Беларускія мусульмане адзначаюць галоўнае сьвята — Курбан-байрам
Курбан-байрам у Менску Беларускія мусульмане адзначаюць галоўнае сьвята
12 верасьня мусульмане ўсяго сьвету пачалі трохдзённае сьвяткаваньне Курбан-байраму — сьвята ахвярапрынашэньня. У Беларусі, па розных ацэнках, іслам вызнаюць ад 20 да 30 тысяч чалавек.
Некалькі сотняў вернікаў сабраліся а 7-й раніцы на сьвяточным намазе ў саборным мячэту на вуліцы Грыбаедава ў Менску.
Мячэт зьмяшчае 700 чалавек, але ня ўсе ахвочыя трапілі ў малітоўныя залі. Многія вернікі выконвалі намаз ў калідорах.
Муфцій Беларусі Абу-Бекір Шабановіч у сваім звароце сказаў, што Курбан-байрам афіцыйна сьвяткуюць у 26 мячэтах і малітоўных дамах Беларусі.
Пасьля намазу людзі не разыходзяцца. Яны віншуюць адзін аднаго, частуюцца бясплатнай ежай.
Каля мячэту ўсіх частавалі традыцыйным пловам з баранінай.
Галоўны атрыбут сьвята — курбан, што на арабскай мове значыць «ахвяра». Звычайна людзі загадзя купляюць бараноў і ў першы дзень Курбан-байраму іх рэжуць.
У Сьмілавічах знаходзіцца бліжэйшы да Менску мячэт. Тут пачалі рэзаць ахвярных бараноў адразу пасьля намазу.
У ахвяру можна прынесьці і іншую жывёлу. Некаторыя заразаюць козаў, цялятаў. Бедны гаспадар можа зарэзаць і пеўня. Частку мяса неабходна раздаць бедным і тым, хто мае патрэбу. Частку мяса трэба раздаць бедным.
Курбан-байрам — галоўнае мусульманскае сьвята. Ён праходзіць у апошні дзень хаджу — паломніцтва ў Мэку. Курбан-байрам прысьвечаны ахвярапрынашэньню, якое зрабіў прарок Ібрахім.
Гэты дзень лічыцца асаблівым для дзяцей. Бацькі дораць ім падарункі, ладзяць салодкі стол і забавы ў мячэце.
На другі дзень Карбан-байраму у саборным мячэце праводзілі гульні і конкурсы для дзяцей. Два аніматары займаліся асобна з хлопчыкамі і дзяўчатамі.
Курбан-байрам сьвяткуюць тры дні. У мусульманскіх краінах гэта выходныя. У Беларусі галоўныя мерапрыемствы праходзілі раніцай панядзелка і па абедзе ў аўторак.