Намесьнік дырэктара шумілінскага прадпрыемства «Славянскі прадукт» Яўген Салдатаў пацьвердзіў Свабодзе, што гарэлку пад брэндам «Partisan» іх прадпрыемства выпускае ўжо каля 6 гадоў.
«Partisan» стала пастаўляецца ў Нямеччыну, але агульны памер паставак намесьнік дырэктара не паведаміў, спаслаўшыся на камэрцыйную тайну. Пра стаўленьне да рэклямы «Partisan-vodka», на якой цалуюцца два мужчыны, Яўген Салдатаў сказаў:
«Зразумейце, гэта ня наш брэнд, гэта брэнд нямецкай кампаніі, мы займаемся толькі вытворчасьцю гэтай гарэлкі. А яны займаюцца рэклямай, прасоўваньнем гэтага прадукту на рынак. Мы да такой рэклямы ставімся нэўтральна, а як яшчэ? Што вам сказаць? Пра сваё стаўленьне да гомасэксуалізму? Пра рэкляму? Рэкляма як рэкляма. Нам яны справаздачы не давалі, мы зрабілі ў адпаведнасьці зь іх замовай. Бутэлька, як і этыкетка — усё зроблена тут, у Беларусі», — паведаміў Яўген Салдатаў.
На сайце прадпрыемства «Славянскі прадукт» гарэлка «Partisan» рэклямуецца пад слоганам «Гарэлка з гісторыяй». На бутэльцы з сайту няма этыкеткі з выявай мужчын, якія замацоўваюць сваё сяброўства пацалункам, толькі назва «Partisan» пад чырвоным коркам.
Не пазначана і цана гэтай гарэлкі. Спадар Салдатаў таксама не назваў цаны, за якую «Partisan» прадаецца ў Нямеччыне, але адзначыў, што назіраецца «добры рост продажу».