Інтэрвію расейскаму выданьню «Коммерсант» міністар замежных спраў Беларусі даў у першай палове дня 28 траўня, яшчэ да пачатку афіцыйнага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы. Тэкст размовы Уладзімера Макея з журналістам «Коммерсанта» Уладзімірам Салаўёвым быў апублікаваны раніцай 31 траўня. Праверылі некаторыя ягоныя выказваньні.
Міністар Макей:
«Я даведаўся пра пасадку самалёта і затрыманьні адпаведных асоб з навін. Пра тое, што паступіла паведамленьне пра міну, ведалі шмат якія службовыя асобы – тыя, каму належыць ведаць. Але пра затрыманьні стала вядома ўжо бліжэй да вечара. Пачаткова ў нас не было ніякай інфармацыі на гэтую тэму».
Што вядома дакладна
Навіна аб затрыманьні Рамана Пратасевіча, які разам зь сяброўкай Соф’яй Сапегай знаходзіўся на борце лайнэра Ryanair зьявілася неўзабаве пасьля 14 гадзіны 23 траўня. Яе апублікавалі асноўныя недзяржаўныя СМІ са спасылкай на відавочцаў затрыманьня Пратасевіча ў аэрапорце. Пасьля 15:00 яна стала зьяўляцца на старонках расейскіх афіцыйных СМІ са спасылкай на МУС РБ.
Міністар Макей:
«Спачатку зьявілася паведамленьне аб міне, далей дыспэтчары папярэдзілі самалёт, і экіпаж самалёта, як было сказана, 14 хвілін прымаў рашэньне, ляцець ці не ляцець, праводзіў перамовы і з кіраўніцтвам Ryanair, і з аэрапортам Вільні».
Што вядома дакладна
Прадстаўнікі швайцарскай кампаніі Proton Technologies AG, з паштовага сэрвісу якой быў дасланы ліст з паведамленьнем аб бомбе на борце самалёта Ryanair, заявілі, што ліст у менскі аэрапорт быў дасланы праз 24 хвіліны пасьля таго, як беларускія ўлады папярэдзілі самалёт аб пагрозе.
Кіраўніцтва Ryanair таксама абвяргае заявы Ўладзімера Макея. Паводле кіраўніка ірляндзкай авіякампаніі Майкла О’Ліры, дзеяньні беларускіх уладаў можна назваць выпадкам «дзяржаўнага згону самалёта».
Міністар Макей:
«Сорак-пяцьдзесят тысяч. У агульнай масе выбарнікаў гэта ня так шмат».
Што вядома дакладна
Найбольш масавымі былі нядзельныя маршы пратэсту, якія адбыліся 16 жніўня. У той дзень людзі выйшлі на вуліцы ня толькі ў Менску, але і ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама раённых гарадах Беларусі. Дакладная колькасьць удзельнікаў масавых акцый невядомая. Паводле падлікаў недзяржаўных СМІ, 16 жніўня па ўсёй краіне на вуліцы магло выйсьці да мільёна чалавек, 400 тысяч зь якіх – у Менску.
Наступная масавая акцыя пратэсту адбылася праз тыдзень 23 жніўня. Паводле неафіцыйных падлікаў, у той дзень у Менску на вуліцы выйшла каля 300 тысяч чалавек. Па інфармацыі МУС – 20 тысяч.
Агулам за лета-восень 2020 году было затрымана больш за 30 тысяч удзельнікаў акцый пратэсту.
Міністар Макей:
«Апанэнты ўлады, якія знаходзяцца за мяжой, зьбеглыя апанэнты, кажуць, што Эўразьвяз ужо падрыхтаваў 3 мільярды эўра для Беларусі... Прэзыдэнт, выступаючы ў парлямэнце, сказаў, што пра гэтыя мільярды мы чуем яшчэ з 2010 году. Тады, па-мойму, нам абяцалі 5 мільярдаў, але цяпер лічба трохі зьменшылася».
Што вядома дакладна
28 траўня прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай апублікавала паведамленьне, дзе гаварылася пра аб’ём фінансавай дапамогі ўраду Беларусі ў выпадку правядзеньня новых, дэмакратычных выбараў. Штаб Ціханоўскай спасылаўся на эканамічны плян Эўразьвязу, прапанаваны старшынёй Эўрапейскай камісіі Урсулай фон дэр Ляен. Аб’ём дапамогі ацэньваецца ў 10 мільярдаў даляраў за першыя тры гады, у фінансаваньні праграм могуць прыняць удзел Міжнародны валютны фонд, Сусьветны банк і Міжнародная фінансавая карпарацыя.
У 2010 годзе, яшчэ напярэдадні дня прэзыдэнцкіх выбараў, зьяўлялася інфармацыя, што ў выпадку празрыстай працэдуры галасаваньня і падліку Беларусь можа атрымаць ад ЭЗ дапамогу ў памеры 3 мільярды эўра цягам трох наступных гадоў. Выбары скончыліся разгонам масавай акцыі пратэсту, затрыманьнем каля 700 чалавек, большасьці кандыдатаў у прэзыдэнты прысудзілі вялікія тэрміны зьняволеньня. Старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк заявіў, што ўлада ўтрымліваецца Аляксандрам Лукашэнка незаконна. На Беларусь былі накладзеныя санкцыі ЭЗ і ЗША.
Міністар Макей:
«Наколькі мне вядома, яна вяла так званы сайт карнікаў... «Чорная кніга Беларусі», дзе фіксаваліся асабістыя зьвесткі прадстаўнікоў праваахоўных структур, дзяржаўных службоўцаў. Ва ўсім сьвеце існуе правіла аб тым, што выдаваньне асабістых зьвестак катэгарычна забаронена, гэта зьяўляецца злачынствам і жорстка караецца».
Што вядома дакладна
У чым абвінавачваюць Соф’ю Сапегу, афіцыйна не паведамлялася, гэта зьяўляецца тайнай сьледзтва. Адвакат дзяўчыны Аляксандар Філановіч таксама ня можа раскрыць падрабязнасьцяў справы, зь яго ўзялі падпіску аб невыдаваньні. Пра яе датычнасьць да згаданага міністрам тэлеграм-каналу вядома выключна зь прызнаньня Соф’і, зробленага на камэру сілавікоў неўзабаве пасьля затрыманьня.
Міністар Макей:
«У нас ёсьць доказы, што задоўга да выбараў пэўныя няўрадавыя арганізацыі адбіралі тут адпаведных асобаў з крымінальным мінулым, спартовага целаскладу і накіроўвалі ў суседнія краіны, дзе яны праходзілі двухтыднёвыя, трохтыднёвыя курсы аб правядзеньні пратэставых акцый, аказаньні супраціву праваахоўным структурам. Гэта што, нармальна?».
Што вядома дакладна
Інфармацыя аб падрыхтоўцы «баевікоў» у лягерах на тэрыторыі суседняй дзяржавы агучвалася 30 ліпеня 2020 году, на адмысловым паседжаньні Цэнтрвыбаркаму. На ім, акрамя зарэгістраваных кандыдатаў у прэзыдэнты, прысутнічаў старшыня Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў.
Ён паведаміў аб выяўленьні каля 170 баевікоў, якія дзейнічаюць «у лясах Беларусі». А таксама аб існаваньні месцаў іхнай падрыхтоўкі на тэрыторыі Расеі, у ваколіцах Пскова. Супраць затрыманых «вагнэраўцаў» у Беларусі завялі крымінальную справу, аднак неўзабаве ўсіх іх адпусьцілі на свабоду, пра лёс справы супраць іх нічога невядома. Таксама у свабодным доступе адсутнічае інфармацыя аб завядзеньні крымінальных спраў за падрыхтоўку экстрэмістаў у замежных лягерах.