1. Беларусь большая за 32 краіны Эўропы
На фоне гіганцкай Расеі і вялікай Украіны – другой па плошчы краіны Эўропы – Беларусь насамрэч выглядае як малая дзяржава. Але калі браць пад увагу краіны ўсёй Эўропы, толькі 12 з 45 большыя за Беларусь па памеры.
2. Кожная вобласьць – цэлая краіна
Мы прывялі прыклад краінаў, якія супадаюць па памеры з кожнай з шасьці абласьцей Беларусі. Прычым браліся далёка ня самыя малыя краіны Эўропы. Напрыклад, на тэрыторыі Берасьцейскай вобласьці можна было б зьмясьціць разам Славенію й Чарнагорыю. А Люксэмбург дык увогуле меншы за Рэчыцкі раён.
3. Хоцімск – горад узыходзячага сонца
Празь вялікі памер краіны ва ўсходніх і заходніх раёнах Беларусі час узыходу і заходу сонца розны. У Хоцімску – самым усходнім пункце Беларусі — сонца ўстае на 37 хвілін раней, чым у заходніх раёнах.
4. Праехаць празь Беларусь = праехаць 6 краін
Каб праехаць краіну з канца ў канец, трэба патраціць цэлы дзень. Так, шлях з Хоцімску ў Высокае – 741 км – займае 9 гадзін. Пераадолеўшы такі ж шлях дзе-небудзь у Заходняй Эўропе, можна перасекчы 3–4 краіны. А калі пастарацца – то нават 6!
5. Беларуская Скандынавія і беларускія тропікі
Беларусь месьціцца на сутыку кантынэнтальнага і марскога клімату, і таму ў краіне выдзяляюць чатыры прыродна-кліматычныя зоны. Яшчэ дзесяць год таму іх было тры. Але праз глябальнае пацяпленьне цяпер мы маем і амаль скандынаўскую поўнач, і амаль трапічнае Палесьсе. Пры жаданьні кожны можа падабраць найбольш утульны для сябе клімат.