Унукі Зарэцкага

«Я ўспамінаў, як некалькі дзён таму назад на колфондзе сьпявалі дзяўчаты, зь якой тупой стараннасьцю выводзілі яны „Накину плащ“, „Ах, зачем эта ночь“ і іншую дрэнь.

Мне стала сумна-сумна. Я падумаў: дакуль мы будзем жыць гэтым пазадзьдзем чужой культуры, якое з тупым салдацкім самадавольствам „преподносили“ нам нашы суседзі і якое мы прымалі, як чыстае збожжа? Дакуль мы будзем зьбіраць з чужога стала ўбогія чужыя аб’едкі, аддаючы сваё дабро на агульную пагарду і зругу?»

Гэта ня допіс з сучаснага фэйсбуку. Так у 1929 годзе ў нарысе «Падарожжа на новую зямлю» апісваў свае думкі 28-гадовы Міхась Зарэцкі. За «апатэоз нацыяналізму», «антысавецкасьць», «антыпартыйнасьць» Зарэцкага арыштавалі і 28 кастрычніка 1937 году асудзілі як «актыўнага члена нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі». Ён быў расстраляны ў «чорную ноч» 29 кастрычніка 1937 году разам зь дзясяткамі іншых дзеячаў беларускай культуры.

Найверагодней — у Курапатах, непадалёк ад менскай вёскі Цна, дзе цяпер маюць дом ягоныя ўнукі — спадар Міхаіл і спадарыня Ларыса.

«Усё жыцьцё мая маці яго памятала. Казала, нават пах ягоны помню, — распавядае спадарыня Ларыса пра сваю маці Радаславу, дачку Зарэцкага. — Адной ёй было дазволена заходзіць да яго ў кабінэт, калі ён пісаў свае рукапісы. У сем год яна страціла бацьку і трапіла ў дзетдом».

У Міхася Зарэцкага (сапраўднае прозьвішча — Касянкоў) было двое дзяцей — малодшая дачка Радаслава і старэйшы сын Вячаслаў.

Ларыса — дачка Радаславы. Яна згадвае, што хросным бацькам маці быў Якуб Колас. Ён жа і прыдумаў для яе такое імя.

Міхаіл — сын Вячаслава. Зваць яго дакладна як дзеда — Міхаіл Касянкоў.

Ну, пісьменьнік і пісьменьнік

«Ведаю, што ён першы беларускі празаік», — кажа Ларыса. Мы размаўляем у двары дома, у які пасьля другога тэрміну зьняволеньня вярнулася жонка Зарэцкага — Марыя. Чаму яны выбрала менавіта Цну, каля якой, магчыма, расстраляны і пахаваны яе муж, унукі ня ведаюць.

Гадоў у 16 прачытала ягоныя творы. Я ў 1954-м нарадзілася, тады яго рэабілітавалі, бабулю выпусьцілі з турмы, і яна прыехала да нас у Баку, дзе мы тады жылі», — працягвае жанчына.

«Вязьмо», «Сьцежкі-дарожкі», «Пела вясна» — Ларыса і Міхаіл пералічаюць прачытаныя творы дзеда. Але падрабязна ўспомніць ужо ня могуць — даўно было. Дый пра самога дзеда ведаюць няшмат.

Міхась Касянкоў нарадзіўся ў 1901 годзе ў сям’і дзяка. Псэўданім узяў сабе ад назвы вёскі Зарэчча пад Шкловам, дзе прайшло ягонае дзяцінства. Да рэвалюцыйнага 1917 году Зарэцкі ўжо два гады пасьпеў адвучыцца ў сэмінарыі, якую рашуча пакінуў, калі шчыра і аддана захапіўся ідэямі бальшавікоў. Ён настаўнічаў, а пазьней шмат гадоў служыў палітработнікам у Чырвонай арміі. Публікавацца пачаў з 1922 году.

«Ён быў зь ліку тых, хто, здаецца, шчыра паверыў у абяцанае бальшавікамі пераўтварэньне сьвету на справядлівых пачатках. Сябар літаратурна-мастацкага аб’яднаньня „Маладняк“, а потым — „Полымя“, Зарэцкі зрабіўся адным з найбольш яркіх прадстаўнікоў рамантычнага напрамку ў беларускай прозе тых гадоў, якога ці не найбольш цікавіў стан душы чалавека на пераломе гістарычных эпохаў», — напісаў пра Зарэцкага Ўладзімер Арлоў.

Ян Скрыган у сваіх успамінах згадвае 1927 год. Кажа пра Міхася Зарэцкага, што гэта быў «у поўным сэнсе слова пісьменьнік і інтэлігент».

«Папулярнасьці і славе яго адпавядаў вонкавы выгляд. Апрануты ён быў, як тады казалі, чыста па-эўрапейску: самае моднае элегантнае паліто, блішчастыя пальчаткі і капялюш. А капялюш на той час мала хто насіў, гэта было нават вельмі сьмела. Бачылі яго найчасьцей разам з А[ндрэем] Александровічам і А[лесем] Дударом... Мы тады зачытваліся М[іхасём] Зарэцкім. Пісаў ён многа, горача і ярка»,  — піша Скрыган.

Спадарыня Ларыса падобная да дзеда, якога бачыла толькі на фатаздымках.

У 1928-м Зарэцкі разам з народным камісарам земляробства Зьмітром Прышчэпавым выпраўляецца ў паездку на Мар’інскія балоты. Там маладая савецкая дзяржава спрытна праводзіць мэліярацыю, адначасова вырашаючы і іншыя свае задачы. Уражаньні ад пабачанага Зарэцкі апісвае ў нарысе «Падарожжа на новую зямлю», які на працягу кастрычніка-лістапада 1928 году друкуе «Савецкая Беларусь».

«Трэба сказаць, што русыфікацыя адчуваецца тут досыць моцна. Я сустрэў некалькіх працаўнікоў сельсаветаў, настаўніцу, студэнтаў Горацкай акадэміі, якія знаходзяцца тут на практычнай працы, — усе яна гаварылі жудасна ламанай, страшэнна некультурнай мовай, якая яскрава паказвала на іхнюю наіўную і недалужную тэндэнцыю гаварыць па-расійску».
«Мне здаецца, што я ані-ні не памылюся, калі скажу, што з гэтага боку вялікі ўплыў на вакольны раён робіць колфонд, асабліва яго кіруючая верхавіна, дзе няма амаль што ніводнага беларускага спэцыяліста, дзе аб беларусізацыі гавораць тонам адпачываючага пасьля добрага палудню абывацеля, дзе гаворыць па-беларуску толькі адзін чалавек — прадстаўнік Навукова-дасьледчага інстытуту».

У сьнежні таго ж году «Савецкая Беларусь» публікуе ліст , падпісаны трыма літаратарамі — Андрэем Александровічам, Алесем Дударом і Міхасём Зарэцкім. Аўтары выступаюць супраць «цкаваньня» беларускіх пісьменьнікаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце:

«Беларускіх пісьменьнікаў абвінавачваюць у „белорусском шовинизме“, ня маючы на гэта абсалютна ніякіх падстаў, калі не лічыць таго, што гэтыя пісьменьнікі, ня ў прыклад іншым, усюды і заўсёды гавораць па-беларуску.
Беларускіх пісьменьнікаў абвінавачваюць у тым, што яны чыста апранаюцца, носяць гальштукі, каўнерыкі, капелюшы, акуляры (які злачынны „шык“!), маюць на галаве валасы і ў кішэні насавыя хусьцінкі.
Беларускіх пісьменьнікаў абліваюць памыямі самай бруднай хуліганскай лаянкі, абзываюць „животными“, раўняючы з „собаками“ і ўжываючы іншыя непрыстойныя ў сьценах унівэрсытэта прыёмы».

Маладыя людзі заяўляюць пра выхад з унівэрсытэту. Супраць Зарэцкага ўздымаецца хваля асуджэньня, яго называюць «ворагам у доме». У 1929-м выключаюць з ВКП(б).

«За ім цягнуўся цэлы шлейф „грахоў“ супраць новай улады — і „ліст трох“, і „тэатральная дыскусія“, і раман „Крывічы“, які ў трыццатым годзе падчас барацьбы з нацдэмаўшчынай зьнялі з друкарскай машыны — і аддалі ў крамы загортваць селядцы. Так і прадавалі менскія прадавачкі — у „Крывічах“. Па сёньня ніхто ня можа адшукаць частку гэтага раману», — кажа дасьледчыца літаратурнага жыцьця таго часу Ганна Севярынец.

Зарэцкі яшчэ піша свае творы і працуе загадчыкам аддзелу літаратуры і мастацтва ў Акадэміі навук.

«Малыя мы былі, ведалі, што дзед беларускі пісьменьнік, — адказвае ўнук Міхаіл Касянкоў на пытаньне, што ім распавядалі пра дзеда. — Ну, пісьменьнік і пісьменьнік. Што дала школьная праграма, тое і ведаем».

Малодшым пакаленьням пра Міхася Зарэцкага таксама не расказваюць: кажуць, дзеці ў сям’і ведаюць, што такі быў, а ў астатнім дарослыя спадзяюцца на школу.

Прывезьлі, расстралялі і зьехалі

«Як вы думаеце, за што яго арыштавалі? Ён жа быў шчыры камуніст», — на гэтае пытаньне Міхаіл Касянкоў адказвае не вагаючыся:

«За гэта і пацярпеў. Усе шчырыя ў Курапатах ляжаць», — кажа ён.

Арыштавалі Міхася Зарэцкага 3 лістапада 1936 году.

«Ён адно казаў: „Манечка, не хвалюйся, табе нічога ня будзе, я ўсё ўзяў на сябе“. Гэта бабуліны словы. Бабулю Марыя звалі, ён яе называў Манёк, Манечка. Яе праз 6–7 месяцаў забралі, сядзела зь дзецьмі, трэслася», — кажа Ларыса.

Жылі тады Зарэцкія на вуліцы Абутковай, дом 23. Ларыса кажа, што гэта раён вуліцы Сухой.

«Мяне маці туды прыводзіла ня раз і паказвала гэты дом, — кажа яна. — Цяпер ён не захаваўся. А пасьля яго аддалі нейкаму журналісту ці пісьменьніку, пра якога бабуля казала, што ён «зьехаў у Амэрыку і брахаў на Савецкі Саюз».

Ганна Севярынец заўважае, што такі ж расповед Марыі Касянковай, жонкі Міхася Зарэцкага, згадвае ў сваім артыкуле «Ўчарашняе і сёньняшняе» Барыс Сачанка. Па яе словах, калі мужа арыштавалі, літаральна на другі дзень прыехаў да яе Мікола Цэлеш (такі ня вельмі ўдалы паэт, потым — эмігрант) і пачаў рэчы сям’і выкідаць у вокны.

Дасьледчык Леанід Маракоў прыводзіць тэкст пратакола вобшуку ў кватэры пісьменьніка:

Взято для доставления в НКВД Белоруссии следующее:
Паспорт
Заграничный паспорт
Удостоверение СП № 1543.
Другие документы:
писем — 44 штуки, открытки — 13 шт., адресов телеф. и телег. — 10 штук, телеграмм — 3 шт., 9 пакетов с выписками из контрреволюционной троцкистской литературы, 19 записных книжек, 20 тетрадей с разными записями (магчыма, сярод іх быў і раман «Крывічы». — Л. М.), фотокарточек — 20 шт., групповых фото — 50 шт., написанных общих тетрадей — 2 шт.
Рукопись на 3129 листах. Разная переписка на 953 листах...
Книг с автографами — 83 шт., книг разных авторов и изданий — 80 шт., Зарецкий — сочинения — 36 шт.

«Бабуля казала, што ён нічога кепскага не рабіў, — пераказвае Ларыса бабуліны расповеды. — Дужа крыўдзілася на Крапіву, нібыта гэта ён пісаў даносы. Казала, што і ў твар яму сказала. А пісаў ён ці не пісаў, я ня ведаю».

Жонку Зарэцкага — Марыю Іванаўну — таксама забралі ў турму і асудзілі пазьней на 7 гадоў. Дзеці апынуліся ў дзіцячым прытулку.

Ларыса згадвае, што, па расповедах бабулі, тая нібыта бачыла Міхася ў «амэрыканцы», калі таго вялі па двары.

«Мы нічога ня ведаем пра суд над імі, — кажа Ганна Севярынец. — Але ж у „Аповесьці для сябе“ Барыса Мікуліча — а ён праходзіў па той самай справе, што і Зарэцкі, Дудар, Чарот, Вольны, па гэтай расстрэльнай справе — я прачытала, што на тым судзе Зарэцкі вельмі бараніў яго, Мікуліча. „Ён ня ўдзельнічаў, ён ня быў, мы яго ня бралі, ён ня наш“... Мікуліч у выніку атрымаў не расстрэл, а лягерны тэрмін. Мы ня ведаем, ці бараніў Зарэцкі астатніх — але ў ягоным характары было гэта: бараніць да апошняга».

Доўгі час у сям’і лічылі, што Зарэцкі быў расстраляны ў 1941-м. Міхаіл Касянкоў і цяпер паўтарае гэтую дату. Насамрэч Зарэцкага расстралялі ў 1937-м, і, верагодна, у Курапатах. У 80-я жыхары Цны сталі першымі, хто засьведчыў праўду пра гэтае месца масавых забойстваў.

«Мясцовыя старажылы хадзілі, глядзелі, — кажа Міхаіл. — Месца было агароджанае, не пускалі туды. А хто ведае, каго там расстрэльвалі. Прывезьлі, расстралялі і зьехалі».

Страх на ўсё жыцьцё

«Хто такое прайшоў, яны баяцца да самой сьмерці. У 60-я гады бацьку позва прыйшла, што яго ў КДБ выклікалі. Я ўжо ня памятаю, па якіх пытаньнях. Там мандраж быў у чалавека — ня дай бог. Страх на ўсё жыцьцё ў людзей пасьля гэтага», — кажа Міхаіл Касянкоў.

Вызваліўшыся пасьля першага арышту, Марыя Іванаўна забрала дзяцей. Падчас нямецкай акупацыі і яна, і яе старэйшы сын Вячаслаў «працавалі ў немцаў», як кажуць унукі. Яна — «нейкім касірам». А Вячаслаў, у той час падлетак, таксама «ў нейкай нямецкай канторы».

«Пры канцы вайны яго вывезьлі ў Нямеччыну. Там ён папрацаваў у амэрыканскім войску. Вярнуўся, атрымаў 10 год — і на Калыму. Казаў, што яго там усе ўгаворвалі, каб не вяртаўся, але на радзіму цягнула, напэўна, — кажа пра бацьку Міхаіл. — Ён ня ведаў, што так скончыцца».

І Марыя Іванаўна, і Вячаслаў атрымалі пасьля вайны па дзесяцігадовым тэрміне. Ларыса згадвае, як бабуля распавядала, што падчас прысуду ёй прыпомнілі рэпрэсаванага мужа. Маўляў, з гэтай прычыны яна не магла «ня помсьціць Савецкаму Саюзу».

Пра тое, як яны выжылі ў лягеры, ані Міхаіл, ані Ларыса нічога ня ведаюць. Кажуць — не распавядалі.

«Яны не любілі пра гэта казаць. Надта цяжкія ўспаміны былі», — тлумачыць Міхаіл. — Адзінае, што засталося, што ў бацькі было ў крыві, гэта нелюбоў да савецкай улады. У яго былі дзьве самыя вялікія радасьці ў жыцьці: першая — калі скончылася вайна, а другая — калі Сталін памёр. Ён тады на Калыме сядзеў, там для ўсіх было сьвята. І гэта ў яго ўнутры было да канца«.

Міхася Зарэцкага рэабілітавалі ў 1957 годзе. Ягоная жонка Марыя ўжо вярнулася пасьля другога тэрміну ў сям’ю. Ларыса згадвае, што бабуля зрабіла на яе вялікі ўплыў. Але пра перажытае стала трошкі распавядаць толькі перад сьмерцю. Да яе прыходзілі навукоўцы, пісьменьнікі. Дзеці і брат пісьменьніка Мікалай Яўхімавіч удзельнічалі ў падрыхтоўцы 4-томнага збору твораў, які пачаў выходзіць у 1989-м.

«Калі прыняць пачварную лёгіку бальшавіцкай улады за існую, атрымаецца, што і Дубоўку, і Бабарэку, і Дудара, і Міхася Зарэцкага арыштавалі і расстралялі ня проста так, — кажа дасьледчыца Ганна Севярынец. — Часам можна пачуць, што яны проста трапілі пад кола рэпрэсій, выпадкова, незразумела. А астатнія — выпадкова ня трапілі. Дык вось не. Тыя, каго выслалі ў трыццатым, і тыя, каго стралялі ў трыццаць сёмым — сапраўды былі людзьмі, якія супраціўляліся новабудаванай сыстэме. Не, яны не адмаўлялі „саветызацыю“, не ўвасаблялі сабой контрарэвалюцыю — яны проста былі нацыянальна арыентаванымі творцамі, і выкрасьліць зь сябе „Беларусь перадусім“ ніяк не маглі, хаця некаторыя і стараліся».

«Міхась Зарэцкі быў адным з самых палымяных „нацдэмаў“, упартых і зацятых», — заключае яна.

Пажыцьцёва забароненая тэма

Ані Міхаіл, ані Марыя не рабілі ніякіх спробаў дазнацца пра лёс дзеда больш. Канфіскаваныя пры вобшуку дакумэнты і рукапісы таксама ніхто сям’і не вярнуў.

«Калі пройдзеш усю гэтую мясарубку, нават заікацца ня хочацца — хто ты, што ты і навошта ты. Ніхто не шукаў канцоў і праўды ніхто не шукаў», — тлумачыць гэта Міхаіл.

«Што да выпадку сем’яў рэпрэсаваных — варта прыгадаць, што, напрыклад, сьветлай памяці Леанід Маракоў таксама ўсьвядоміў трагічную гісторыю сваёй сям’і, будучы ўжо сталым чалавекам, — разважае пра прычыны беларускага «бяспамяцтва» гісторык і літаратар Антон Рудак. З такім жа нежаданьнем ня проста згадваць, але і помніць нядаўняе мінулае ён сутыкнуўся ў сваёй сям’і, якая прайшла праз тыя ж гістарычныя і сацыяльныя катастрофы.

«Уся гісторыя ХХ стагодзьдзя дужа яскрава і пераканаўча паказала нашым людзям, што ад беларускага літаратара трэба трымацца далей. Сумныя наступствы гэтай навукі мы, на жаль, бачым і да сёньня», — кажа Антон Рудак.

Унукі Зарэцкага ганарацца тым, што творы дзеда ёсьць у абавязковай школьнай праграме. Але хацелі б большага.

«Каб рукапісы знаходзіліся. Каб памяць была, — кажа Ларыса. — Выдалі гэтыя 4 тамы, і я бегала па ўсіх кніжных крамах іх шукаць. Далі б сям’і хаця б 10 экзэмпляраў».

Вуліцы імя Зарэцкага ўжо каторы год дабіваюцца ў Шклове мясцовыя актывісты, але марна.

Ларыса яшчэ раз паўтарае, што згадаць пра дзеда ім асабліва няма чаго. «Гэта пажыцьцёва была забароненая тэма. Можа, перад сьмерцю хтосьці пачаў ужо нешта гаварыць, — кажа яна. — Ім проста гэта было непрыемна, яны не хацелі пра гэта згадваць».


Выказваем удзячнасьць журналісту Марату Гаравому за дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі.

Свае камэнтары вы можаце пакідаць у нашых сацыяльных сетках Facebook і Вконтакте