Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 6 лістапада. За абразу міліцыянтаў асудзілі віцебскага цесьляра. Ягору Дуднікаву выставілі новае абвінавачаньне

абноўлена

Аляксандар Сафонаў у судзе, фота — «Віцебская Вясна»
Аляксандар Сафонаў у судзе, фота — «Віцебская Вясна»

У Першамайскім судзе Віцебску асудзілі цесьляра за абразу міліцыянтаў. Гэта завяршэньне адной з больш як паўсотні заведзеных справаў за камэнтары пад допісам Вольгі Карач.

41-гадовага Аляксандра Сафонава прызналі вінаватым у абразе бабруйскага міліцыянта Андрэя Комара і ганцавіцкага Ігара Вольніча. Абодвух ён абразіў у «Аднаклясьніках» пад допісамі Вольгі Карач.

Сафонаў адмовіўся ад адваката. Ён сказаў, што ягонага клопату патрабуюць маці-пэнсіянэрка і сын, і прасіў не абмяжоўваць ягонай свабоды. Але судзьдзя Алена Жук пакарала яго двума з паловай гадамі «хіміі», паведаміла «Віцебская Вясна».

Абражаныя міліцыянты на суд не зьявіліся. І ня дзіва, бо паводле праваабаронцаў толькі за абразу даішніка з Ганцавіч Ігара Вольніча завялі больш за 50 крымінальных справаў па ўсёй краіне.

Вось некаторыя прысуды за абразу Вольніча:

  • Аляксандра Андрасюка ў Менску асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі»,
  • Андрэя Андрэева ў Жлобіне на паўтара года «хіміі»,
  • Эдуарда Баразьдзіна ў Любані на 1 год «хатняй хіміі»,
  • Арёма Барашку ў Жлобіне на 3 гады «хатняй хіміі»,
  • Дзьмітрыя Бурдэнку ў Лепелі на паўтара года «хатняй хіміі»,
  • Аляксандра Васейкіна ў Віцебску на 2 з паловай года «хатняй хіміі»,
  • Аляксандра Вярэніча ў Пінску на 2 гады «хіміі»,
  • Аляксандра Гладкіх у Рэчыцы на 2 гады « хіміі»,
  • Сяргея Захаранку ў Гомлі на 2 гады «хіміі»,
  • Мікалая Лёгкага ў Жлобіне на 2 гады «хіміі»,
  • Сяргея Машніцкага з Лоева на паўтара году «хатняй хіміі»,
  • Аляксандра Міхайлюка ў Пінску на паўтара года «хатняй хіміі»,
  • Віталя Сайко ў Рэчыцы на паўтара года «хіміі»,
  • Валерыя Сенечку ў Рэчыцы на 2 гады «хатняй хіміі»,
  • Сяргея Чарнавокага ў Лунінцы на 2 гады «хатняй хіміі»,
  • Аляксандра Шматава ў Віцебску на 2 гады «хіміі».

За абразу Андрэя Комара на 2 гады «хатняй хіміі» раней асудзілі

  • Алесю Бахун у Гомлі,
  • Дзьмітрыя Бубенчыка ў Баранавічах,
  • Аляксандра Мельнікава ў Менску.

Абодва абражаныя сілавікі таксама атрымліваюць маральныя кампэнсацыі па 1000–1500 рублёў за раз.

Палітзьняволенаму расейцу Ягору Дуднікаву выставілі новае абвінавачванне

Ягор Дуднікаў
Ягор Дуднікаў

У лістападзе 21-гадоваму грамадзяніну Расеі Ягору Дуднікаву выставілі новае абвінавачаньне — у распальваньні сацыяльнай варожасьці групай асобаў (ч. 3 арт. 130 КК). Цяпер яму пагражае да 12 гадоў зьняволеньня, паведаміла «Вясна».

Ягора Дуднікава затрымалі ў Менску на пачатку траўня па падазрэньні ў тым, што ён быў адным з адміністратараў прызнанага экстрэмісцкім тэлеграм-канала «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі». Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (ч. 1 арт. 342 ).

Паручыцеляў Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўкага пакаралі буйнымі штрафамі

Сяргей Драздоўскі (зьлева) і Алег Граблеўскі
Сяргей Драздоўскі (зьлева) і Алег Граблеўскі

5 лістапада суд Партызанскага раёну аштрафаваў дваіх паручыцеляў Сяргея Драздоўскага на 2900 рублёў кожнага, а таксама паручыцеляў Алега Граблеўскага — аднаго на 5800 рублёў, другога — на 7250, паведаміла «Вясна».

Прычыну штрафу і імёны даручнікаў «Вясна» не падала.

Сяргей Драздоўскі — дырэктар праваабарончай установы «Офіс па правах людзей з інваліднасьцю» (цяпер ліквідаванай). Алег Граблеўскі — юрыст гэтай установы. Іх затрымалі 3 лютага. Драздоўскага 6 месяцаў трымалі пад хатнім арыштам, Граблеўскага — у СІЗА. 31 ліпеня ім зьмянілі меру стрыманьня пад падпіску аб нявыезьдзе.

Іх абвінавацілі ў махлярстве, учыненым арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 209).

Менчука асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэсьце 9 жніўня

Ён сам прыйшоў у ГУБАЗіК, калі даведаўся пра затрыманьне сябра, зь якім яны былі разам на фота.

Гэта, а таксама наяўнасьць малалетняга дзіцяці яму залічылі як зьмякчальную акалічнасьць.

Вырак Юлія Густыр у судзе Цэнтральнага раёну Менску агучыла 5 лістапада, паведаміла «Вясна».

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG