Рэпартаж Свабоды зь вёскі Пухавічы, дзе 9 гадоў таму трое мясцовых жыхароў забілі аднавяскоўца, але засталіся на свабодзе
На пачатку лютага 2018 году Аляксандар Лукашэнка расказаў, што быў вымушаны ўмяшацца ў расьсьледаваньне забойства жанчыны ў Магілёве, якое здарылася ў 2009 годзе. Абвінавачанага ў тым злачынстве мужчыну суд апраўдаў, што не задаволіла бацьку забітай. Справа дайшла да Лукашэнкі, які «за суткі вывучыў справу» і загадаў разьбірацца па новай. Апраўданага дзевяць гадоў таму жыхара Магілёва знайшлі і пасадзілі за краты наноў. Справай займаецца Вярхоўны суд.
Гэта ня першы выпадак, калі прэзыдэнт умешваецца ў расьсьледаваньне крымінальных спраў. Дзевяць гадоў таму, 31 сьнежня 2008 году, у невялікай вёсцы Пухавічы Жыткавіцкага раёну на Гомельшчыне адбылося гучнае забойства. Трое аднавяскоўцаў жорстка забілі Мікалая Макарэвіча. Труп паспрабавалі спаліць. Падчас сьледзтва яны расказвалі, што падазравалі Макарэвіча ў падпалах.
Справа набыла розгалас, дайшла да Аляксандра Лукашэнкі. Нечакана ён загадаў вызваліць усіх затрыманых з-пад варты.
«Калі ласка, заўтра вы іх адвязіце ў вёску, я вас прашу, няхай яны жывуць у вёсцы, а вы вядзіце сваю крымінальную справу, — казаў Лукашэнка 6 лютага 2009 году на нарадзе па ўдасканаленьні крымінальнага заканадаўства. — Я б папрасіў, каб вы ляяльна вялі гэтую крымінальную справу і, Валянцінавіч (старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала. — РС), вельмі вас прашу, пастаўцеся як да сваіх родных людзей. Ну нягоднік, ён людзей тэрарызаваў, цэлую вёску. Калі ўжо мужыкі на гэта пайшлі, напэўна, яны сапраўды абураныя былі. І ўсё ж простыя людзі на іх баку... Нельга іх саджаць! Што гэта — вялікі чалавек загінуў? Па турмах туляўся, прыйшоў і яшчэ тэрарызуе цэлую вёску».
Абвінавачаных адпусьцілі. 14 красавіка 2009 году ім абвясьцілі вырак. Пракурор прасіў суд пакараць Сяргея Аліфяровіча і Ігара Макарэвіча чатырнаццацьцю гадамі калёніі, Аляксандра Петручэню і Тацяну Юхневіч (падчас сьледзтва выявілася, што ў злачынства была замяшаная яшчэ адна мясцовыя жыхарка) — васьмю.
Усе чацьвёра былі прызнаныя вінаватымі, але атрымалі значна меншыя за агучаныя пракурорам тэрміны. Аліфяровіч быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Макарэвіч — на 3 гады. Петручэня і Юхневіч атрымалі па 2 гады абмежаваньня волі.
У ліпені 2009 году стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка адмысловым указам памілаваў Аліфяровіча і Макарэвіча. Зь іх нават зьнялі судзімасьць.
Свабода наведала Пухавічы праз 9 гадоў пасьля забойства, каб даведацца, як склаўся лёс забойцаў, якіх прасіў вызваліць сам Лукашэнка.
«Усе яны па сваіх хатах жылі і працавалі тут. Ніхто не паехаў за краты»
Ад Менску да жыткавіцкіх Пухавічаў амаль чатыры гадзіны на аўтамабілі. За Жыткавічамі ад палескай трасы ўбок і яшчэ дзесяць кілямэтраў да возера Чырвонага. На беразе возера — вёска, пра якую дзевяць гадоў таму пісалі ўсе беларускія СМІ.
Цяпер тут жыве крыху больш за 300 чалавек. Праца ёсьць толькі ў мясцовым калгасе ды на торфабрыкетным заводзе. Летам можна сеткамі лавіць рыбу ў возеры на продаж. Моладзь, калі ёсьць магчымасьць, стараецца зьехаць у Гомель ці сталіцу.
«Ніводнага дня яны не сядзелі за тое, што забілі майго брата, ніводнага, — кажа Валянціна, сястра забітага аднавяскоўцамі Мікалая Макарэвіча. — Ніхто з чацьвярых не сядзеў. Двое — Аліфяровіч і Макарэвіч — так і жывуць у Пухавічах. Петручэня ў Гомлі, здаецца, быў. Потым у Расею на заробкі езьдзіў. А Юхневіч у Мазыры жыве».
Валянціна Макарэвіч расказвае, што нават не паехала на абвяшчэньне прысуду.
«Якая там справядлівасьць, вы што? Ніякага закону там не было, сьмех адзін, — кажа Валянціна. — Аднаго да 5 гадоў прыгаварылі, другога — да 3. Але ўсе яны па сваіх хатах жылі і працавалі тут. Ніхто не паехаў за краты. Мы спрабавалі апэляцыю падаваць, але яна нікуды не даходзіла. Ні нашы лісты, нічога. Нічога мы не змаглі зрабіць. І сьведкі былі ў нас. Мы зьбіраліся ў Менск ехаць да прэзыдэнта, журналісты стараліся нам дапамагчы, але нічога не атрымалася. Не пусьцілі нас. Так мы ў дурнях і засталіся».
Зімой 2009 году спакойныя на выгляд Пухавічы падзяліліся на два лягеры. Ужо пасьля загаду Лукашэнкі вызваліць абвінавачаных у забойстве Мікалая Макарэвіча зь СІЗА пад хатні арышт вяскоўцы пачалі зьбіраць подпісы за адмену гэтага рашэньня. Падпісалася 70 чалавек. Прыкладна столькі ж выступілі за тое, каб забойцы чакалі суду дома.
«Забойца падыходзіў да мяне і казаў, што адправіць усьлед за братам»
«Аліфяровіч у калгасе качагарам працуе, здаецца. А другі, Макарэвіч, трактарыстам на торфазаводзе, — кажа сястра забітага. — Жорсткія гэта людзі. Аліфяровіча з Макарэвічам я часам сустракаю, асабліва першага. Вёска невялікая. Ён зьдзекуецца зь мяне, ходзіць і сьмяецца ў вочы. Колькі разоў пагражаў. Вось я з вамі зараз размаўляю, а ён калі даведаецца, то можа потым прыйсьці і адпомсьціць... Абыходжу яго бокам, калі бачу. Вып’е і адразу да мяне. Баіцца, што мы паспрабуем яго пасадзіць. Таму агрэсія такая была. Казаў, што калі я некуды буду пісаць, то адправіць мяне туды ж, куды адправіў майго брата. Ведаеце, ён і іншым людзям казаў, што можа „прыбраць“. Нікога не баіцца».
Мела сястра забітага канфлікт і з другім забойцам брата — аднафамільцам Ігарам Макарэвічам. Ён пагражаў жанчыне расправай.
«Пайшла да ўчастковага, расказала ўсё яму, заяву напісала, — кажа жанчына. — Потым нас у суд выклікалі, але да суду не дайшло. Судзьдзя яму сказаў, што пакарае па законе, калі той яшчэ раз да мяне падыдзе з пагрозамі. І ўсё, Ігар даў расьпіску, што чапаць ня будзе. Больш я яго ня бачыла».
Валянціна расказвае, што вызваленьне Аліфяровіча і іншых абвінавачаных пасьля прыгавору для жыхароў Пухавічаў было нечаканасьцю.
«Гэта што, значыць можна забіваць, зьдзекавацца, паліць чалавека? — кажа Валянціна. — Няма ў нас закону. Безуладзьдзе. Калі б іх судзілі па законе, то не адпусьцілі б ніколі. Суду не было ніякага, адна казка. Аліфяровіч зараз ходзіць па вёсцы і кажа, што яго ніхто ніколі не пасадзіць. Родныя браты яго маюць сувязі ў міліцыі, у райвыканкаме сваякі. Вось і дапамаглі яму».
Валянціна кажа, што падпалы ў Пухавічах працягваліся і пасьля забойства яе брата Мікалая. Дадае, што брат пасьля вяртаньня з калёніі, куды трапіў за недастачу ў калгасе, ня мог знайсьці ў вёсцы працы.
«Ня ведаю, ці брат быў замяшаны ў тых падпалах. Магчыма, і быў. Але ніхто ж не даказваў, — кажа Валянціна. — Ведаеце, калі чалавек аднойчы трапіў у турму, то ўжо ўсё, ён ужо не чалавек... Людзі ў вёсцы памятаюць усё добра. Калі нешта гарыць, то кажуць, што вось, маўляў, Міеса няма, а ўсё адно пажар. Міес — гэта мянушка брата. Яго ў вёсцы Міесам клікалі».
«Пальцы яму адсеклі. Выразалі палавы орган, язык»
«Ну за што ён сядзеў? Курыцу якую скрадзе. Ніколі ён нікога ня крыўдзіў, — кажа пра забітага Мікалая Макарэвіча яго аднавясковец Сяргей. — Скрадзе нешта ў калгасе... А тады Лукашэнка выступіў — і ўсё. Значыць, трэба ўсіх, хто сядзеўшы, пазабіваць? А закон тады як? Калі мы пачнём браць сякеры, вілы, калоць адзін аднаго, што гэта будзе?»
Сяргей кажа, што падзеі дзевяцігадовай даўнасьці ў Пухавічах добра памятаюць. Расказвае, што пасьля прысуду АМАП паўгода дзяжурыў ля дамоў забойцаў, ахоўваў іх ад аднавяскоўцаў. Пра само забойства ў вёсцы расказваюць жахлівыя рэчы.
«Пальцы пасеклі яму. Ён яшчэ жывы быў, прасіўся, каб кінулі яго і зьехалі, — кажа Сяргей. — Але не адпусьцілі. Забойцы яго пачалі паліць. Я быў потым на тым месцы, дзе забівалі яго. Жахліва. На могілках труп хавалі накрытым, каб ня бачна было ўсяго гэтага. Яны ж яму палавы орган выразалі, язык. У канцлягеры так ня зьдзекаваліся зь людзей...(У 2009 годзе такія факты сьведкамі не агучваліся — РС)»
На пытаньне, чаму так атрымалася, што забойцы Мікалая Макарэвіча ня трапілі за краты, нягледзячы на даказанасьць віны, Сяргей не адказвае. Замест гэтага дадае, што сястра забітага, Валянціна, дагэтуль баіцца забойцаў брата.
«Яна ж адна жыве, жанчына, — кажа Сяргей. — Такога безуладзьдзя не павінна быць. Мы ж у прававой дзяржаве жывём, не дзікуны. Калі мы адзін аднаго будзем забіваць, то гэта ўжо не дзяржава, гэта анархія».
«Аліфяровіч? Нармальны мужык»
Ад дома Валянціны Макарэвіч да дамоў забойцаў яе брата — каля 10 хвілін павольнай хады. Аліфяровіча, якому суд прызначыў 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, у вёсцы ведаюць пад мянушкай Качан. Ён жыве разам з жонкай на вуліцы Савецкай у вялікім дагледжаным доме з брусу.
«Прэзыдэнт сказаў, каб выпусьцілі. Людзі паперу падпісвалі, зьбіралі подпісы, — кажа сусед Аліфяровіча з дома насупраць. — Я Сяргея зь дзяцінства ведаю. Жылі празь дзьве хаты. Нічога не скажу я пра яго, нармальны чалавек, мужык».
Сусед забойцы расказвае, што пасьля прысуду Аліфяровіч перайшоў з кацельнай на іншую працу. Там ён ня мог заставацца, бо ўначы трэба было знаходзіцца дома. Таму пайшоў у калгас, дзе робіць і цяпер. Пра забойства ён зь ім не размаўляў.
«Ніхто з Аліфяровічам вітацца пасьля таго, што здарылася, не перастаў, — кажа сусед. — Як было, так і засталося ўсё».
Сам Аліфяровіч размаўляць з журналістамі пра падзеі дзевяцігадовай даўнасьці адмовіўся.