Начальнік Магілёўскага лячэбна-працоўнага прафілякторыю (ЛПП) № 7 Дзьмітры Елісеенка абверг зьвесткі пра тое, што ў падпарадкаванай яму ўстанове нібыта «большасьць ня маюць працы» і з-за гэтага людзям не хапае ежы, як паведаміў магілёўскім праваабаронцам адзін зь «вязьняў» ЛПП.
Елісеенка: «Гэта поўнае трызьненьне. У нас усе працаўладкаваныя. І з харчаваньнем праблем няма — усе забясьпечаныя трохразовым харчаваньнем. Першае, другое і трэцяе, кампот і да таго падобнае. І мяса, і рыба, усё ёсьць».
Карэспандэнт: «Як вы думаеце, чаму тады чалавек скардзіцца? Вось з вашага ЛПП да магілёўскіх праваабаронцаў чалавек зьвярнуўся, гэта ж чамусьці адбылося?»
Елісеенка: «Некаторым не падабаецца, што іх зьмясьцілі ў ЛПП, вось і скардзяцца».
Паводле Дзьмітрыя Елісеенкі, не было выпадку, каб хто зь людзей, якія знаходзяцца ў магілёўскім ЛПП, дамогся праз суд адмены пастановы аб прымусовым лячэньні і пакінуў ЛПП раней за прызначаны тэрмін. Дзе канкрэтна працуюць асобы, якіх прымусова зьмясьцілі ў ЛПП № 7, і колькі іх, Дзьмітры Елісеенка не паведаміў. «Прыяжджайце і паглядзіце ўсё самі. Толькі трэба атрымаць дазвол», — запрасіў у госьці начальнік Магілёўскага ЛПП.
Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў: У ЛПП знаходзяцца правапарушальнікі
Кіраўніца прэсавай службы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Ірына Вышамірская не назвала дакладнай колькасьці асобаў, якіх утрымліваюць у ЛПП па ўсёй Беларусі, спаслаўшыся на закрытасьць гэтых дадзеных. Ірына Вышамірская мяркуе, што ўсіх, хто праходзіць прымусовы курс лячэньня ад алькагалізму, наркаманіі і таксыкаманіі, кормяць у адпаведнасьці з нормамі, але пры гэтым ня выключыла, што да пэўнай ежы могуць быць прэтэнзіі з прычыны асабістага густу. Пра магчымы недахоп у людзей грошай на ежу Ірына Вышамірская сказала:
«Вы ж ведаеце, каго накіроўваюць у ЛПП. Як правіла, гэта грамадзяне, якія абавязаныя кампэнсаваць дзяржаве страты на ўтрыманьне іх дзяцей. На ўласнае жаданьне ў ЛПП мала хто ідзе, усё паводле рашэньня суду. Гэты мэханізм замацаваны законам. Статыстыкі, колькі чалавек накіроўваюць па рэгіёне, прыкладам, па Магілёўскай вобласьці, у нас, канечне, ня будзе. Гэта інфармацыя абмежаванага карыстаньня.
Што да працаўладкаваньня, дык усе, хто там знаходзіцца, маюць працу. Фактычна ўсе. Проста від дзейнасьці можа быць розны, бо там ёсьць уласная вытворчасьць на тэрыторыі ЛПП, а яшчэ грамадзяне могуць працаваць на контрагентных абʼектах. Звычайна гэта ў сельскай гаспадарцы, у тым ліку на фэрмэрскіх гаспадарках. Натуральна, там заробак можа быць іншы, залежыць ад абʼекту. Але калі вырашыце наведаць ЛПП, дык спачатку трэба зрабіць пісьмовы запыт і атрымаць дазвол. Бо ў любым выпадку гэта абʼект, дзе знаходзяцца грамадзяне-правапарушальнікі», — сказала Ірына Вышамірская з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС.
Праваабаронца Стэфановіч: ЛПП — элемэнт рэпрэсіўнай машыны
Менавіта зь меркаваньнем, што асобы, якіх прымусова ўтрымліваюць у ЛПП, — гэта правапарушальнікі, ня згодныя беларускія праваабаронцы. Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч мяркуе, што сыстэма ЛПП — частка рэпрэсіўнай сыстэмы, якую наўмысна падтрымлівае беларускі палітычны рэжым.
«Найперш гэта незаконнае пазбаўленьне волі грамадзян. Бо пакараньні за свае правапарушэньні гэтыя людзі адбылі, а лячэньне ад алькагалізму ў нас ня можа быць прымусовым — гэта паводле закону «Аб мэдычнай дапамозе насельніцтву». Там дакладна пералічаныя выпадкі прымусовага лячэньня: у выпадку псыхічнай хваробы, ад сухотаў і вэнэрычных хвароб, калі чалавек ухіляецца ад лячэньня. Прымусовае лячэньне ад алькагалізму ў нашай краіне — гэта атавізм савецкай рэпрэсіўнай сыстэмы, нездарма ён толькі ў нас і застаўся, яшчэ ёсьць у Прыднястроўі. Нават у Расеі ад ЛПП адмовіліся.
Па-другое, гэта прымусовая праца. Прычым тое, што людзей прымушаюць да працы, лічыцца элемэнтам сацыяльнай рэадаптацыі чалавека і сродкам яго лячэньня. Хоць ніхто ад алькагалізму праз прымусовую працу ня вылечыўся. Таму праваабаронцы мяркуюць, што галоўная мэта дзяржавы адносна гэтых людзей — не лячэньне, а іх ізаляцыя. І мы бачым, што дзяржава пэрыядычна ставіць такія задачы. Узгадаць можна той жа чэмпіянат сьвету па хакеі ў 2014 годзе, калі афіцыйна казалася, што вуліцы Менску будуць «зачышчаныя ад алькаголікаў, дармаедаў, прастытутак і гэтак далей», — сказаў Валянцін Стэфановіч.
Ніхто ад алькагалізму праз прымусовую працу ня вылечыўся
Каб накіраваць грамадзяніна ў ЛПП на прымусовае лячэньне ад алькагалізму, беларускаму суду патрэбна заключэньне мэдыкаў аб хранічным алькагаліьме і пэўная колькасьць правапарушэньняў на глебе ўжываньня сьпіртнога. На думку праваабаронцаў, гэткая спрошчаная працэдура стварае глебу для злоўжываньняў з боку ня толькі нядобрасумленных міліцыянтаў, але і ўладаў.
«Вельмі шмат залежыць ад участковага міліцыянта, якому зусім ня цяжка скласьці на непажаданага чалавека некалькі пратаколаў, падлавіўшы, прыкладам, нападпітку на вуліцы. Да нас зьвяртаўся малады чалавек з пасёлку Сокал, які меў цалкам нармальны выгляд, меў працу, добрыя характарыстыкі. Але ў яго быў асабісты канфлікт з участковым, і яму пагражаў менавіта ЛПП праз вось такія пратаколы. А матывы могуць быць самыя розныя, у тым ліку і на загад уладаў.
Можна згадаць выпадак з актывістам Васілём Парфянковым, якога ўрэшце адправілі на лячэньне ў ЛПП пасьля ўдзелу ў акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі Плошчы.
Ці згадваецца, як падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2015 году пагражалі адправіць у ЛПП Паўла Канавальчыка, давераную асобу магчымага кандыдата на прэзыдэнта.
Або як актывісту „Зьмены“ Паўлу Вінаградаву пагражалі ЛПП, калі ён быў на міліцэйскім уліку.
То бок, як казалі яшчэ савецкія праваабаронцы, і мы з гэтым згодныя, ЛПП — гэта адна з рэпрэсіўных структур улады, і яна ў нас актыўна выкарыстоўваецца».
Валянцін Стэфановіч зьвярнуў увагу на недарэчнасьць, якую дапусьцілі заканадаўцы, калі 2 гады таму ўнесьлі праўкі ў Грамадзянска-працэсуальны кодэкс адносна працэдуры прымусовага лячэньня ў ЛПП.
«Там прадугледзелі датэрміновае вызваленьне з ЛПП. Але калі гэта лячэньне, дык якое можа быць датэрміновае вызваленьне? Са шпіталя ж не выпісваюць, не далячыўшы, толькі таму, што чалавек сябе добра паводзіць. Канечне, добра, што можна выйсьці з ЛПП датэрмінова, але рыторыка і фармулёўкі тых паправак яшчэ раз падкрэсьлілі, што гэта не лячэньне, а пакараньне».
12 кастрычніка Цэнтральны суд Менску пакараў грамадзкага актывіста Зьмітра Паліенку 2 гадамі зьняволеньня з адтэрміноўкай за ўжываньне сілы адносна міліцыянта падчас вулічнай акцыі раварыстаў «Крытычная маса». Яшчэ адным пакараньнем для актывіста, якое вынес судзьдзя Валер Есьман, стала накіраваньне на прымусовае лячэньне ад алькагалізму. Камэнтуючы прысуд, Зьміцер Паліенка назваў гэтае пакараньне «недакладным і чыста палітычным».