У дакладзе Эўразьвязу пра сытуацыю з правамі чалавека, які быў надрукаваны 20 верасьня, згадваецца пра сытуацыю ў Беларусі. Эўразьвяз зноў запатрабаваў ад уладаў Беларусі аднавіць у палітычных і грамадзянскіх правах былых палітвязьняў, апошнім зь якіх быў вызвалены ў жніўні 2015 году экс-кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч. Але з таго часу правы Мікалая Статкевіча, як і некаторых іншых экс-палітвязьняў, не былі адноўленыя.
Па тлумачэньне карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да юрыста, праваабаронцы цэнтру «Вясна» Валянціна Стэфановіча.
— Так, гэтая праблема застаецца актуальнай, хоць пра яе нібыта ўжо і забыліся ды ня згадваюць. Але яна пра сябе нагадвае. Вось той жа Мікалай Статкевіч падчас мінулай выбарчай кампаніі паспрабаваў удзельнічаць у выбарах, але ягоную ініцыятыўную групу не зарэгістравалі менавіта з гэтай прычыны — што ў яго не пагашаная судзімасьць. Такім чынам, ён сапраўды застаецца абмежаваны ў палітычных правах. І ня ён адзіны, а большасьць тых, хто быў асуджаны паводле артыкула аб удзеле ў масавых беспарадках. А такіх было больш за два дзясяткі. І тут ня толькі асуджаныя за Плошчу. Прыкладам, судзімасьць Алеся Бяляцкага, старшыні «Вясны», таксама яшчэ не пагашаная і ён абмежаваны ў правах.
— Што гэта азначае? Чалавеку нешта не дазволена ці могуць зноў пасадзіць у турму?
— Найперш гэта забарона на ўдзел у палітычным жыцьці праз абраньне ў выбарчыя органы. Нельга балятавацца ў якасьці дэпутата любога ўзроўню ды ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, пакуль судзімасьць не пагашаная. А ў таго ж Статкевіча гэта ўнушальны тэрмін, недзе 7 ці 8 год, прычым адлік пачынаецца ў яго з 2015 году, а не з 2010, калі яго арыштавалі. Тэрмін пагашэньня судзімасьці залежыць ад злачынства, віну ў якім прызнаў суд. Удзел у масавых беспарадках лічыцца паводле закону цяжкім злачынствам, таму і тэрміны пагашэньня судзімасьці па гэтым артыкуле такія вялікія. Адлік пачынаецца ад дня вызваленьня, у розных людзей тэрмін пагашэньня можа быць розны. Вось у Паўла Вінаградава, які праз суд атрымаў 4 гады зьняволеньня і быў вызвалены паводле памілаваньня яшчэ ў 2011 годзе, пагашэньне судзімасьці адбылося нядаўна, то бок празь яшчэ 5 год.
— Эўразьвяз заклікае беларускія ўлады вярнуць усім палітвязьням іх палітычныя правы. Як тэхнічна гэта можна зрабіць?
— Законам прадугледжаная працэдура датэрміновага пагашэньня судзімасьці, у тым ліку праз асабістую заяву, якая будзе разглядацца. Але, мяркую, большасьць палітвязьняў не зьвяртаюцца з такой заявай, бо па-ранейшаму ня лічаць сябе вінаватымі. Аднак закон дазваляе пагасіць судзімасьць раней і зь іншай нагоды, паводле іншай працэдуры, то бок у дзяржавы такая магчымасьць ужо ёсьць.
Чаму гэта ня робіцца? Можна нагадаць, што большасьць удзельнікаў падзей 19 сьнежня 2010 году, якія апынуліся ў турмах, пазьней у розныя часы выходзілі зь іх на падставе ўказаў Лукашэнкі аб памілаваньні. Але тымі ж самымі ўказамі ён мог тады ўжо пагасіць іх судзімасьць, што не было зроблена. Чаму? Мяркую, каб стрымліваць палітычную актыўнасьць гэтых людзей. Магчыма, гэта ня робіцца і цяпер з тых жа прычын.
— У заяве Эўразьвязу сказана пра аднаўленьне ня толькі палітычных, але і грамадзянскіх правоў. А тут што маецца на ўвазе?
— Гаворка пра тое, што паводле нашага закону ў пэрыяд непагашанай судзімасьці ў дачыненьні да такой асобы могуць ужывацца розныя віды наглядаў і кантролю. Прыкладам, былы вязень знаходзіцца на прафіляктычным уліку, вось як Статкевіч. А калі яго за гэты час некалькі разоў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці, дык могуць праз суд усталяваць і нагляд. А гэта ўжо істотна. Гэта і працэдура пэрыядычных праверак, і абмежаваньні ў знаходжаньні ў грамадзкіх месцах ды іншае, што прызначаць. Пакуль судзімасьць не пагашаная, такое цалкам магчыма. А калі пагашаная, вось як у Паўла Вінаградава атрымалася, дык ужо пад нагляд зноў не паставяць, колькі б разоў ні накладалі той жа адміністрацыйны арышт. То бок гэта ўсё захады ўзьдзеяньня на людзей, а калі мы кажам пра палітыкаў — дык фактычна на іх палітычнае жыцьцё, на сытуацыю ў краіне. Вось чаму вельмі важна дамагацца, каб з былых палітвязьняў зьнялі судзімасьці, і мы гэтага таксама будзем далей патрабаваць.