Беларускі літаратар Андрэй Хадановіч атрымаў мэдаль Падзякі Эўрапейскага Цэнтру Салідарнасьці ў Гданьску. Яго ўзнагародзілі разам з трыма ўкраінцамі — Ёзэфам Зісэльсам, Багданам Асадчуком і Барысам Лявіцкім. Двух апошніх уганаравалі пасьмяротна.
«Абяцаў сабе не хвалявацца й не равець, але ў часе ўручэньня музыкі зайгралі „Адажыё“ нашага Яўгена Глебава — і я расклеіўся», — напісаў Хадановіч у сваім фэйсбуку.
Старшыня журы — Лех Валенса. Узнагароду заснавалі на 30-годзьдзе польскага руху «Салідарнасьць», дзейнасьць якога спрычынілася да падзеньня камуністычнага рэжыму ў Польшчы.
«Дзякуй Цэнтру і яго дырэктару Базылю Керскаму за падтрымку і салідарнасьць! Слава Украïнi! Жыве Беларусь! За нашу і вашу свабоду!», — дадаў Хадановіч.
Мэдалём уганароўваюць людзей, якія ўнесьлі свой уклад у аднаўленьне вольнай Польшчы — гэта выбітныя інтэлектуалы, дысыдэнты з Усходняга блёку, палітыкі, журналісты, мастакі і сотні тых, хто стыхійна арганізоўваў камітэты падтрымкі, зборы ежы, абсталяваньня і фінансавай дапамогі для падпольля, калі пачулі аб увядзеньні ў Польшчы ваеннага становішча.
Мэдаль таксама ўручаюць тым, хто ў духу ідэалаў Салідарнасьці выступае за ўнівэрсальныя правы чалавека, займаецца прасоўваньнем ідэі салідарнасьці як асновы эўрапейскага парадку, працуе на карысьць паразуменьня паміж народамі, будуе на дыялёгу сацыяльны і маральны парадак.
За час існаваньня ўзнагароды мэдаль атрымалі 722 чалавекі, у тым ліку 65 пасьмяротна.