Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Грыцкевіч: гэта ня першае навуковае "адкрыцьцё" Лукашэнкі


Ганна Сурмач, Прага 2 сакавіка Аляксандар Лукашэнка выступіў на III Усебеларускім сходзе. Беларускага гісторыка прафэсара Валянціна Грыцкевіча, старшыню беларускай суполкі ў Санкт-Пецярбургу асабліва ўразіла заява Лукашэнкі пра тое, што Скарына "тварыў у Піцеры".

(Грыцкевіч: ) "Восіп Мандэльштам некалі казаў: "Навошта сьмяяцца, калі ўсё жыцьцё – анэкдот". У дадзеным выпадку мы маем справу з навуковым "адкрыцьцём" у двукосьсях ад чалавека, які скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага пэдінстытуту і які нават ня ведае, што Пецярбурга, а тым больш "Піцера", не было, калі жыў і працаваў Скарына ў 16-м стагодзьдзі. [Пецярбург быў заснаваны ў 1703 годзе.]

І пра павагу да Скарыны кажа чалавек, які адабраў імя Скарыны ня толькі ў галоўнага праспэкту сталіцы Менску, але і ў Навуковага культурна-асьветнага цэнтру. Гэтым ён паказаў, як не паважае постаць Скарыны, сьвятую для беларусаў.

Гэта ня першае навуковае "адкрыцьцё" чалавека, які прэтэндуе на ўсяведа, асабліва пасьля таго, як ён прыпісаў Васілю Быкаву пісаньне вершаў, па якіх ён нібыта навучаўся ў школе.

Як ён навучаўся ў школе і як ён навучаўся ў інстытуце, адразу бачна па такіх псэўданавуковых ягоных "адкрыцьцях".

Я чуў таксама частку ягонага выступу пра тое, як абвінавачваліся людзі, якія зьяўляюцца кандыдатамі ў выбарах на пасаду прэзыдэнта ў тым, што яны прадаліся Захаду. Гэткія заявы я як гісторык добра ведаю. Гэта ўсё праходзіла савецкая краіна і пры Леніне, і пры Троцкім і асабліва пры Сталіне, а таксама пры Хрушчове і пры Брэжневе.

Каб зваліць на кагосьці віну за свае правалы, абвінавачваюцца супраціўнікі, гаворыцца. што яны ворагі народу, што працуюць за чужыя грошы”.

(Карэспандэнтка: ) "З трыбуны Ўсебеларускага сходу Лукашэнка выказаўся пра тое, што, маўляў, цяпер упершыню ў гісторыі, гэта значыць пры ім, пабудавана беларуская незалежная дзяржава."

(Грыцкевіч: ) “Гэта таксама заява хутчэй з рэпэртуару не навукоўца, а дылетанта, які не разумее, што існавала такая літоўска-беларуская ці беларуска-літоўская дзяржава як Вялікае княства Літоўскае.

Да таго ж былі і Полацкае княства, і іншыя беларускія княствы. Гэта старыя перапевы савецкай песьні, калі ўся гісторыя беларусаў пачыналася з 1919 году, а Беларускай Народнай Рэспублікі, як пераемніцы ВКЛ, быццам бы не было.

Калі не было б БНР, не было б БССР, не было б Рэспублікі Беларусь і не было бы ніякіх прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх перамог Лукашэнка.

Ён прыйшоў па сутнасьці па масточку з жывых целаў тых, хто ствараў нашу дзяржаву вякамі.

Ну што ж, ад невукаў, прабачце, іншага чакаць няможна".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG