Цэнтар нацыянальнага супраціву, які зьвязваюць з украінскай вайсковай выведкай і Сіламі спэцыяльных апэрацый Украіны, паведаміў, што Беларусь набыла ў Расеі і пачала ўсталёўваць на сваёй мяжы сыстэмы назіраньня тыпу «Мурам-П» і «Мурам-М», а таксама станцыі радыёэлектроннай барацьбы.
«Для трэнаваньняў і інструктажу ў Беларусь прыбылі адмыслоўцы з Узброеных сіл Расеі і ад вытворцаў. Асноўная мэта — навучыць беларускіх вайскоўцаў супрацьстаяць бесьпілётнікам», — адзначаецца ў паведамленьні.
Комплекс «Мурам-П» — сыстэма кругласутачнага відэа-цеплавізійнага назіраньня, кантролю і аховы адкрытых участкаў мясцовасьці, а «Мурам-М» дазваляе працяглы час зьбіраць зьвесткі на любой мясцовасьці, найперш — пра жывую сілу і тэхніку на вялікай адлегласьці. Асаблівасьць гэтых комплексаў тая, што іх можна разгарнуць усяго за дзьве гадзіны, а для абслугоўваньня патрэбны разьлік з трох вайскоўцаў.
- Аляксандар Лукашэнка і вайсковае кіраўніцтва Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволілі з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
- Пасьля выхаду расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей Украіна пачала ўмацоўваць сваю мяжу зь Беларусьсю, каб перадухіліць магчымы паўторны наступ зь беларускай тэрыторыі.