«Гэты горад не для жыхароў, а для бізнэсу»
«Гэты горад не для жыхароў, а для бізнэсу»
Каб забудоўваць праспэкт Незалежнасьці, улады не намінуюць яго ў сьпіс UNESCO



Ужо ў 2019 годзе праспэкт Незалежнасьці мог бы трапіць у Сьпіс сусьветнай спадчыны UNESCO. Бо ў Менску захавалася найбольш цэласная ў сьвеце пасьляваенная нэаклясычная забудова савецкай традыцыі. Але менскія ўлады ня хочуць міжнароднага прызнаньня праспэкту, бо гэта перашкодзіць яго далейшай забудове. Так лічаць экспэрты Нацыянальнага камітэту UNESCO, якія трэці год чакаюць на адпаведную заяўку Менгарвыканкаму.
«Я бачу, як дзед гумкай сьціраў дэкор з будынкаў»
Так мусіў выглядаць Гістарычны музэй БССР (ён потым стаў музэем Вялікай Айчыннай вайны) на Цэнтральнай (Кастрычніцкай) плошчы
Верасень 1958 году. Архітэктар Георгі Заборскі заканчвае праект гістарычнага музэю ў Менску. Будынак на Цэнтральнай плошчы мусіць быць у стылі італьянскага клясыцызму, як і рэшта Сталінскага праспэкту. Калёны, портыкі, барэльеф на ўвесь фасад — усё ў ім мусіць падкрэсьліваць трыюмф савецкага народу-пераможцы.
У такім стылі працуюць менскія архітэктары ўжо дзясяты год. У 1949-м паводле праекту Ўладзімера Караля за плошчай Леніна пачалі будаваць Галоўны паштамт. Квартал за кварталам Менск пераўтвараўся ў нэаклясычны горад. Сам Заборскі спраектаваў пяць дамоў з тэракотавай цэглы і вялікімі аркадамі на вуліцы Леніна. Падобнага ў горадзе не будавалі некалькі сотняў гадоў.

Пасьля пастановы «Аб ліквідацыі архітэктурных празьмернасьцяў у праектаваньні і будаўніцтве» музэй Заборскага атрымаўся зусім іншым

Лангбард, Кароль, Заборскі, Асмалоўскі, Парусьнікаў, Баршч — усе гэтыя людзі стваралі новы Менск. На іхным шляху не было перашкодаў. Трэба паставіць помнік Сталіну — для яго зносяць цэлы квартал гістарычнай забудовы, падрываюць Дамініканскі касьцёл XVIII стагодзьдзя, каб нічога не засланяла правадыра.
Аднак эра нэаклясыцызму ў СССР не пратрывала і дзесяці гадоў. Мікіта Хрушчоў ставіў крыж на ўсім, што асацыявалася са Сталінам. У тым ліку на архітэктуры. 4 лістапада 1955 году ён падпісвае пастанову «Аб ліквідацыі архітэктурных празьмернасьцяў у праектаваньні і будаўніцтве». Да Менску водгукі пастановы даходзяць крыху пазьней. Яшчэ некалькі гадоў тут праектуюць паводле папярэдніх плянаў.
«Гледзячы на чарцяжы майго дзеда ў архівах, я бачу, як ён дэталь за дэтальлю сьціраў гумкай дэкор. І ад пачатнага праекту засталіся толькі прапорцыі фасаду», — расказвае Свабодзе Георгі Заборскі, архітэктар, унук таго самага Заборскага, што ствараў аблічча пасьляваеннага Менску.
Архітэктар Георгі Заборскі — унук архітэктара Георгія Заборскага
Пройдзе паўстагодзьдзя, і архітэктараў, што будавалі нэаклясычны Менск, пачнуць абвінавачваць у руйнаваньні гістарычнага гораду. Але ўжо на пачатку XXI стагодзьдя праспэкт уключаць у папярэдні сьпіс Сусьветнай спадчыны UNESCO. Аказваецца, сярод усіх гарадоў на тэрыторыі савецкага блёку менавіта ў Менску найлепш захавалася пасьляваенная забудова нэаклясычнага стылю. Цяпер гараджане ўжо дамагаюцца, каб праспэкт захавалі ў арыгінальным выглядзе, каб тут не зьяўлялася спарудаў у стылі гатэлю каля цырку, а зараз — і магчымага гандлёвага цэнтру на Кастрычніцкай плошчы.

Пасьляваенныя архітэктары працавалі як італьянскія адраджэнцы
Георгі ідзе на працу вуліцай Леніна, многія дамы на якой праектаваў ягоны дзед
Георгі Заборскі-малодшы займаецца сёньня тым самым, што і ягоны дзед 60 гадоў таму, — адаптуе Менск пад новыя патрэбы. Ягоны офіс на вуліцы Кастрычніцкай. Яна ператварылася ў гарадзкую майстэрню, дзе маладыя архітэктары прыстасоўваюць старыя заводы пад сучасныя кавярні, арт-галерэі, офісы ІТ-кампаніяў і крэатыўныя клястэры. Георгі — лідэр праекту «Ок16», паводле якога ідзе рэканструкцыя часткі станкабудаўнічага заводу «МЗОР».
Калі Георгі мае час, ён ідзе на працу вуліцай Леніна, якую праектаваў ягоны дзед. Усе дамы тут маюць адсылкі да італьянскага Рэнэсансу. У часы позьняга Сярэднявечча архітэктары-адраджэнцы будуюць вялікія аркады, што выходзяць на вуліцу. Раней гэта быў прывілей царквы. Такія аркады звычайна зьяўляліся ўздоўж унутраных дворыкаў у кляштарах.

«У Савецкім Саюзе 1950-х гэта быў крок да сацыяльнага пасылу архітэктуры, — распавядае Георгі. — Гэта была дэманстрацыя даступнасьці. Вось рэстарацыя, а вось ГУМ. Вы можаце зазірнуць, можаце зайсьці туды. Усё адкрыта для людзей. Той рэнэсансавы пасыл і сацыялістычны — блізкія».
Архітэктар называе гэты кавалак менскай забудовы беларускай Тасканай. Такой архітэктурай і колерам можна даць рады пахмурнаму менскаму надвор’ю. У шэрым горадзе трэба будаваць альбо цёмныя будынкі, каб яны вылучаліся на фоне сьветлага неба, асеньняй лістоты, сьнегу, альбо напаўняць яго цёплымі колерамі, тлумачыць Георгі асаблівасьці вуліцы Леніна.
«Гэты колер — добры спосаб зрабіць утульным горад у ня вельмі добрым клімаце, — кажа ён. — Тэракота — гэта мокрая гліна, гэта гляк на стале ў вёсцы. Тое, што хочацца і прыемна ўзяць у рукі».
Але ўжо на скрыжаваньні з праспэктам цёплыя колеры зьнікаюць. Тут шэрыя будынкі ў стылі рымскага Барока. Менавіта такой мусіць быць цэнтральнай вуліца сталіцы імпэрыі.
«У архітэктуры і клясыцы, у колькасьці дэталяў на гэтых будынках мы бачым барочны Рым — адсылку больш спакойную і халодную, якая адпавядае імпэрыі, — кажа Георгі. — Гэта хутчэй дзяржаўнае сьвята. Тут добра хадзіць маршам».
«Савецкія архітэктары спрабавалі стварыць утопію на праспэкце»
Унутраныя фасады дамоў на праспэкце ніяк не ўпрыгожаныя — тут пакідалі сылікатную цэглу
Увесь італьянскі Рэнэсанс заканчваецца, як толькі заходзіш у арку дому. На ўнутраных фасадах няма ні калёнаў, ні аркадаў, ні абніцавальнага каменю і густоўнай фарбы. І цяпер тут бачым звычайную сылікатную цэглу.
«Я адчуваю імкненьне архітэктараў стварыць савецкую ўтопію, — Георгі збочвае ў арку дому на скрыжаваньні праспэкту і вуліцы Леніна. — Культура была зарыентаваная на тое, каб звонку пераканаць народ, што ў нас усё добра».
Раскошныя фасады і бедныя ўнутраныя двары, шырокія вуліцы, панарамныя віды, якія адкрываюцца з праспэкту — пра ўсё гэта парупіліся архітэктары ў пасьляваенны час. Потым стала зразумела, што больш цэласнай забудовы такога кшталту нідзе ў сьвеце не было створана.

«Пры пасьляваеннай забудове Менску быў створаны адзін з самых цэласных ансамбляў, які найбольш выразна выказваў архітэктурную думку свайго часу», — тлумачыць Георгі Заборскі.
Такое разуменьне было і ў гарадзкіх уладаў. У 2002 годзе праспэкт Незалежнасьці атрымаў 2-ю катэгорыю ў Дзяржаўным сьпісе гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь (pdf). Ён належыць да аб’ектаў гістарычна-культурнай спадчыны, якiя маюць нацыянальную значнасьць. Такая катэгорыя аховы забараняе і ўладам, і жыхарам дамоў зьмяняць вонкавы выгляд будынкаў.
У 2004 годзе справа пайшла далей. Праспэкт Незалежнасьці ўключылі у папярэднюю нацыянальную прапанову да ўключэньня ў Сьпіс сусьветнай спадчыны UNESCO. Ішлося пра 3-кілямэтровы адрэзак ад скрыжаваньня з вуліцай Бабруйскай да вуліцы Казлова.
Але далей за экспэртныя паседжаньні нічога ня пайшло. У гэты ж час пачалася забудова праспэкту. У 2011 годзе ўлады зьнесьлі першую менскую электрастанцыю каля парку Горкага. На яе месцы ў 2014 годзе пабудавалі шматпавярховы гатэль. Новы гмах крытычна быў успрыняты грамадзкасьцю, бо цалкам зьмяніў выгляд плошчы Перамогі.

Менскія ўлады самі выключылі праспэкт з папярэдняй намінацыі ў сьпіс UNESCO
Прапановы на ўключэньне ў Сьпіс сусьветнай спадчыны пачынаюцца з плошчы Незалежнасьці. Дом Ураду ў стылі канструктывізму быў пабудаваны тут у 1930-я гады
Настае 2015 год, калі ў Беларусі пераглядзелі нацыянальны сьпіс аб’ектаў для ўключэньня ў Сьпіс сусьветнай спадчыны (гэта патрабаваньне UNESCO — пераглядаць яго прынамсі раз на 10 год. — РС). Зь беларускага папярэдняга сьпісу выключылі праспэкт Незалежнасьці. Невядома зь якой прычыны Менскі гарадзкі выканкам вырашыў не падаваць забудову галоўнай вуліцы на прэстыжную міжнародную намінацыю.
У гэты ж час Нацыянальная камісія Рэспублікі Беларусі ў справах UNESCO падтрымала ініцыятыву беларускіх і замежных экспэртаў вылучыць праспэкт Незалежнасьці на сэрыйную транснацыянальную намінацыю «Паваенная сацыялістычная архітэктура краін Усходняй і Цэнтральнай Эўропы». Да намінацыі таксама могуць быць далучаныя Карл-Маркс-алея ў Бэрліне, вуліца Маршалкоўская ў Варшаве, кіеўскі Храшчацік, маскоўская вуліца Цьвярская.
Шанцаў на ўключэньне ў сьпіс UNESCO праз транснацыянальную катэгорыю нашмат больш, чым калі намінаваць праспэкт асобна, тлумачыць Свабодзе Ала Сташкевіч, дырэктарка фонду «Культурная спадчына і сучаснасьць» і сябра Нацыянальнай камісіі UNESCO. Больш за тое, менавіта Менск мусіць выступіць як ініцыятар намінаваньня ў такой катэгорыі.
«Гэта найбольш поўны ансамбль, — кажа Сташкевіч. — І Менск мае быць лякаматывам у рыхтаваньні і прасоўваньні намінацыі».
Галоўпаштамт — адзін зь першых нэаклясычных будынкаў праспэкту Незалежнасьці
За больш як два гады вылучэньне Менску і іншых гарадоў на транснацыянальную намінацыю амаль не прасунулася. Замежныя экспэрты чакаюць на ініцыятыву Менску, а беларускія ўлады перакладаюць адказнасьць адно на аднаго.

МЗС чакае рашэньня Міністэрства культуры, Мінкульт чакае Менгарвыканкаму, Менгарвыканкам — Мінкульту
У Міністэрстве замежных справаў Свабодзе патлумачылі, што чакаюць рашэньня ад Міністэрства культуры — галоўнага органу дзяржаўнага кіраваньня, які займаецца вылучэньнем. Паводле Алы Сташкевіч, рэкамэндацыйныя лісты ў Мінкульт і Менгарвыканкам накіроўвалі ўжо некалькі разоў, але станоўчага адказу ад міністэрства і выканкаму пакуль не атрымалі.
«Мы чакаем справаздачы Міністэрства культуры ў гэтым пытаньні», — сказала Свабодзе Ларыса Бельская, кіраўніца галоўнага ўпраўленьня шматбаковай дыпляматыі МЗС.
У Міністэрстве культуры ўсе пытаньні наконт вылучэньня праспэкту перанакіроўваюць у Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт. Як патлумачыла Свабодзе Натальля Хвір, намесьніца начальніка ўпраўленьня аховы гістарычна-культуранай спадчыны Міністэрства культуры, вылучаць праспэкт на намінацыю ў Сьпіс UNESCO мусіць уласьнік аб’екту — Менгарвыканкам.
«Мы ў гэтым зацікаўленыя, але павінна быць ініцыятыва гораду ў першую чаргу, — сказала Натальля Хвір. — Мы падтрымаем такую ініцыятыву. Але калі ня будзе зацікаўленасьці Менскага гарвыканкаму, мы ня зможам гэта ўсё рыхтаваць. Калі яны не зацікаўленыя, чаму мы павінны іх прымушаць?»
Калі ўсё залежыць ад Менгарвыканкаму, то Свабода патэлефанавала і туды. Аднак Натальля Смольская, загадчыца аддзелу культуры, параіла зьвяртацца назад у Мінкульт. Ад гэтага міністэрства гарадзкія ўлады чакаюць на тлумачэньні, бо папярэднія, паводле чыноўніцы, былі «туманнымі».
— Усё ў падрыхтоўцы і трошкі ў непаразуменьні, — сказала Смольская. — Калі б нам міністэрства патлумачыла, што дакладна трэба зрабіць, якія абмежаваньні могуць быць. А так — прабачце.
— Тады я патэлефаную ў міністэрства.
— Я нават ведаю, што там скажуць. Яны скажуць, што Менгарвыканкам нам нічога не падаваў. Мы яшчэ адзін ліст накіруем і падрыхтуем. Але мы ўжо накіроўвалі.
— А чаму яны так скажуць?
— Складана ўсё гэта. Там былі яшчэ міжнародныя пытаньні. Трэба вельмі асьцярожна падаваць. Вельмі прадумана.


З UNESCO марудзяць праз камэрцыйныя інтарэсы
Калі ўлады марудзяць з праспэктам, можа міжнародны статус ня так і патрэбны Менску? Ала Сташкевіч мяркуе, што ўлады адмыслова не сьпяшаюцца вылучаць яго на намінацыю Сусьветнага сьпісу UNESCO, каб не прыцягваць увагі да забудовы праспэкту.
«Можа быць, горад таму і блякуе гэтую ініцыятыву экспэртаў, МЗС і Нацыянальнай камісіі UNESCO , бо прасоўваюцца пэўныя камэрцыйныя праекты. А можа, проста не разумеюць, наколькі гэта магло б пасадзейнічаць разьвіцьцю гораду, раскрыцьцю яго культурнага і турыстычнага патэнцыялу. Інакш я гэта не растлумачу», — кажа Сташкевіч.
На яе думку, статус UNESCO мог бы захаваць ад забудовы ня толькі сам праспэкт, але й суседнія раёны, якія могуць увайсьці ў буфэрную зону, — Верхні горад і Асмалоўку.
У той жа час ані Дзяржаўны сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў, ані статус UNESCO ня здольныя выратаваць праспэкт ад забудоўнікаў. У гэтым упэўнены Дзяніс Кобрусеў, кіраўнік ініцыятывы «Генплян для мінчан». Ён удзельнічаў у кампаніях абароны Асмалоўкі, выступаў супраць іншых спрэчных намераў гарадзкіх уладаў і ведае, як выконваюцца законы ў такіх сытуацыях.
Кобрусеў нагадаў Свабодзе, што будаўніцтва на Кастрычніцкай плошчы ідзе згодна з указам прэзыдэнта. Гэта значыць, што ніхто ня можа адмяніць указ, акрамя самога Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта зь ягонага асабістага дазволу на праспэкце зьявіўся шматпавярховы гатэль «не-Кемпінскі». Пасьля ўказу Лукашэнкі здалі ў эксплюатацыю будынак у Верхнім горадзе. Ён аказаўся на некалькі паверхаў вышэйшы за праектную норму і стаў дысанаваць з гістарычнай забудовай.
Месца, дзе раней быў музэй Вялікай Айчыннай вайны, пакуль не занятае
«Максымум, што можа зрабіць UNESCO, — не ўключаць праспэкт у Сьпіс сусьветнай спадчыны. Аднак апэляцыя да міжнароднага заканадаўства не спрацуе, я думаю. Тут можа дапамагчы толькі рэзананс у грамадзтве», — сказаў Дзяніс Кобрусеў.


«Хай бы інвэстар увайшоў у гісторыю тым, што не разбурыў праспэкт»
Георгі Заборскі і ўсё пакаленьне пасьляваенных архітэктараў стваралі праспэкт як лінію грамадзкага транспарту, пешаходаў, месца крамаў і грамадзкіх установаў, якія прэзэнтуюць аблічча Менску.
«У пэўны момант гарадзкія ўлады й інвэстары памылкова пабачылі праспэкт як ідэальную тэрыторыю для архітэктурных інтэрвэнцыяў, — кажа Георгі Заборскі-малодшы. — Сюды настойліва ўстаўляюць новыя пабудовы, якія павялічваюць транспартную плынь. Але горад існуе не для бізнэсу, не для гісторыі, а найперш для жыхароў».
У той жа час у пешай адлегласьці вакол праспэкту дастаткова тэрыторыяў, дзе могуць працаваць забудоўнікі, кажа Георгі Заборскі. Напрыклад, на вуліцы Чырвонаармейскай ужо каторы год стаяць закінутыя цэхі былога заводу Кірава. Да таго ж ёсьць вялікія прырэйкавыя тэрыторыі Беларускай чыгункі, якія таксама можна асвойваць. Сучасныя тэхналёгіі дазваляюць рабіць такое шкленьне, якое не прапускае шуму блізкай чыгункі.
«У гэтым сэнсе маем гіганцкія рэсурсы для забудовы, — кажа архітэктар. — А мы проста праз жаданьне інвэстара пакінуць сьлед у гісторыі аддаем пад забудову гістарычныя пляцы».
Будаваць нешта новае на праспэкце, лічыць Заборскі, — кепскі варыянт. Але калі гэтага нельга ўнікнуць, то новыя будынкі, па-першае, ня мусяць руйнаваць гістарычных панарамаў, а па-другое, іх варта будаваць у сучасным стылі і з сучасных матэрыялаў.
«Усе гэтыя псэўдагістарычныя фасады, якія малююць сёньня, яны непісьменныя», — кажа Заборскі.
Архітэктар распавядае, што сёньня ў сьвеце пануе канцэпцыя архітэктуры, якая стварае гарадзкі інтэр’ер. Цяпер шануецца ня гэтулькі ўменьне зьдзівіць горад мадэрновым будынкам, колькі здольнасьць ствараць новую прастору, не зьмяняючы традыцыйных фасадаў. Напрыклад, павялічыць гандлёвыя плошчы ў цэнтры можна было б коштам унутраных двароў ГУМу ці Маскоўска-Венскага гандлёвага цэнтру, якія неэфэктыўна выкарыстоўваюцца пад таварнае забесьпячэньне крамаў.
«Фасад — гэта старамоднае імкненьне на роўных устаць з дойлідамі мінулага, — кажа Георгі. — Сёньня мы можам стаць на роўных, сказаўшы: „Я ня зьнішчыў гістарычны фасад і таму я круты“. Прысвой сабе фасад тым, што ты яго выратаваў, а ня тым, што зьнёс. Чаму ўвесь сьвет так умее, а мы — не?»
Над праектам працавалі:
Антон Трафімовіч, Андрэй Шаўлюга, Уладзь Грыдзін, Зьміцер Васількоў
Далучайцеся да Свабоды