Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўнікаў абавяжуць працаваць больш за тыя ж мізэрныя грошы


Міністар адукацыі Ігар Карпенка падпісаў загад аб новых формах работы ў шосты школьны дзень. Цяпер ня толькі клясныя кіраўнікі, але і ўсе настаўнікі-прадметнікі павінны актыўна працаваць па суботах.

Кансультацыі з бацькамі, правядзеньне факультатыўных заняткаў, наведваньне прафэсійна-тэхнічных устаноў ды іншыя формы працы прапануе новы міністар адукацыі. Прычым новы дакумэнт не вызначае пераліку канкрэтных мерапрыемстваў або работ, неабходных для правядзеньня ў шосты школьны дзень, гэта будзе знаходзіцца ў кампэтэнцыі ўстаноў адукацыі. Праграму шостага школьнага дня павінен распрацаваць пэдагагічны калектыў школы.

Новы загад міністра адукацыі ня выклікаў энтузіязму ні ў настаўнікаў, ні ў вучняў, ні ў іхных бацькоў.

Настаўнік ангельскай мовы адной са сталічных гімназіяў Юры Мікалаевіч кажа:

«Паводле дамовы, субота і раней у настаўнікаў лічылася працоўным днём. Клясныя кіраўнікі звычайна працуюць — кожную суботу праводзяцца пазашкольныя мерапрыемствы, паходы ў музэі, тэатры, экскурсіі, спартовыя спаборніцтвы. Многія настаўнікі-прадметнікі праводзяць у суботу факультатывы. Да таго ж наша дырэктарка школы вельмі любіць на суботу прызначаць нарады.

Асаблівую незадаволенасьць выказваюць настаўнікі, у якіх ёсьць свае дзеці, асабліва дашкольнага ўзросту. Настаўнікі і так, каб выжыць, па вечарах і суботах вымушаны працаваць рэпэтытарамі, выкладаць на курсах падрыхтоўкі да ЦТ. У мяне, напрыклад, поўная загрузка — 34 гадзіны на тыдзень (калега пайшла нядаўна ў дэкрэт, далі частку яе нагрузкі), кожны дзень па 7 урокаў плюс яшчэ 4 факультатывы, у тым ліку і ў суботу. Дый зразумела, што заробкаў нам ніхто не падыме за гэта — абавяжуць працаваць больш за тыя ж мізэрныя грошы».

Выкладчык матэматыкі гімназіі Дзьмітры Сяргеевіч кажа, што літаральна ўсе ягоныя калегі-пэдагогі ўспрынялі загад міністра нэгатыўна. У пятніцу з раніцы дакумэнт эмацыйна абмяркоўвалі ў настаўніцкім пакоі.

У мяне такое адчуваньне, што новы міністар даўно ня быў у школ

«Суботамі не працуюць толькі лічаныя настаўнікі-прадметнікі. У асноўным усе факультатывы вынесены, дадатковыя заняткі, платныя паслугі вынесеныя на суботу, таму што ўвесь тыдзень заняты. У мяне такое адчуваньне, што новы міністар даўно ня быў у школе. Прыйшоў бы як-небудзь ўвечары і паглядзеў, да якога часу праводзяцца бацькоўскія сходы, факультатывы.

Дый школьнікі і так вельмі загружаныя. Трэба не ўзаконьваць шосты працоўны дзень, а мяняць усю структуру выкладаньня, мяняць падручнікі — інфарматыка наагул ужо састарэла. Аргумэнт міністра, што калі дзіця ня можа само рашыць задачку, няхай прыходзіць у суботу з бацькамі на кансультацыю ў школу, наагул не вытрымлівае ніякай крытыкі. Ня хочуць мяняць структуру, падыходы, ня хочуць удасканальваць сыстэму, павышаць прэстыж прафэсіі настаўніка, а вырашылі яшчэ больш заняць настаўнікаў, каб яны яшчэ менш часу праводзілі са сваімі семʼямі».

Шматдзетная маці Ірына кажа, што яе больш за ўсё зьдзіўляе непасьлядоўнасьць і кіданьні з боку ў бок самой сыстэмы адукацыі:

Ды дайце дзіцяці хоць раз на тыдзень элемэнтарна выспацца!

«Была адзінаццацігодка — зрабілі дванаццацігодку, не далі дзецям давучыцца, зноў вярнуліся да 11 гадоў навучаньня. Некалькі гадоў таму зрабілі ў школах пяцідзёнку — маўляў, дзеці моцна загружаныя былі. Але ж суботы па-ранейшаму былі занятыя нейкімі пазакляснымі мерапрыемствамі, спартовымі спаборніцтвамі, музэямі-хакеямі. Бацькі ж амаль ня бачаць дзяцей — дзеці вечарамі і выходнымі занятыя факультатывамі, рэпэтытарамі, курсамі, сэкцыямі. Цяпер, па сутнасьці, зноў ужо афіцыйна ўзаконілі шасьцідзёнку. Ды дайце дзіцяці хоць раз на тыдзень элемэнтарна выспацца! Мне цікава, а зь лекарамі, псыхолягамі хтосьці раіўся?»

Дзесяціклясьнік Арцём, што вучыцца ў гімназіі зь фізыка-матэматычным ухілам, таксама не ўзрадаваўся прапанове міністра адукацыі. Нагрузка ў гімназіі вельмі сурʼёзная. Да таго ж хлопец займаецца ў спартовай сэкцыі, ходзіць да рэпэтытара і на курсы праграмістаў. Праз занятасьць давялося кінуць заняткі музыкай — не хапае часу:

«Мне зь цяжкасьцю ўдалося „падладзіцца“ да раскладу курсаў і спартовай сэкцыі, сэкцыя і рэпэтытар — па суботах. А тут абавяжуць абавязкова прыходзіць у суботу ў гімназію. Навошта?»

Міністар адукацыі Ігар Карпенка паведаміў, што ўжо з наступнага тыдня пачнецца маніторынг арганізацыі работы ў шосты школьны дзень у адпаведнасьці з новаўвядзеньнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG