Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці айца Аляксандра Надсана


Аляксандар Надсан
Аляксандар Надсан

Падзеі 15 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.


Дата дня


15 красавіка 2015 году ў Лёндане пайшоў з жыцьця айцец Аляксандар Надсан, беларускі грэка-каталіцкі сьвятар і апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы.

Часам хочацца даць партрэт чалавека адным словам. У выпадку з айцом Аляксандрам Надсанам гэтае слова — прасьветлены.

Калі гаворка пра сьвятара, ня трэба тлумачыць, прасьветлены кім.

Мне выпала наведаць не адну сотню храмаў розных канфэсіяў. Але ніводны зь іх ня быў сугучны маёй душы так, як Беларуская грэка-каталіцкая царква Сьвятых Пятра і Паўла ў Лёндане. Бо там служыў сьвятар, які болей за любую іншую сустрэтую мной духоўную асобу адпавядаў свайму чыну.

У дзень, калі чорнай птушкаю ўдарыла ў грудзі вестка пра сыход духоўнага лідэра беларускай эміграцыі, гісторыка, перакладніка літургічных тэкстаў, я ня згадваў таго, што кожны можа прачытаць у сеціве.

У памяці ажыла будзённая лёнданская раніца, калі, крыху заспаўшы, на дыбачках увайшоў у царкву і не адразу зразумеў, што разам з айцом Аляксандрам нас на набажэнстве ўсяго двое.

Ды насамрэч я, вядома, памыліўся.

Разам з намі ў сьценах храму невідочна, але надзіва адчувальна былі прысутныя і архімандрыт Леў Гарошка, і біскуп Часлаў Сіповіч, і той чатырнаццацігадовы беларускі падлетак-вуніят, якога расейскія калянізатары ў асобе «окружного полицейского апостола Новицкого» ў 1839-м ня здолелі перавесьці ў «правильную веру» нават з дапамогаю дзьвюх соцень розгаў, аб чым распавёў у «Колоколе» Аляксандар Герцэн.

Цуд заўсёды быў з айцом Аляксандрам, здавалася, на адлегласьці выцягнутай рукі.

У 1990 годзе сваім першым прыездам у Беларусь пасьля пакутліва доўгага, амаль бясконцага расстаньня Аляксандар Надсан адрадзіў нашу Вуніяцкую царкву.

Калі пасьля рэфэрэндуму 1995-га з выдавецкіх плянаў выкінулі нашу з Генадзем Сагановічам кнігу пра дзесяць вякоў беларускай гісторыі, макет патрапіў да рук айца Аляксандра, і кніга выйшла. Першы раз, потым другі, трэці...

Падчас апошняга наведваньня радзімы айцец Аляксандар вянчаў нашага сына Багдана зь Янінай.

Сьвяткаваць падзею паехалі ў Музэй народнай архітэктуры ў Строчыцах.

Перад застоліцай завіталі ў колішнюю вуніяцкую Пакроўскую царкву.

Зь першымі крокамі айца Аляксандра пусты, даўно пакінуты вернікамі храм страпянуўся, ажыў, адгукнуўся нечаканымі проймамі, гукамі й пахамі. На вуліцы толькі што шалела непагадзь, а тут у вакенцы зазірнула сонца.

Вобраз строчыцкай Пакроўкі адгукнуўся на поўначы Лёндану, у Фінчлі, новым будынкам Беларускай вуніяцкай царквы Сьвятога Кірылы Тураўскага. Аўтар праекту храму, які ўжо адзначаны дзясяткам архітэктурных прэміяў, — колішні прыхаджанін айца Аляксандра архітэктар Цзыўай Рафаэль Со.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020.

Таксама ў гэты дзень

1432 — вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч аднавіў дзяржаўную унію з Польшчай, скасаваную вялікім князем Сьвідрыгайлам (т.зв. Гарадзенская унія).

1783 — Утвораная каталіцкая Магілёўская архідыяцэзія.

1855Канстанцін Вераніцын у Гарадку на Віцебшчыне завяршыў працу над паэмай «Тарас на Парнасе», якая доўгі час будзе лічыцца ананімнай. Толькі нядаўна беларускім архівістам удалося знайсьці аўтарскі асобнік паэмы.

2013 — Падчас маратону ў амэрыканскім Бостане адбылася сэрыя выбухаў, у выніку якіх 5 чалавек загінулі і 264 былі параненыя.

У гэты дзень нарадзіліся

1452Леанарда да Вінчы, мастак, архітэктар і навуковец

1886Мікалай Гумілёў, расейскі паэт

1912Кім Ір Сэн, камуністычны дыктатар Паўночнай Карэі. Дзень нараджэньня Кім Ір Сэна адзначаецца ў КНДР як сьвята Сонца.

1928Павел Жук, вязень ГУЛАГу, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху.

Па вайне ў будынку пошты, дзе ён працаваў бухгальтарам, здарыўся пажар. Затрымаць падпальшчыкаў так і не ўдалося, але «органы» мелі загад паказаць народу яго «клясавага ворага».

На допыце сьледчы спакойна, нават весела, сказаў Паўлу: «Ты, хлопец, не вінаваты, але ня адкруцісься ад расстрэлу, калі не падпішаш прызнаньня. Тады з улікам малалецтва атрымаеш якіх-небудзь гадоў дзесяць».

Ваенны трыбунал войскаў МГБ і сапраўды «выпісаў» яму ўсяго дзесяцігодзьдзе лягераў. Салікамск, Караганда, Енісейск, Дудзінка...

У Нарыльску Павел удзельнічаў у паўстаньні, калі пад кулямётным агнём палеглі сотні палітвязьняў. Ён вытрымаў усе кругі сталінскай апраметнай.

Вярнуўшыся праз восем гадоў на волю, Павел скончыў дзесяцігодку і працаваў на сьціплых пасадах. Разумеў, што для гэтай улады ён заўсёды будзе «ворагам народу».

Але, чакаючы лепшага часу, у ім жыла нязгасная прага праўды.

У 1990-м абласная гарадзенская газэта надрукавала артыкул Жука пра лёсы палітзьняволеных. Публікацыя, у якой бруіўся жывы чалавечы і грамадзянскі боль, выклікала велізарны рэзананс.

Неўзабаве аўтара аднагалосна абралі старшынём абласной Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Спадар Павел здолеў згуртаваць у арганізацыі больш за трыста сяброў. Ён высьветліў, што ў архіве гарадзенскага ўпраўленьня КГБ пад грыфам «Захоўваць вечна» застаюцца 15 тысяч справаў грамадзян, засуджаных у гады сталіншчыны паводле палітычных артыкулаў.

Ён лічыў сваім абавязкам несьці праўду пра тыя падзеі ў школьныя клясы й студэнцкія аўдыторыі.

Помнікам Паўлу Жуку сталася выдадзеная яго Асацыяцыяй кніга ўспамінаў былых палітвязьняў «Ніколі болей».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020.



1958 Леанід Маракоў, пісьменьнік і гісторык, дасьледнік сталінскіх рэпрэсіяў.


У Польшчы, Украіне, Ізраілі, іншых краінах ёсьць інстытуты нацыянальнай памяці.

У Беларусі быў Леанід Маракоў.

Інжынэр-радыёэлектронік паводле адукацыі, пасьпяховы бізнэсовец, гулец (мог за ноч прайграць некалькі тысяч даляраў), ён у сярэдзіне 1990-х зацікавіўся лёсам дзядзькі — паэта Валерыя Маракова, расстралянага ў чорны дзень беларускай гісторыі 29 кастрычніка 1937-га, калі ахвярамі сталінскага тэрору сталі болей за сто дзеячаў літаратуры і мастацтва, навукі і тэхнікі, буйных кіраўнікоў рэспублікі. Заняўшыся архіўнымі росшукамі, Леанід меркаваў абмежавацца выданьнем кнігі пра дзядзьку, але яна толькі разахвоціла, натхніла і распачала велізарную, проста тытанічную працу аднаго чалавека.

Так, ён быў таленавітым літаратарам, уражваў нечаканымі сюжэтамі і героямі.

Але пакліканы быў, каб сказаць жудасную праўду пра незьлічоныя злачынствы камуністычнай улады ў Беларусі. Злачынствы бяз тэрміну даўніны.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020.

У памяці

1847 — памёр Станіслаў Юндзіл, прыродазнаўца, адзін зь першых дасьледчыкаў расьліннага і жывёльнага сьвету Беларусі, доктар філязофіі і тэалёгіі.

1865 — быў забіты ў выніку замаху Абрагам Лінкальн, 16 прэзыдэнт ЗША, пераможца ў Грамадзянскай вайне.

1980 — памёр Жан-Поль Сартр, францускі пісьменьнік і філёзаф, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры за 1964 год.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG