Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спонсарам футбольнай каманды зь Менску стала рытуальная служба


Гулец футбольнага клюбу «Трактар» і новая форма каманды
Гулец футбольнага клюбу «Трактар» і новая форма каманды

«Трактар» ужо зрабіў фатасэсію з катафалкам. Падобныя выпадкі былі ў Заходняй Эўропе, але ў Беларусі такое ўпершыню.

У менскага футбольнага клюбу «Трактар» зьявіўся спонсар, якога ў беларускім футболе яшчэ не было ні ў каго. Галоўным партнэрам каманды стала «Гарадзкая рытуальная служба».

Футбалісты клюбу ўжо зрабілі фатасэсію з катафалкам на фоне, а на кашулях каманды будзе разьмяшчацца надпіс Ritual.by, паведамляе суполка «ФБ. Вторая лига», якая піша пра трэці па сіле ўзровень беларускага футболу.

«Трактар» — футбольны клюб зь Менску, заснаваны на Менскім трактарным заводзе (МТЗ) у 1947 годзе. Каманда ў розныя гады гуляла ў чэмпіянаце БССР і першынстве Менску, прыпыняла сваю дзейнасьць, нейкі час функцыянавала толькі футбольная школа. У 2015-м годзе адбылося адраджэньне дарослай мужчынскай каманды, якая ў 2022-м годзе заявілася на чэмпіянат ІІ лігі чэмпіянату Беларусі.

Варта адзначыць, што рытуальнае бюро ўпершыню стала спонсарам футбольнай каманды ў Беларусі. А вось у эўрапейскім футболе такія выпадкі ўжо здараліся. Розныя кампаніі па арганізацыі пахавальных цырымоній у розныя гады былі спонсарамі «Звольле» (Нідэрлянды), «Модэны» (Італія), «Паліяпіргасу» (Грэцыя) і іншых каманд.

Ёсьць у футболе і іншыя прыклады, калі кампаніі, што займаюцца спэцыфічнымі паслугамі, пачынаюць фінансава падтрымліваць футбольныя клюбы. Напрыклад, у Ангельшчыне студэнцкая дружына «Рутэрфорд Рэйдэрс», якая гуляла ў адной зь мінорных ліг, у жарт зьмясьціла на футболках лягатып рэйтынгавага порнасайту Pornhub. Неўзабаве сама кампанія прапанавала камандзе сапраўды стаць яе спонсарам.

Аднак празь некалькі гульняў кіраўніцтва лігі, дзе гуляў «Рутэрфорд Рэйдэрс», забараніла футбалістам выходзіць на поле ў кашулях з рэклямай сайту з порнаграфічнымі матэрыяламі. Дырэкцыя самой каманды тады патлумачыла заключэньне дамовы з такім спонсарам тым, што футбалістаў перад гэтым не захацела падтрымаць ні адна арганізацыя з рэгіёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG