Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крыме затрыманы старшыня Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі


Крымскі беларус Яўген Супрунюк у сваім звароце падкрэсьлівае, што актыўна выступаў за далучэньне Крыму да Расеі, але расейскія ўлады пачалі перасьлед прарасейскіх актывістаў.

У анэксаваным Расеяй Крыме затрыманы былы старшыня Вярхоўнай Рады Крыму ў 1995–1996 гадах, раней кіраўнік Крымскага рэгіянальнага таварыства беларусаў «Сябры», цяпер старшыня «Рэгіянальнай беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі» (РБНКА) Яўген Супрунюк.

Ён знаходзіцца пад вартай у СІЗА, быў арыштаваны ў залі суду 26 студзеня на месяц і 11 дзён. Ягоная жонка Аліе Супрунюк у тэлефоннай размове з карэспандэнтам Свабоды згадала, што 16 лютага прайшло чарговае судовае паседжаньне, у выніку якога арышт быў працягнуты. Але дадала, што ня можа распавесьці больш, чым сказана ў апублікаваным звароце самога Супрунюка.

У сваім звароце, які апублікаваў на Facebook старшыня азэрбайджанскага таварыства Крыму Рагім Гумбатаў, Супрунюк заяўляе пра сваю невінаватасьць, парушэньні сваіх правоў і кажа, што як беларус верыць у справядлівасьць у Расеі.

Махлярства ці правакацыя?

Як заяўляе Супрунюк, у кастрычніку-лістападзе 2015 году яго «справакавалі» і «празь недапушчальныя мэтады штучна стварылі нагоды і падставы для распачынаньня крымінальнай справы» супраць яго паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу Расеі за «замах на злачынства, наўмыснае дзеяньне ці бязьдзеяньне, скіраванае на зьдзяйсьненьне злачынства, не даведзенага да канца па акалічнасьцях, якія не залежаць ад асобы» і «махлярства, арганізаванае групай ці ў асабліва буйным памеры».

Паводле вэрсіі сьледзтва, якую ён прыводзіць, Супрунюк нібыта меўся атрымаць ад нейкай Х.Н.М. 35 тысяч даляраў на хабар чыноўнікам крымскай пракуратуры, Генпракуратуры Расеі і крымскага Вярхоўнага суду, каб тыя зьмякчылі прысуд ейнаму мужу — нейкаму Х.Д.С. Але Х.Н.М. перадала Супрунюку толькі 2975 даляраў «пад выглядам 12 тысяч даляраў».

Паводле вэрсіі Супрунюка, ён аказваў Х.Д.С. юрыдычныя паслугі паводле заключанай папярэдне дамовы, у якой быў абгавораны аванс, аплата затратаў у 11 тысяч даляраў і, у выпадку зьмякчэньня пакараньня, ганарар у 20 зь невялікім тысяч даляраў. Ён заяўляе, што сьледчы не прымаў пад увагу дамову, якая «цалкам выключае крымінальны перасьлед»; пастанову аб распачынаньні крымінальнай справы Супрунюк, як сам кажа, атрымаў толькі пасьля шматлікіх патрабаваньняў праз 57 дзён пасьля таго, як справа была распачата, чым быў пазбаўлены права на абарону; быў дапытаны без удзелу абароны «з ужываньнем недапушчальных мераў узьдзеяньня»; быў абвешчаны ў вышук, бо ня ведаў пра выклік на допыт, зьдзейсьнены неналежным чынам. Падставы і нагоды да крымінальнай справы, кажа ён, былі атрыманыя «недапушчальнымі мэтадамі».

Расея перасьледуе прарасейскіх актывістаў?

Супрунюк згадвае, што пад крымінальны перасьлед у Расеі трапіў таксама экс-старшыня сымфэропальскай гарадзкой прарасейскай арганізацыі «Украинский выбор» — «Выбор Крыма — Единая Русь», але ягоную крымінальную справу спынілі. Затым «памылкова» была распачатая і завершаная крымінальная справа супраць аднаго зь сябраў прэзыдыюму гэтай жа арганізацыі, у якога «не прапускалі ўзнагародныя дакумэнты».

На пачатку звароту Супрунюк зьвяртае ўвагу на тое, што ў 2012–2015 гадах браў актыўны ўдзел у руху «Украинский выбор» — «Выбор Крыма — Единая Русь» «супольна з шэрагам грамадзкіх арганізацыяў і Садружнасьцю беларусаў Крыму „Сябры“». Актывісты руху «аднымі зь першых» выступілі за далучэньне Ўкраіны да Мытнага і Эўразійскага саюзаў ды супраць далучэньня да Эўразьвязу. У 2014 годзе яны «сталі на абарону ад украінскіх нацыяналістаў» перад рэфэрэндумам аб далучэньні да Расеі, бралі актыўны ўдзел у рэфэрэндуме. Супрунюк заяўляе, што ў прарасейскія арганізацыі было аб’яднана каля васьмі тысяч актывістаў.

Ва Ўкраіне за прарасейскую дзейнасьць, піша ён, актывістаў «выганялі з працы, пагражалі крымінальным перасьледам». Але і пасьля таго, як Расея анэксавала Крым, лягчэй ня стала: цяпер многія актывісты засталіся бяз працы і жывуць «за рысай беднасьці».

«Мы верылі і спадзяваліся, што ў новых умовах, пасьля прыняцьця Рэспублікі Крым у склад Расеі, нашых актывістаў запросяць на дзяржаўную, муніцыпальную службу, уключаць у перадвыбарчыя сьпісы, то бок бяз працы не пакінуць, — згадвае ў сваім звароце Супрунюк. — У выніку ніводнага актывіста „Украинский выбор“ — „Выбор Крыма — Единая Русь“, беларускай арганізацыі не запрасілі на працу нікуды, не знайшлося месца ў перадвыбарчых сьпісах у мясцовыя выбары і ў грамадзкай палаце Рэспублікі Крым. Нашых прадстаўнікоў нават не пусьцілі на сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным, якая адбылася ў верасьні 2015 году».

Пры чым тут Беларусь?

Па словах Аліе, у Яўгена Супрунюка маці родам з Гомельскай вобласьці Беларусі. Сам жа ён пра беларускае паходжаньне ці прыхільнасьць да беларускай дыяспары ня згадвае. У ягоных біяграфіях у розных крыніцах паведамляецца пра тое, што ён нарадзіўся ў Краснадарскім краі Расеі ў 1955 годзе, пастаянна працаваў у Крыме да 1998 году, тады на сем год зьехаў у Расею, а затым вярнуўся ва Ўкраіну. Адна з такіх біяграфіяў апублікаваная на ягонай старонцы «Ўкантакце», закінутай у 2014 годзе. Старонкі на Facebook і Twitter выдаленыя.

Старшыня Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча «Пагоня» Валер Барташ сказаў Свабодзе, што з Супрунюком не знаёмы і ня ведаў, што той браў нейкі ўдзел у «беларускіх справах». Былы дэпутат беларускага Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Ўладзімер Кудзінаў, які 15 год жыве і працуе ў Крыме, таксама заявіў Свабодзе, што пра абедзьве арганізацыі Супрунюка ня чуў. Дапускае, што яны маглі існаваць, але былі нешматлікія. Па словах Кудзінава, ён ведае шмат беларусаў у Крыме, але тыя паадыходзілі ад палітыкі. Апошнім часам ён ня чуў, каб хто зь іх быў у якіх таварыствах ці грамадзкіх арганізацыях.

Арганізацыі беларусаў, якія ўзначальваў Супрунюк, згадваюцца ў расейскім Дзяржкамітэце па справах міжнацыянальных дачыненьняў Рэспублікі Крым і расейскай Фэдэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расеі. Але яны ня маюць прадстаўніцтваў у інтэрнэце, і пра іх дзейнасьць можна меркаваць хіба з украінскіх навінаў і фота на старонках самога Супрунюка ды ягоных паплечнікаў.

Прынамсі аднойчы «Сябры» адзначалі афіцыйны Дзень незалежнасьці Беларусі пад чырвона-зялёным сьцягам, прынамсі аднойчы Супрунюк атрымліваў грамату з рук беларускага амбасадара ва Ўкраіне. Але асноўная маса здымкаў з удзелам Супрунюка не зьвязаная зь беларускімі справамі — толькі з акцыямі супраць Кіева і ў падтрымку далучэньня Крыму да Расеі.

«За Мытны саюз, за прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнка, бацьку нашага»

У 2014 годзе карэспандэнтка Свабоды Аляксандра Дынько знайшла Яўгена Супрунюка, калі спрабавала высьветліць, як успрымаюць падзеі ў Крыме нашы суайчыньнікі. Выявілася: Яўген Супрунюк уклаў важкую цагліну ў легалізацыю крымскай аўтаноміі.

«Мы абсалютна заклікаем за мір, за саюз Беларусі з Расеяй і Казахстанам, за Мытны саюз, за прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку, бацьку нашага. І просім усіх беларусаў падлучацца, — казаў тады Супрунюк. — Я пісаў першую Канстытуцыю Крыму. Я былы старшыня Вярхоўнай Рады Крыму. У 1995–1996 гадах займаў гэты пост. Нават у Раду Бясьпекі ААН давялося езьдзіць, у Міжнародны суд, каб прынялі аўтаномную Канстытуцыю. Абараняў яе ў Вярхоўнай Радзе, і гэта ўсё адбывалася да прыняцьця Канстытуцыі Ўкраіны».

Па-беларуску Яўген не гаворыць. Але ў 2014 годзе сярод ягоных плянаў былі захады дзеля таго, каб беларуская мова выкладалася ў крымскіх школах:

«Наша арганізацыя выступае за саюз Беларусі з Расеяй і Казахстанам, а таксама за Мытны зьвяз. У нас для беларускага таварыства арганізоўваюцца і выставы, і канцэрты. Ёсьць пляны прапанаваць у школах выкладаньне беларускай мовы».

Хоць пазьней Супрунюк казаў пра падтрымку анэксіі Крыму Расеяй, на момант інтэрвію ён выказваўся супраць аддзяленьня Крыму ад Украіны:

«Тое, што адбылося (у канцы лютага 2014 году напярэдадні рэфэрэндуму. — РС), — гэта вынік неабдуманых заяваў крымскіх палітыкаў. Спачатку яны кажуць з трыбуны, што Крым павінен адысьці да Расеі, а пасьля кажуць, што яны такога не гаварылі. Гэта выклікала хвалю абурэньня з боку крымскіх татараў.

Гэта ня ўсе крымскія татары, каб вы разумелі. Працэнтаў 60–70 іх за тое, каб было сяброўства з Расеяй і Беларусьсю. А вось некаторыя крымскія сэпаратысты, на чале з Мэджлісам крымска-татарскага народу, які не падзяляе думкі большасьці татараў, — яны сабралі людзей. Думаю, што за грошы, — гэта маё меркаваньне. Яны выступілі супраць сэпаратысцкіх настрояў.

Уласна кажучы, мы таксама супраць сэпаратысцкіх настрояў і аддзяленьня Крыму. Межы Ўкраіны прынятыя міжнародным правам, у тым ліку і Расеяй. Але мы за сяброўства з Расеяй. І мы супраць такога захопу ўлады, як гэта зрабілі ў Кіеве. Мы лічым, што ўлада была захопленая ў парушэньне Канстытуцыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG