Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 гадоў першай расейска-чачэнскай вайне, у якой Масква прайграла. Як гэта было?

30 гадоў таму ў Чачэніі пачалася першая вайна. Праект Радыё Свабода «Кавказ.Реалии» сабраў фотагалерэю тых гадоў.

11 сьнежня 1994 году калёны расейскай вайсковай тэхнікі ўвайшлі ў рэспубліку на загад прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына для «аднаўленьня канстытуцыйнага парадку».

Пачатку вайны папярэднічаў распад Чачэна-Інгускай АССР на два суб’екты: Чачэнскую і Інгускую рэспублікі. У Чачэніі аб’явілі аб сваёй незалежнасьці ад Расеі. Пасьля распаду Савецкага Саюзу ў сьнежні 1991 году абвастрыліся адносіны паміж Грозным і Крамлём, дзе былі катэгарычна супраць незалежнасьці рэспублікі.

26 лістапада 1994 году расейскія вайскоўцы пад выглядам апазыцыі дзейнаму тады прэзыдэнту Ічкерыі Джахару Дудаеву ўварваліся ў Грозны з намерам зьмясьціць палітыка з пасады. Пасьля паражэньня ў гэтай апэрацыі ў палон трапіў 21 танкіст. Іх вярнулі дадому 9 сьнежня 1994 году.

Раніцай 11 сьнежня 1994 году расейскія войскі рушылі ў кірунку Грознага з трох бакоў: з Уладзікаўказу праз Інгушэцію, з Маздоцкага раёну Паўночнай Асэтыі і з Дагестану. Гэтая дата лічыцца афіцыйным пачаткам вайны, якая доўжылася больш за паўтара года.

Па розных ацэнках, у выніку баёў і пастаянных абстрэлаў з боку расейскай арміі ў рэспубліцы загінулі ад 30 да 40 тысяч мірных жыхароў, але дакладная колькасьць ахвяр невядомая да гэтага часу.

У жніўні 1996 года паміж Расеяй і Чачэнскай Рэспублікай Ічкерыя былі заключаныя Хасавюртаўскія пагадненьні. Подпісы пад дамовай паставілі начальнік штабу ўзброеных сіл ЧРІ Аслан Масхадаў і сакратар Савету бяспекі РФ Аляксандар Лебедзь. З падпісаньнем гэтага дакумэнта першая чачэнская вайна афіцыйна завяршылася. У студзені 1997 году прайшлі выбары прэзыдэнта Ічкерыі, іх выйграў Аслан Масхадаў.

Праз тры з паловай гады дамоўленасьці былі парушаныя — у сьнежні 1999 году фэдэральныя войскі зноў увайшлі ў Чачэнію.


Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс. Націсьніце, калі ўпэўненыя, што хочаце яго пабачыць.
Параненыя чачэнскія дзеці крычаць аб дапамозе пасьля таго, як танкавы снарад упаў на будынак за 500 мэтраў на поўнач ад прэзыдэнцкага палаца ў Грозным, забіўшы шасьцярых дарослых і параніўшы яшчэ сама меней шасьцярых дзяцей, 10 студзеня 1995 
Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс. Націсьніце, калі ўпэўненыя, што хочаце яго пабачыць.
Чачэнская жанчына шукае сваяка сярод целаў загінулых у Грозным, 3 красавіка 1995
XS
SM
MD
LG