18 кастрычніка быў абвешчаны вырак Максіму Суботкіну, былому генэральнаму дырэктару хакейнага клюбу «Дынама-Менск».
Яго прызналі вінаватым у крадзяжы маёмасьці клюбу праз службовыя злоўжываньні і перавышэньне ўлады.
Усяго Суботкін абвінавачваўся паводле 3 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, пад вартай ён знаходзіцца зь ліпеня 2015 году. Сваю віну ён прызнаў часткова і папрасіў суд не караць яго зьняволеньнем. Яшчэ да суду Максім Суботкін кампэнсаваў 2,9 мільярда рублёў нанесеных стратаў, але ня быў вызвалены ад крымінальнай адказнасьці, як сталася з другім вядомым мэнэджарам «Дынама» Ўладзімерам Беражковым, які таксама кампэнсаваў страты.
На пытаньне, ці будзе абскарджваць прысуд, Суботкін усьміхнуўся і сказаў, што яшчэ не вырашыў.
Алена, жонка Суботкіна пакамэнтавала вырак:
«Прысуд абсурдны, няма чаго нават камэнтаваць. Я была ў судзе, доказаў нуль, віна не даказаная. Гэтак любога можна выхапіць з натоўпу і прызначыць вінаватым. А хакей як быў, гэтак і застаўся ў загоне».
Паводле меркаваньня Алены,яе муж абавязкова будзе абскарджаць прысуд.
«Я жыву з трыма малымі дзецьмі на дапамогу, у мяне проста скралі мужа», — кажа Алена.
Паводле яе словаў, мяркуючы па выказваньнях сьведак на судзе, Суботкіну «варта было даваць ордэн» за разьвіцьцё хакею, а яго адпраўляюць за краты.