16 лістапада ў Маскоўскім судзе Менску завочна судзілі ўдзельнікаў акцыі ўшанаваньня памяці рэпрэсаваных, якая прайшла 29 кастрычніка каля будынка КДБ.
Да штрафу ў 50 базавых (1050 рублёў) асуджаны актывіст Леанід Кулакоў. Таксама ў Маскоўскім судзе сёньня разглядаліся адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў акцыі Марыны Адамовіч і Ўладзя Яроменка.
Марына Адамовіч аштрафаваная на 5 базавых велічыняў. Як пакаралі Ўладзя Яроменка, пакуль невядома.
Леанід Кулакоў паведаміў карэспандэнту Свабоды, што будзе абскарджваць пакараньне і напіша таксама скаргу на супрацоўнікаў Маскоўскага суду.
«За тое, што мяне ніяк не папярэдзілі, што будзе такі суд. Ані позвы не даслалі, ані SMS», — сказаў Леанід Кулакоў.
Паводле яго зьвестак, не атрымалі паведамленьняў пра суд і іншыя ўдзельнікі акцыі.
Акцыя цягнулася больш за 2 гадзіны. На прыступках будынка КДБ удзельнікі акцыі выставілі некалькі дзясяткаў запаленых зьнічак у памяць пра рэпрэсаваных 29 кастрычніка 1937 году беларускіх пісьменьнікаў, паэтаў і дзеячоў культуры. Праз дзьве гадзіны ўлады прывялі да будынка КДБ работнікаў камунальных службаў, якім загадалі ачысьціць пляцоўку ад зьнічак. Тады актывісты «Маладога фронту», якія арганізавалі акцыю памяці, пачалі дакараць камунальнікаў, і ў выніку тыя адмовіліся выконваць загад.
Пасьля гэтага, калі разышлася большасьць журналістаў, міліцыянты гвалтам спынілі акцыю і затрымалі некаторых яе ўдзельнікаў, у тым ліку Зьмітра Дашкевіча, Уладзя Яроменка, Сяргея Пальчэўскага і Натальлю Гарачку.