Вёска Кабакі разам з суседнім Жычынам адносяцца да Першамайскага сельсавету Бярозаўскага раёну. Да райцэнтру кілямэтраў пятнаццаць, побач чыгунка на Берасьце і Баранавічы. З працадаўцаў — саўгас (калі не пашанцуе) і лясгас (для спрытнейшых). У першым сярэдні заробак каля 300 рублёў і праца «калі скажуць». У другім больш-менш вольны графік і каля 500 рублёў на рукі «чыстымі», затое небясьпечна і апошнім часам здымаюць надбаўкі ды прэміі. Уладкавацца на працу на месцы ўдаецца далёка ня ўсім ахвотным. Таму моладзь зьяжджае ў Бярозу, Берасьце ці Менск. Нехта зарабляе дзякуючы адносна недалёкай мяжы з Польшчай.

На вуліцы Кабакоў лёгка сустрэнеце культавы Passat унівэрсал

Усё як паўсюль па краіне. З адным выключэньнем. 18 лютага жыхар Кабакоў Валер Білібуха, нягледзячы на адкрытыя сымпатыі да апазыцыі і сяброўства ў БХД, другі раз запар перамог на выбарах дэпутатаў сельсавету, чым выклікаў, як сам кажа, «сапраўдны перапалох у райвыканкаме».

Сьвіньні

Валер Білібуха нарадзіўся ў Кабаках у 1969 годзе. Бацька 43 гады адрабіў на трактары ў саўгасе, маці ў дзіцячым садку глядзела за дзецьмі. Школу (8 клясаў) будучы апазыцыйны дэпутат скончыў у родных Кабаках, у 1984 годзе пайшоў у Ляхавіцкі саўгас-тэхнікум. Затым была служба ў яшчэ савецкай арміі (войскі супрацьпаветранай абароны на Поўначы) і вяртаньне на радзіму ў 1990 годзе. Да 2002 году працаваў брыгадзірам на фэрме ў Жычыне. Пасьля празь «цёркі з кіраўніцтвам», як сам тлумачыць, пайшоў у лясьніцтва вальшчыкам лесу. Мог бы так і працаваць, час ад часу ганяючы «на Польшчу», каб ня сьвіньні.

Валер Білібуха

«Усё пачалося, калі яны (прадстаўнікі ўладаў. — РС) сталі сьвіней у людзей выдушваць, — расказвае пра свой прыход у палітыку Білібуха. — Чума, кажуць. А яе тут амаль і не было! Як гэта так? Прыходзяць бандыты і ў тваёй асабістай гаспадарцы шнараць! Я тады арганізаваў кампанію, пачалі паперы пісаць. Куды мы толькі не пісалі тады. Нават відэа пасылаў у Адміністрацыю прэзыдэнта. З саўгаснага сьвінарніка. Мы паздымалі, што там робіцца, і паслалі. Потым яшчэ пракуратура Бярозаўская прыяжджала, але без эфэкту ўсё. Гадзюшнік».

У Кабаках жыве больш за 600 чалавек

Большасьць мясцовых жыхароў працуе ў саўгасе за 300 рублёў у месяц

Пра «сьвінскую» вайну Білібухі даведаўся Павал Севярынец, які ў той час адбываў «хімію» ў суседнім Купліне. Сустаршыня БХД папрасіў мясцовых актывістаў прывезьці Білібуху пазнаёміцца.

«Прывезьлі мне яго проста ў Куплін, — кажа Севярынец. — Ён адразу спадабаўся тым, што працаваў лесарубам. Я лесарубаў яшчэ з Малога Сітна ведаю. (У Малым Сітне Севярынец адбываў іншую „хімію“. — РС.) Яны людзі канкрэтныя, простыя... Валер, можа, недзе чалавек грубаваты, але затое прамы, мне такія людзі сымпатычныя. Памятаю, што ён тады цэлую вёску падняў з гэтымі сьвіньнямі».

«Ён мне вочы адкрыў. На тое, што ў краіне адбываецца, — кажа пра сустрэчу зь Севярынцам сам Валер Білібуха. — І я ўжо паціху пайшоў уперад».

Уперад — гэта значыць кандыдатам на выбары ў дэпутаты сельсавету ў 2014 годзе. З суседзяў стварыў ініцыятыўную групу, зарэгістраваў яе ў сельсавеце, сабраў па вёсцы подпісы за вылучэньне і выставіўся кандыдатам. Альтэрнатывы не было, і Білібуха зь лёгкасьцю стаў дэпутатам сельсавету з вынікам 105 галасоў «за».

«У райвыканкаме ўсё зразумелі, толькі калі ў СМІ шум пачаўся, — кажа пра сваю першую перамогу Білібуха. — Ачухаліся, але ўжо позна было».

«Дэпутат сельсавету можа ўсё»

За чатыры гады дэпутацтва Валер Білібуха стаў мясцовай славутасьцю. Зь дзясятка спыненых на вуліцах выпадковых мінакоў яго ведалі ўсе. І амаль усе прызналіся, што галасавалі за апазыцыянэра. «Ну і што, што ён у апазыцыі? Абы нешта рабіў», — тыповы адказ пра перамогу Білібухі на выбарах. У Жычыне, да якога ад дому дэпутата тры няпоўныя кілямэтры, пра свайго старасту адзываюцца яшчэ лепш.

«Я адразу пачаў з вуліц, — кажа Білібуха пра сваё першае дэпутацтва. — Зрабілі вуліцу Садовую, там не праехаць было. Зьнялі на відэа, запрасілі журналістаў, і ўлады адразу вуліцу зрабілі. Ну вось так пакрысе, пакрысе і пайшло».

Потым была барацьба за чыстую ваду. Новаабраны дэпутат сельсавету хадзіў па хатах і зьбіраў подпісы жыхароў пад заклікам да ўладаў пачысьціць водаправод. Посьпех гэта прынесла толькі частковы. Трубы прачысьцілі, а новую станцыю ачышчэньня вады паабяцалі толькі ў пэрспэктыве. Білібуха таксама браўся за вулічнае асьвятленьне, добраўпарадкаваньне могілак і іншыя важныя для вяскоўцаў справы. Дапамагчы ўдавалася не заўсёды, але людзі ацанілі.

Вольга

«Я за Валеру галасавала, як усе. Чаму? Мы з двух зол выбіраем меншае. Ён людзям нічога дрэннага не зрабіў. Людзям дапамагае. Магчыма, ён недзе ў нечым і занадта ўжо крытычны. Што гэта значыць? Шумны ён, шмат крычыць. Але дабіваецца свайго. Дарогу вось нам падсыпаў. А што ён апазыцыянэр... Я Валеру даўно ведаю, вырасла ў той жа вёсцы, што і ён. У кожнага свой выбар. У нас жа свабодная краіна, не?»

Сяргей

«А я, дарэчы, ня ведаю, ці ён перамог. Перамог? Ну. цікава, значыць, выйграў. Значыць, давяраюць яму людзі, хочуць, каб нешта памянялася. Ён хоць нешта робіць. Ну як робіць, тут жа не ад яго залежыць. Але не сядзіць, як некаторыя. Выйграюць выбары, адседзяць свой тэрмін... Спрабуе нешта зрабіць. Былі б у яго грошы, магчымасьці, больш бы мог. Але патрабуе, стараецца. Людзям гэта падабаецца ў першую чаргу... Білібуха тут адзін такі актыўны. Навошта яму гэта трэба? Кожнаму свая дарога».

Алена

«Дапамагае нам, стараецца. З дровамі дапамагае, па-чалавечы ён мужык нармальны. Тут усе за яго, я думаю. За нас ніхто, акрамя яго, ніколі не заступаўся. Вось закрылі ў нас краму, аўталаўкі толькі былі. А тут напалову старыя людзі жывуць у вёсцы, напалову тыя, хто працуе. Калі пасьпееш у тую аўталаўку, калі не. А Валера пайшоў па інстанцыях, выбіў нам краму, адкрылі зноў. Таму я за Валеру галасавала. Ці ня страшна за апазыцыянэра галасаваць? Ды ня ў гэтым жа справа. Я бачу, што чалавек нармальны, стараецца. Апазыцыянэр ён ці не... Разумееце, я Валеру даўно ведаю, мы зь ім яшчэ г... разам на фэрме мясілі. Ён не такі, што сказаў і забыў. Ён зробіць».

Адну з дарог направіць атрымалася толькі пасьля звароту ў аблвыканкам

«Паабяцаў людзям зрабіць, там чалавек 10 жыве, але ўсё ніяк не ўдавалася, — кажа Білібуха. — Тады я падышоў аднойчы да старшыні райсавету Мікалая Чыжа. Кажу — вы, відаць, ведаеце, хто я і чым я дыхаю. Ён мне паабяцаў пад’ехаць на тую вуліцу і паглядзець. Лета прайшло — нічога. Я да абласнога дэпутата, ён мне пра палявыя працы расказвае. Начальнік ДРБУ паслаў туды грэйдэр, параўнялі крыху, а мне даслалі ліст. Маўляў, грошай на большае няма. Ну, няма і няма. Я гэты ліст узяў і ў аблвыканкам Сумару (тагачасны старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму. — РС) выслаў. Праз тыдзень рух пачаўся. І сродкі знайшліся, і гравій, і шчэбень. Дарогу зрабілі за два дні».

За зварот у аблвыканкам Білібуха потым атрымаў «па вушах» ад старшыні райсавету Чыжа. Дэпутата сельсавету абвінавацілі ў «звароце да губэрнатара вобласьці, мінаючы раённае начальства».

«Я потым на сходзе на ўсю залю сказаў — шаноўныя прысутныя, мяне тут брудам паліваюць», — кажа дэпутат.

Апошняя на дадзены момант гісторыя супрацьстаяньня дэпутата сельсавету Білібухі зь мясцовымі ўладамі тычыцца закрыцьця стацыянарнай крамы ў вёсцы Жычын, дзе Білібуха абраны старастам. У канцы лета краму закрылі, і ў Жычын пачалі езьдзіць аўтакрамы, што моцна не спадабалася мясцовым.

«Я тады людзям сказаў, што краму закрыюць толькі праз мой труп, — кажа Білібуха. — Сабраў подпісы, 56 штук (усяго ў Жычыне жыве 84 чалавекі), — і ў сельсавет. Потым сабраў людзей на сход у сельсавет, уладам дзявацца ўжо не было куды».

Будынак крамы ў Жычыне, адкрыцьця якой дамогся дэпутат Білібуха

Краму адкрывалі мясцовыя ўлады, «забыўшыся» пра дэпутата

Нанова краму адкрылі 31 студзеня. Білібуху, па яго словах, на адкрыцьцё нават не паклікалі. Запрасілі абласнога дэпутата і старшыню сельсавету.

«Дэпутат сельсавету можа ўсё, — упэўнена заяўляе Валер Білібуха. — Галоўнае, каб людзі падтрымалі. Яны 100% ведаюць, што я апазыцыянэр. Але людзі сказалі, што ім бяз розьніцы. Абы нешта рабіў».

Вёска Жычын, дзе мясцовыя жыхары абралі Білібуху старастам

«Узялі мікрааўтобус і самі выбаршчыкаў галасаваць прывезьлі»

Выбары 2018 году для Валера Білібухі складаліся вельмі няпроста — горш, чым у 2014-м. Пачалося з таго, што ў сельсавеце вырашылі перакроіць выбарчыя акругі. Білібуха застаўся бяз значнай часткі выбаршчыкаў, якім дапамагаў папярэднія чатыры гады. Затым нечакана ў апазыцыянэра зьявіўся канкурэнт — мясцовы вэтэрынар (усе астатнія выбарчыя акругі ў сельсавеце — безальтэрнатыўныя).

«Быў цяпер канкурэнт. Я ведаю, што вэтэрынар, дзе жыве. Але ніколі не размаўляў нават зь ім, — кажа Білібуха. — Яны мне яго падкінулі, каб „вырубіць“ любымі шляхамі. Улада на любую гадасьць ідзе, на любую подласьць. Па іншых акругах безальтэрнатыўныя выбары былі, а па маёй — не. Відаць, далі каманду маладым спэцыялістам, якія жывуць у шматкватэрных дамах, за яго галасаваць».

Алена

«Чаму за яго галасуюць? Бо дамагаецца ўсяго, дарогі робіць. Хто да яго ні прыйдзе, то Валера стараецца дапамагчы. Вось краму зрабіў нам. Тут жа бабулі старыя, як яны бяз крамы? За яго ўсе, бо такі добры, нармальны чалавек. Для людзей стараецца. Тут і сваякі ягоныя жывуць, і жонка былая. Усе яго нумар маюць, звоняць. Я сама не званіла, але ведаю, што дапамагае».

Валер

«Валера Білібуха? Добры чалавек, добры мужчына. Я за яго галасаваў, а за каго? Ён наш, мы яго ведаем. На фэрме працаваў, быў брыгадзірам. Яго і тады слухалі, ня вельмі сварыўся на людзей. Добры мужчына. Апазыцыянэр? Гэтага я ня ведаю, што ўлады супраць яго, таксама не. Што я магу сказаць? Харошы чалавек, ён і ёсьць харошы. Я Валеру даўно ведаю».

Валянціна

«Білібуха нам нічога дрэннага не зрабіў. Ён заўсёды за намі ідзе. Вось была крама закрытая, мы да яго. Нам крама трэба, маўляў. Летам яшчэ ладна, а зімой як стаяць, аўталаўку чакаць, мерзнуць? Ну, ён і зрабіў, дабіўся неяк. Вось цяпер з 9 да 16 крама працуе. Дарогу яшчэ зрабіў нам на тую вуліцу, туды і аўталаўка не магла даехаць. Таму мы за яго, а начальства — не. А чаму — хто яго ведае, ня нам ведаць. Не магу вам на гэта адказаць. Я сама за яго галасавала. Чаму не прагаласаваць за чалавека, які за людзей змагаецца? Ён тут нават і не агітаваў, навошта нас агітаваць? Мы самі ведаем, за каго трэба. А што ён апазыцыянэр, то я ў палітыку ня лезу. У нас тут агарод, праца, унукі. Хто за каго там, я ня ведаю».

За некалькі дзён да галасаваньня пра Білібуху напісала мясцовая раёнка «Маяк». У артыкуле згадалі гісторыю з судзімасьцю. «Г... м мяне паліць захацелі, — кажа ён. — Але хто мяне столькі гадоў ведае, той усё зразумеў. У кожнай сям’і па маладосьці скандалы, сваркі. Мяне ачарніць хацелі, але нічога ня выйшла. Людзі мяне ведаюць. А калі хто ня ведае, то насамрэч мог падумаць, што я забойца».

Гісторыя з судзімасьцю ў Білібухі была ў 2005 годзе. Будучага дэпутата сельсавету прызналі вінаватым па артыкуле 186 (пагроза забойствам), артыкуле 154 (катаваньне) і абавязалі выплачваць пацярпеламу боку — былой жонцы — грашовую кампэнсацыю. 30 кастрычніка 2007 году Валер Білібуха таксама быў асуджаны па частцы 1 артыкула 205 (крадзеж). На дадзены момант усе судзімасьці Білібухі пагашаныя. У Жычыне вяскоўцы пра судзімасьці свайго старасты ня згадваюць і кажуць, што за абраньне Білібухі дэпутатам галасавала нават ягоная былая жонка.

«Злосьці на яго не трымаю, — гаворыць былая жонка Валерыя Білібухі Аляксандра. — Ён у гэтай барацьбе знайшоў сябе. Мы, магчыма, і разышліся таму, што ён такі актыўны, неспакойны. Заўсёды такі быў... Мы з Валерам сварыліся, як у кожнай сям’і бывае, ведаеце. Я, магчыма, недзе спалохалася, таксама не асабліва ўмела жыць. Званіла ў міліцыю чуць што. Яны спачатку нічога не рабілі, а потым завялі крымінальную справу. На той момант я хацела толькі разысьціся з ім, а ён не. У любой сям’і такое бывае — „пайшла ты нафіг, бо заб’ю“. Мы 15 гадоў пражылі зь Валерам... Я цяпер на выбарах за яго галасавала, але не таму, што ён муж былы. Валера на самой справе нешта робіць. Быў бы хто іншы такі, я б за іншага галасавала».

На асноўнай працы Валер Білібуха валіць лес

Яшчэ адна нечаканасьць адбылася ўжо ў дзень выбараў. За дзьве гадзіны да закрыцьця ўчасткаў аказалася, што выбарчая камісія гэтым разам адмовілася ад ідэі вазіць скрыню для галасаваньня па вакольных вёсках і галасаваць дома было магчыма, толькі калі загадзя падаць заяўку. Гэтае новаўвядзеньне ледзьве не каштавала апазыцыянэру перамогі.

«Сказалі, што на гэты раз „тумбачку“ (скрыню для галасаваньня. — РС) вазіць па вёсках ня будуць, — успамінае Білібуха. — Пастаянна вазілі, кожныя выбары, а тут не. Гэта яны мяне такім чынам хацелі галасоў пазбавіць. Я на гадзіньнік — а там ужо шэсьць вечара, што рабіць? Кінуліся да знаёмага, узялі мікрааўтобус і паехалі ў Жычын. Там пабеглі па хатах, людзей сабралі, хто не галасаваў, адвезьлі на ўчастак іх. Каб ня гэта, то мог бы і прайграць. У выніку яшчэ 20% недзе тых, хто за мяне, так і не прагаласавалі. Чакалі, што да іх дадому прыедуць з камісіі».

У выніку канкурэнт Білібухі прайграў, і вальшчык лесу пераабраўся ў дэпутаты сельсавету. Паралельна Білібуха спрабаваў абрацца ў Бярозаўскі райсавет, аднак там ягоным канкурэнтам быў начальнік мясцовай чыгуначнай станцыі, і шансаў было няшмат. «Там мяне людзі проста яшчэ ня ведаюць», — кажа пераабраны дэпутат.

«У яго ўсяго толькі 50,9% галасоў»

Як так атрымалася, што сябра апазыцыйнай да ўладаў БХД, вальшчык лесу Валер Білібуха змог выйграць выбары ў сельсавет другі раз запар? Як яму ўдалося ўключыць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчай камісіі?

«Гэта беларускі цуд адбыўся, — кажа Білібуха. — Які ў нас падлік галасоў на выбарах, што ёсьць нехта яшчэ з апазыцыі ў камісіях? Няма нікога... У іншых апазыцыянэраў, відаць, не атрымаецца паўтарыць тое, што я зрабіў. Улады ўжо апякліся на мне, цяпер кожнага будуць прашчупваць. Цалкам шчупаць будуць, гэтым жа КДБ руліць».

Білібуха кажа, што пакуль ня мае праблемаў на працы, ідэоляг толькі пацікавіўся, ці на самой справе ён зьбіраецца ісьці ў дэпутаты. Міліцыя і КДБ таксама не праяўляюць да яго вялікай цікавасьці. Увечары па вёсцы хадзіць пераабраны дэпутат не баіцца. Пэрыядычна езьдзіць у Менск на сходы БХД, але займацца нечым, акрамя праблемаў Кабакоў і Жычына, ня хоча.

«Не, не хачу я ў вялікую палітыку, — кажа Білібуха. — Каб такімі рэчамі займацца, трэба вышэйшая адукацыя... Не хачу. Давайце я вам лепш свой ролік пакажу ў інтэрнэце, 70 тысяч праглядаў набраў».

Старшыня Першамайскага сельсавету Валер Шупенік першапачаткова пагадзіўся паразмаўляць са Свабодай пра дэпутацтва Валера Білібухі і яго дзейнасьць у Кабаках і Жычыне. Аднак пасьля нечаканага тэлефанаваньня (са слухаўкі данеслася «Валер Пятровіч, не давайце ніякіх камэнтароў»), якое адбылося проста падчас размовы, катэгарычна адмовіўся працягваць гутарку, не сказаўшы пры гэтым, хто яму званіў і адкуль. Пагаварыць зь ім яшчэ раз удалося празь некалькі дзён.

«Не такі ён хвалёны дэпутат, як сам сябе называе, — сказаў старшыня сельсавету ў размове са Свабодай. — У яго цяпер усяго 50,9% галасоў, паводле афіцыйных падлікаў. За канкурэнта прагаласавалі 38%, за Білібуху — толькі 50,9%. У 2014 годзе было 90%, цяпер толькі 50%. Вы самі ўсё бачылі, калі прыяжджалі да нас у Кабакі, самі разьбярыцеся».