Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адкуль на адзежы Пцічкіна ягоная кроў?» — сёньня агучаць вырак у працэсе над фэльчарам «Валадаркі»


Ігар Пцічкін
Ігар Пцічкін

21 кастрычніка ў Маскоўскім раённым судзе Менску будзе агучаны прысуд у справе памерлага на «Валадарцы» менчука Ігара Пцічкіна. Алег Грузьдзіловіч.

Фэльчар СІЗА № 1 Аляксандар Крылоў, якога абвінавачваюць ў неналежным выкананьні службовых абавязкаў, што прычынілася да сьмерці Ігара Пцічкіна, сваёй віны ў судзе не прызнаў. У тым ліку Аляксандар Крылоў ня згодны, што Пцічкін памёр празь ягоны дазвол прывязаць вязьня да ложка больш як на 18 гадзін.

Пра 18 гадзінаў «фіксацыі» гаворыць сьледзтва, між тым маці Ігара Пцічкіна Жана думае, што ейны сын прабыў прывязаным да ложка рамянямі больш за 20 гадзін, і пры гэтым яму не давалі піць і хадзіць ў прыбіральню, хоць тэмпература ў камэры была каля 32 градусаў цяпла. Таксама Жанна Пцічкіна не выключае, што яе сына ў прывязаным стане зьбівалі і катавалі «ластаўкай». Маці спасылаецца на сьляды на руках сына і кровападцёкі на твары і грудзях сына.

Аляксандар Крылоў
Аляксандар Крылоў

Ігар Пцічкін памёр на «Валадарцы» ў пачатку жніўня 2013 году ўсяго пасьля некалькіх дзён арышту, які атрымаў за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане. Паводле фэльчара Аляксандра Крылова, у арыштанта Пцічкіна пачаўся пасьлянаркатычны сындром, паводзіны сталі неадэкватнымі, і нібыта ў мэтах бясьпекі самога вязьня ды ягоных сукамэрнікаў ён распарадзіўся прывязаць Пцічкіна да ложка адмысловымі рамянямі.

Паводле большасьці экспэртаў, якіх дыпытаў суд, Ігар Пцічкін памёр ад сардэчнай недастатковасьці, якая стала вынікам шэрагу прычын, у тым ліку наркатычнай і алькагольнай залежнасьці. Аднак сама меней два экспэрты гэта аспрэчвалі і спасылаліся на разрывы сардэчнай тканкі ды згусткі крыві ў бронхах, якія можна атрымаць толькі ад «тупога ўдару ў сардэчную вобласьць». Між тым сьледзтва вэрсію пра зьбіцьцё Ігара Пцічкіна на «Валадарцы» не пацьвердзіла. Засталіся без адказаў пытаньні пра тое, адкуль на абутку і адзеньні Ігара Пцічкіна ўзяліся сьляды крыві. Сваякі Ігара неаднаразова заяўлялі, што будуць дамагацца высьвятленьня ўсіх абставінаў ягонай сьмерці і прыцягненьня да суду вінаватых.

Прадстаўнік абвінавачаньня Вадзім Кісель запрасіў для Аляксандра Крылова 3 гады калёніі-пасяленьня і забароны для яго цягам 5 гадоў працаваць у мэдыцынскіх установах.

Абарона Крылова прасіла абвінавачванага апраўдаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG