Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе з расейскімі вайсковымі базамі ў Сырыі пасьля падзеньня рэжыму Асада. Аналіз Свабоды


Уладзімір Пуцін на авіябазе Хмэймім у Сырыі. 11 сьнежня 2017
Уладзімір Пуцін на авіябазе Хмэймім у Сырыі. 11 сьнежня 2017

Карэспандэнты Радыё Свабода Майк Экель і Марк Крутаў дасьледавалі стан і пэрспэктывы расейскіх базаў у Сырыі пасьля падзеньня рэжыму Башара Асада.

Імклівы наступ праціўнікаў Башара Асада, які прывёў да падзеньня яго рэжыму, выклікаў пытаньні пра будучыню расейскіх вайсковых базаў у Сырыі — марской у Тартусе і авіяцыйнай у Латакіі. Расея сьцьвярджае, што зьбіраецца весьці з новымі ўладамі краіны перамовы пра іх лёс, а пакуль вывела свае караблі ў мора.

Z-блогеры тым часам чакаюць атакі антыасадаўскіх сілаў на авіябазу Хмэймім. Экспэрты лічаць, што гаварыць пра вывад расейскіх войскаў з Сырыі пакуль рана.

Дзевяць гадоў таму Расея дапамагла Башару Асаду захаваць уладу ў грамадзянскай вайне супраць сырыйскай апазыцыі і тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава», накіраваўшы ў гэтую краіну вайсковыя караблі і самалёты, сотні вайсковых інструктараў і наймітаў ПВК «Вагнэр», а таксама рэканструяваўшы створаную яшчэ за савецкім часам базу ВМФ у Тартусе і стварыўшы авіябазу на аэрадроме Хмэймім у Латакіі.

«Вельмі цяжкая была сытуацыя. І маральны дух, і стомленасьць. Адсутнасьць боепрыпасаў, неабходных відаў забесьпячэньня, кіраваньня. Пачалася наша апэрацыя, празь некаторы час зьявіліся першыя посьпехі. Любыя перамогі натхняюць, акрыляюць, цяпер сырыйская армія набыла добры досьвед. Мы ім дапамаглі, адрамантавалі тэхніку на месцы», — казаў у інтэрвію ў 2017 годзе начальнік Генштабу УС РФ, генэрал Валерый Герасімаў.

У наступныя гады асноўнай «дапамогай» Расеі рэжыму Асада сталі бесьперапынныя авіяўдары, якія ператваралі гарады ў руіны. Менавіта за гэтую кампанію камандуючага расейскай групоўкай у Сырыі Сяргея Суравікіна расейская прапаганда стала называць «Генэрал Армагедон».

Паводле дадзеных вашынгтонскага Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў, на піку расейскага ўмяшаньня ў вайну ў Сырыі, у 2017 годзе, колькасьць расейскіх вайскоўцаў у гэтай краіне дасягала 6 тысяч чалавек.

Мірныя жыхары пакідаюць разбураны бомбамі горад Алепа, 2016
Мірныя жыхары пакідаюць разбураны бомбамі горад Алепа, 2016

Пытаньне пра тое, што будзе з базамі ў Тартусе і Латакіі, узьнікла яшчэ да ўзяцьця Дамаску і падзеньня рэжыму Асада, а цяпер зрабілася яшчэ больш актуальным. Ці захочуць прадстаўнікі груповак, якія захапілі ўладу ў Сырыі, дазволіць Расеі, чые войскі абстрэльвалі і бамбавалі іх у Алепа і іншых сырыйскіх правінцыях, застацца? Гэтае пытаньне пакуль пакінутае без адказу. Тон расейскіх заяў пра лёс базаў зьмяніўся.

8 сьнежня расейскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва ТАСС паведаміла са спасылкай на крыніцу ў Крамлі, што «апазыцыя Сырыі гарантавала бясьпеку вайсковых базаў РФ». На наступны дзень прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў выказаўся менш упэўнена, заявіўшы, што перамовы пра лёс базаў у Тартусе і Латакіі «толькі чакаюцца».

Вучэньні падчас зьвяржэньня

Сырыйскім сілам, якія зрынулі рэжым Асада, ужо ўдалося ўзяць пад кантроль абодва гарады, дзе месьцяцца самыя каштоўныя расейскія вайсковыя актывы. 8 сьнежня жыхары Тартуса зьнесьлі статую Башара Асада, якая стаяла на плошчы менш як за 4 кілямэтры ад базы ВМФ Расеі — дакладней, «Пункту матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня», як ён афіцыйна называецца.

Чуткі пра ўцёкі расейскага флёту з Тартуса ўпершыню актыўна пачалі абмяркоўвацца 3 сьнежня, калі спадарожнікавы здымак паказаў, што прычал расейскага пункту матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня флёту апусьцеў.

У той жа дзень Мінабароны РФ заявіла, што караблі ўдзельнічалі ў плянавых вучэньнях, і апублікавала ў пацьверджаньне сваіх слоў відэа.

6 сьнежня зьявіўся новы спадарожнікавы здымак базы ў Тартусе. На ім відаць, што некалькі караблёў сапраўды вярнуліся ў порт.

Раніцай у панядзелак, 9 сьнежня, база ў Тартусе зноў была пустая, гэтым разам расейскае вайсковае ведамства пра вучэньні не паведамляла. Спадарожнікавыя здымкі сьведчаць, што расейскія фрэгаты і дапаможныя караблі знаходзяцца ў моры за 5–8 кілямэтраў ад прычалу.

Як піша ў сацыяльнай сетцы X старшы навуковы супрацоўнік праграмы Расеі і Эўразіі Фонду Карнегі за міжнародны мір Дара Масыкат, манэўры расейскага флёту ў Тартусе сьведчаць не пра экстранную эвакуацыю, а пра захады засьцярогі на фоне падзей у Сырыі. На думку экспэрткі, гэта спроба пацягнуць час, пакуль сытуацыя зь бясьпекай ня высьветліцца.

«Тартус для Расеі азначаў магчымасьць дэманстраваць марскую моц і палітычны ўплыў на Блізкім Усходзе практычна без супраціву, што дазваляла ёй дзейнічаць на ўзроўні, які не адпавядаў яе рэальнай вазе ў рэгіёне», — піша ў сваім блогу Фрэдрык Ван Локерэн, адстаўны бэльгійскі марскі афіцэр.

База ВМФ у Тартусе вельмі важная і для падтрымкі расейскіх інтарэсаў у Афрыцы. Менавіта адсюль Расея рэгулярна адпраўляла караблі з вайсковай тэхнікай у порт Табрук у Лібіі, як паказала расьсьледаваньне Радыё Свабода ў траўні 2024 году.

Аналітыкі расьсьледніцкай групы Conflict Intelligence Team (CIT) лічаць, што рана ці позна расейскі флёт будзе вымушаны пакінуць Тартус. «Пакуль няма дамоўленасьцяў з новай [сырыйскай] уладай, а вывад вялікай базы займае працяглы час. Калі ўдасца дамовіцца, тэхніку вернуць.

«Паколькі Турэччына закрыла пратоку Басфор для вайсковых караблёў, Расея ня можа адвесьці караблі ў Чорнае мора. Ёсьць здагадкі, што ў выпадку няўдачы з захаваньнем базы ВМФ у Тартусе Расея паспрабуе дамовіцца зь іншым саюзьнікам на Блізкім Усходзе — Лібіяй, і стварыць базу ў Табруку. Нягледзячы на тое, што інфраструктура там значна горшая, чым у Тартусе, гэта найлепшы з даступных на гэты момант Расеі варыянтаў», — гаворыцца ў апошняй зводцы Conflict Inteligence Team пра сытуацыю ў Сырыі.

Яшчэ адным сьведчаньнем таго, што расейскі флёт не пачуваецца ў бясьпецы ў Сырыі, можа быць сытуацыя з трыма цывільнымі суднамі, раней заўважанымі ў транспартаваньні збожжа з акупаваных Расеяй украінскіх рэгіёнаў у Сырыю і Лібан: «Матрос Пазыніч», «Матрос Шаўчэнка» і «Міхаіл Нянашаў». Апошнімі днямі два зь іх («Пазыніч» і «Нянашаў») рабілі чарговыя рэйсы з порту «Каўказ» у Лібан, адзін («Шаўчэнка») выйшаў з Тартуса 6 сьнежня.

8 сьнежня ўсе яны спыніліся недалёка ад Кіпру. Рашэньне, магчыма, было слушнае. Увечары 8 сьнежня Ізраіль нанёс удар па складзе боепрыпасаў у порце Латакіі ў рамках кампаніі, якая мае на мэце не дапусьціць, каб зброя і тэхніка арміі Асада трапіла ў рукі груповак, якія захапілі ўладу ў Сырыі.

Авіябаза Хмэймім

Прыкладна за 60 кілямэтраў ад Тартуса расейскія вайскова-паветраныя сілы выкарыстоўвалі авіябазу Хмэймім. Апроч разьмяшчэньня зьнішчальнікаў і верталётаў, база таксама служыла пунктам прызначэньня для вайскова-транспартных самалётаў, якія перавозілі людзей і тэхніку ў Сырыю і назад. Як высьветліла Радыё Свабода ва ўласным расьсьледаваньні ў 2019 годзе, праз гэтую авіябазу Расея таксама перапраўляла наймітаў у ЦАР і Судан.

У 2016–2017 гадах расейскія інжынэры пашырылі базу, павялічыўшы ўзьлётна-пасадачныя палосы і іх ёмістасьць. У сьнежні 2017 году Ўладзімір Пуцін зрабіў раптоўны візыт на авіябазу Хмэймім, дзе трэці раз абвясьціў аб перамозе над сырыйскімі паўстанцкімі сіламі, якіх ён назваў «тэрарыстамі». «Калі тэрарысты зноў падымуць галаву, то мы нанясём па іх такія ўдары, якіх яны пакуль і ня бачылі», — заявіў тады расейскі прэзыдэнт.

Расейскі бамбавік Су-24 на авіябазе Хмэймім, 2016
Расейскі бамбавік Су-24 на авіябазе Хмэймім, 2016

Расейская авіяцыйная групоўка ў Сырыі ўключае больш за два дзясяткі франтавых бамбавікоў і штурмавікоў Су-24 і Су-25, паводле справаздачы, апублікаванай у 2016 годзе, а таксама як мінімум восем сучасных зьнішчальнікаў-бамбавікоў Су-30 і 12 ударных верталётаў Мі-52. Зь верасьня 2015 году па студзень 2018 году, паводле ацэнак Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў (CSIS), самалёты ВКС РФ зрабілі больш за 34 тысячы баявых вылетаў. Расейскія войскі разгарнулі ў Латакіі балістычныя ракеты «Іскандэр-М», а таксама сучасныя сыстэмы супрацьпаветранай абароны вялікай далёкасьці С-400 і сродкі СПА блізкага радыюсу дзеяньня, такія як «Панцыр» і «Тор».

У выпадку эвакуацыі авіябазы гэтую тэхніку Расеі давядзецца вывозіць паветраным або марскім транспартам. Магчыма, гэты працэс ужо пачаўся. Як паказваюць вывучаныя Радыё Свабода спадарожнікавыя здымкі, апошнімі днямі на авіябазу Хмэймім рэгулярна прыляталі з Масквы вайскова-транспартныя самалёты Міністэрства абароны Іл-76 і Ан-124 «Руслан».

Цікава, што ў кірунку Сырыі, як вынікае з дадзеных сэрвісу Flightradar24, яны праляталі над тэрыторыяй Турэччыны, а назад былі вымушаны аблятаць яе. Афіцыйна Турэччына закрыла сваю паветраную прастору для расейскіх вайсковых самалётаў, якія накіроўваюцца ў Сырыю, яшчэ 23 красавіка 2022 году, празь месяц пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Тым ня менш, лічыць Дара Масыкат, у выпадку з авіябазай Хмэймім таксама пакуль рана гаварыць пра «ўцёкі» расейскіх вайскоўцаў.

«Эвакуацыя запатрабуе сотняў вылетаў Іл-76 і Ан-124, а ня некалькіх. Калі расейскія войскі былі разгорнутыя ў Сырыі ў 2015 годзе, яны зрабілі амаль 300 такіх вылетаў за два тыдні, а гэта было яшчэ да пашырэньня базы», — адзначае экспэрт.

Масыкат таксама дапускае, што вайскова-транспартныя самалёты маглі ня толькі вывозіць грузы або людзей, але і даставіць з Расеі вайскоўцаў і наймітаў, а таксама зброю і боепрыпасы для абароны базаў.

Высновы

Найлепшае тлумачэньне імклівага краху Асада і яго арміі — адсутнасьць падтрымкі з боку двух наймацнейшых саюзьнікаў Дамаску: Ірану і Расеі. У другім выпадку прычына крыецца ў расейскім уварваньні ва Ўкраіну.

Па заходніх ацэнках, страты Расеі ў гэтай вайне перавысілі 600 тысяч чалавек, а эканоміка працуе на мяжы магчымасьцяў. Гэта азначае, што ў Расеі практычна не было рэзэрваў — ні людзкіх, ні матэрыяльных — каб падтрымліваць Асада на ранейшым узроўні.

Алепа, 30 лістапада 2024
Алепа, 30 лістапада 2024

Крэмль, магчыма, усё ж зможа заключыць пагадненьне з кіраўніцтвам груповак, якія зрынулі Асада, і захавае доступ да аднаго ці абодвух аб’ектаў у Сырыі. Калі гэтага не адбудзецца, здольнасьць Расеі дэманстраваць ваенную ці эканамічную моц на Блізкім Усходзе і ў паўночнай Афрыцы будзе сур’ёзна абмежаваная.

Экспэрты адзначаюць, што частку авіяцыйных апэрацый Расея можа перанесьці ў Лібію, прыкладна за 1500 кілямэтраў на паўднёвы захад. Пры гэтым лятаць з Расеі ў Лібію зь цяжкім узбраеньнем на борце — нават калі Расея зможа забясьпечыць права пралёту праз Турэччыну — будзе складаней, чым праз Сырыю.

Расейскі тэлеграм-канал «Два маёры» ў панядзелак напісаў са спасылкай на неназваныя крыніцы, што групоўкі, якія захапілі ўладу ў Сырыі, «маюць намер памацаць абарону» авіябазы Хмэймім.

«Зробленыя захады сьвятламаскіроўкі, асабовы склад заняў пазыцыі», — пішуць аўтары канала. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма. Праваенныя блогеры і «ваенкоры», здаецца, ужо ў думках разьвіталіся з расейскай вайсковай прысутнасьцю ў Сырыі.

«Можна, на жаль, зрабіць несуцяшальныя высновы: вайсковая прысутнасьць Расеі ў Блізкаўсходнім рэгіёне вісіць на валаску», — піша Рыбар. «Нейкіх асаблівых пакут наконт таго, што мы страчваем Блізкі Ўсход, у мяне няма. Нам бы ў Курскай вобласьці сёньня перамагчы, а ўжо потым пачнём ратаваць астатні сьвет», — кажа ва ўнісон яму аўтар тэлеграм-канала Fighterbomber, адстаўны расейскі лётчык Ільля Туманаў, які сам ваяваў у Сырыі.

Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі

  • З 2011 году ў Сырыі ішла грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Башара Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў. Расейцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
  • Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада 2024 году. Іх узначаліў Мухамад аль-Джуляні. Тады сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі ўрадавага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс).
  • 8 сьнежня паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск, а падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад. Тым самым быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну.
  • Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве буйныя расейскія вайсковыя базы і некалькі дзясяткаў вайсковых аб'ектаў.
  • На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сэйдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень. Паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011-га па 2016 год.
  • На памежных пунктах Сырыі 9 сьнежня былі чэргі з сотняў сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца ў краіну пасьля падзеньня рэжыму Асада. Найбольшыя чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
  • У амбасадах Сырыі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Менску, пачалі замяняць сьцягі на зялёна-бела-чорны з чырвонымі зоркамі, пад якімі ішлі паўстанцы.
  • 10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Ён будзе заставацца на часовай пасадзе да 1 сакавіка.
  • На чале паўстанцаў стаіць ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, і абвясьціла для іх амністыю. Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
  • «Хаят Тахрыр аш-Шам» — ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG