12 ліпеня ў Менскім гарадзкім судзе абвешчаны прысуд па гучнай справе прафэсараў БНТУ, якіх абвінавацілі ў злоўжываньнях падчас выкананьня дзяржпраграмы «Мэталюргія».
Паводле сьледзтва, прафэсары Аляксандар Чычко і Ўладзімер Собалеў, а таксама дацэнт Вольга Чычко падчас выкананьня навуковага заказу для Беларускага мэталюргічнага заводу выдалі былыя навуковыя працы за новыя і праз гэта незаконна завалодалі больш як 170 мільёнамі рублёў (у старым вылічэньні).
Працэс праходзіў са студзеня 2014 году, на ім было апытана каля 100 сьведак. Месяц таму судзьдзя Дзіна Кучук узяла перапынак для падрыхтоўкі прысуду і сёньня яго абвясьціла. Навукоўцаў яна прызнала цалкам вінаватымі ў службовых злоўжываньнях і асудзіла на тэрміны зьняволеньня ад 4 да 3 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці, але з адтэрміноўкай на 2 гады.
Прафэсар Аляксандар Чычко пасьля прысуду заявіў, што будзе яго абавязкова абскарджваць, і абвінаваціў суд і пракурора ў «карупцыйнай змове».
Паводле Аляксандра Чычко, у суду было дастаткова доказаў і сьведак, каб разабрацца ў справе і зьняць зь яго абвінавачаньні. А тое, што гэта не было зроблена, пацьвярджае ягоныя падазрэньні наконт «карумпаванасьці». Таксама Аляксандар Чычко згадаў, што шэраг кампэтэнтных спэцыялістаў суд у якасьці сьведак ня выклікаў, а некаторыя з тых сьведак, каго далучыла пракуратура, па ягоных словах, «давалі паказаньні пад капірку».
Прафэсар Уладзімер Собалеў таксама будзе абскарджваць прысуд. Паводле прафэсара, суд павінен быў прыслухацца да незалежных экспэртаў, якія высока ацэньвалі працы, зробленыя абвінавачанымі навукоўцамі, і не пацьвердзілі меркаваньне пра паўторнае выкарыстаньне адных і тых жа навуковых працаў.
Пракурор Вадзім Кісель прысудам задаволены. Паводле пракурора, справа прафэсараў БНТУ была надзвычай складаная, але «суд у ёй разабраўся і вынес законны прысуд». Тое, што ён прасіў суд прызначыць пакараньне з адтэрміноўкай, Вадзім Кісель патлумачыў «паважным узростам падсудных».
Пракурор сказаў, што на абвінавачаньні Аляксандра Чычко ў «карумпаванасьці» будзе дадзены «адпаведны адказ».
Аляксандар Чычко заявіў журналістам, што будзе змагацца за свой гонар да канца, у тым ліку «дойдзе да Аляксандра Лукашэнкі».
«Мы цярпелі, спадзяваліся на суд, але цяпер бачым, што няма ў нас ані справядлівага суду, ані пракуратуры», — сказаў абвінавачаны ў злоўжываньнях прафэсар.
Суд пастанавіў таксама канфіскаваць маёмасьць Аляксандра Чычко і ягонай жонкі Вольгі Чычко, якая атрымала 3 гады з адтэрміноўкай. Пад канфіскацыю, сярод іншага, падпалі 5 іхніх аўтамабіляў і загарадны дом.
Калі гэтая справа пачыналася больш за год таму, у ёй фігураваў таксама прафсар БНТУ Давыд Кукуй, які падчас сьледзтва загінуў у аўтакатастрофе. Некаторыя з абвінавачаных на стадыі сьледзтва кампэнсавалі дзяржаве страты, якія яны нібыта нанесьлі. Назіральнікі адзначаюць, што пасьля гэтага фінансавыя прэтэнзіі да прафэсараў толькі ўзмацніліся.
Падчас сьледзтва прафэсар Уладзімер Собалеў пацярпеў на пажары ў сваёй кватэры, цяпер ён інвалід 2 групы.