра Партыі БНФ, кіраўнік культурніцкай камісіі Партыі. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў – сябра прэс-групы штабу Аляксандра Мілінкевіча. Ад ліпеня 2006 рэдактар сайту кампаніі аб’яднаных дэмакратычных сілаў “За свабоду” Svaboda.info. Удзельнік многіх масавых акцыяў, яго неаднаразова затрымлівалі, каралі штрафамі і арыштамі. Каардынатар творчае ініцыятывы “Беларускі Гальфстрым”, кіраўнік праекту “Кінабібліятэка па-беларуску”, у межах якога на беларускую мову былі прадубляваныя такія кінастужкі як “Любоў насамрэч”, “Шрэк 2” і “Шрэк-3”, “Крымінальнае чытво".
Соўсь: Франак, як Вам ацэнка Віктара Іўчанкава?
Вячорка: ”Віктар Іванавіч не сказаў, што ў мяне да 5 сэмэстру былі выдатныя адзнакі. Я вучыўся на 9 і 10. У мяне была павышаная, часам двайная стыпэндыя, я меў граматы за выдатную вучобу і за ўдзел у грамадзкім жыцьці. І, магчыма, маё адлічэньне стала як раз вынікам такой добрай вучобы і майго актыўнага студэнцкага жыцьця. Мне ўдалося ва ўнівэрсытэце збудаваць моцнае беларускамоўнае асяродзьдзе, якое спрадукавала шэраг беларускамоўных імпрэзаў, за якія я ў сваю чаргу атрымаў вымовы. Гэта была сустрэча з Уладзімерам Арловым і прэзэнтацыя ягонай кнігі "Імёны Свабоды" і гэтак далей.
Час зьменіцца, зьменіцца ўлада, і калісьці будуць над імі такія самыя камісіі, а магчыма, будуць і суды над некаторымі. І ўсе атрымаюць па заслугах...
Праблема ў тым, што Віктар Іванавіч Іўчанкаў, Людміла Саянкова, Аляксандар Цікоцкі, Ганна Басава -- ўсе тыя, хто былі сябрамі камісіі, якая мяне адлічала, не разумеюць, што час зьменіцца, зьменіцца ўлада, і калісьці будуць над імі такія самыя камісіі, а магчыма, будуць і суды над некаторымі. І ўсе атрымаюць па заслугах. Я гэта ведаю, я ім пра гэта гаварыў: “Не рабіце глупства зараз, не рабіце злачынства”. Але яны нявінна ня баз сарказму ставілі двойкі і тройкі па стылістыцы беларускай мовы, па расейскай літаратуры, прадметах, якія я лічу сваімі каронкамі”.
Соўсь: “Я хацела бы запытацца Барыса Гарэцкага. Нядаўна Вы трапілі ў сьпісы невыяздных. І не адзін Вы. І тут ёсьць вельмі небясьпечная тэндэнцыя. Маладыя людзі, якіх выключаюць з ВНУ з прычыны іх палітычнай і грамадзкай актыўнасьці, цяпер ня змогуць ня толькі паступіць на шэраг грамадзка значных спэцыяльнасьцяў, што прадугледжана новымі правіламі прыёму, але і нават паехаць вучыцца за мяжу, бо яны ёсьць патэнцыйнымі фігурантамі сьпісаў невыяздных. Што ў такім выпадку ім рабіць?”
Гарэцкі: “У такіх умовах улада сама прымушае моладзь быць яшчэ больш актыўнай, змагацца за свае правы, адстойваць права навучацца ў сваёй краіне, адстойваць права ня быць у ніякіх сьпісах, бо ўсімі магчымымі законамі гарантаваны выезд любога чалавека са сваёй уласнай краіны. Я думаю, што тут хіба што толькі ўдзел у акцыях і патрабаваньне ад ўладаў выкананьня сваіх правоў, права на адукацыю, права на выезд. І гэта першасныя дзеяньні, якія мусяць зрабіць маладыя людзі”.
Соўсь: “Франак, думаю, што ў гэтыя дні і ня толькі, вельмі перажывае за Вас Ваша сям’я, як і за Вас, Барыс. Я прапаную вам паслухаць апытаньне, якое правяла сёньня ў Менску Галіна Абакунчык. Яна запыталася бацькоў розных маладзёнаў: ці хацелі б яны, каб іхнія дзеці сталі сябрамі “Маладога фронту” ці іншай незарэгістраванай моладзевай арганізацыі?
Спадар: “Незарэгістраванай? Напэўна, не. Могуць быць перасьледы. Афіцыйнай арганізацыі -- я згодная. Усё тады будзе добра".
Спадар: "Не, пакуль не хацеў бы. Пакуль сытуацыя ў краіне ня вельмі спрыяе гэтаму, таму не хацеў бы".
Спадарыня: "Мне напэўна, хацелася б, але ў нашай краіне ўзьнікаюць праблемы з вучобай у ВНУ, з працай і гэтак далей".
Спадар: "Я хацеў бы, каб удзельнічалі ў моладзевай арганізацыі. Я хачу, каб усе мае родныя не баяліся ўдзельнічаць у
палітычных акцыях, якія праводзіць апазыцыя супраць рэжыму".
Спадарыня: "У незарэгістраванай -- не, паколькі будуць за гэта перасьледаваць. Што дазволена. то дазволена".
Спадарыня: "Ня вельмі я хацела, каб мой сын прымаў ўдзел у палітычных арганізацыях, хацела, каб ён свабодна жыў,
думаў свабодна, рабіў тое, што ў яго атрымліваецца, і тое, што яму хочацца рабіць. Палітыка гэта заўсёды гульні ў адны брамы”.
Спадар: "Не хачу, бо палітыка – гэта брудная праца".
Калі я паставіў пытаньне, ці згодныя Вы з адзнакамі, яны проста маўчалі, адвярнуўшы свае вочы...
Гарэцкі: “Відавочна, з апытаньня бачна, што добрая частка, а можа і палова бацькоў, якія ў прынцыпе мусяць быць кансэрватыўнымі і імкнуцца толькі да лепшага для сваіх дзяцей, то бок уселякім чынам абараняць іх ад магчымых рэпрэсій, нават у гэтых умовах, вельмі шмат бацькоў, як паказала апытаньне, згодныя і нават заахвочваюць сваіх дзяцей, каб яны ўдзельнічалі ў палітычных акцыях у нейкіх арганізацыях, у нейкім грамадзкім жыцьці. Так, безумоўна, гэта падкрэсьлівае нейкія перамены, перш за ўсе перамены ў грамадзкай сьвядомасьці, якія адбываюцца ў галовах беларускіх грамадзянаў".
Даведка Свабоды: Барыс Гарэцкі нарадзіўся ў 1987 годзе ў Менску. Закончыў сярэднюю школу №121. Пасьля школы вучыўся ў політэхнічным каледжы на аддзяленьні мікраэлектронікі. Падчас апошняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі браў удзел у розных акцыях. Быў арыштаваны, асуджаны і затым адлічаны з вучобы. Пасьля гэтага вучыўся ў паводле праграмы Каліноўскага ў адным з унівэрсытэтаў Польшчы. Аднак вярнуўся ў Беларусь, бо адчуваў патрэбу асабістага ўдзелу ў грамадзкай дзейнасьці. Цяпер навучаецца ў Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце на адзьдзяленьні беларусістыкі, супрацоўнічае з Радыё Рацыя. За сваю грамадзкую актыўнасьць Барысу Гарэцкаму давялося адседзець агулам 44 дні за кратамі ў турме на вуліцы Акрэсьціна. Гэта былі розныя адміністрацыйныя арышты тэрмінам ад сямі да пятнаццаці сутак. Ягонае жыцьцёвае крэда: “рабіць больш, калі можна зрабіць больш".
Соўсь: "І апошняе пытаньне да Вас, Франак, і пра Вас, Барыс. У што верыце Вы?"
Вячорка: "Цяжка сказаць небанальна. Веру ў працу, веру ў посьпех, веру ў Беларусь, і, безумоўна, веру ў каханьне, і гэта вельмі актуальна з нагоды нядаўняга Дня сьвятога Валянціна”.
Гарэцкі: “Перш за ўсё я веру ў Госпада Бога, веру ў ягоную любоў і веру, што дзякуючы гэтай любові нашая краіна, як і ўвесь цывілізаваны сьвет, будзе зьмяняцца да лепшага”.