У інтэрнэце зьявілася ініцыятыва AvocadoHelp, якая ставіць сабе на мэце «палегчыць пацярпелым у выніку мірных пратэстаў у Беларусі пошук адваката і фінансавых сродкаў на аплату яго паслуг».
Кіраўніцтва ініцыятывы перадасьць заяўкі людзей наўпрост у адвакацкую супольнасьць і будзе шукаць людзей, гатовых адрасна дапамагчы канкрэтнаму чалавеку з аплатай паслуг адваката. На сайце апублікавалі канкрэтныя этапы.
Пошук адваката:
- Заяўнік запаўняе форму на сайце, расказвае пра сытуацыю, прыкладае наяўныя дакумэнты ў справе;
- Ініцыятыва адпраўляе заяўку адвакатам, атрымлівае згоду ад адваката, які ўзяў заяўку, і перадае яму кантактныя дадзеныя чалавека, які зьвярнуўся па дапамогу;
- З заяўнікам зьвязваецца адвакат для ўдакладненьня падрабязнасьцяў у справе і заключэньня дамовы на аказаньне юрыдычнай дапамогі;
- Заяўнік дзеліцца з AvocadoHelp зваротнай сувязьзю. Таксама можна дакумэнтаваць сваю гісторыю ў ініцыятыве 23-34.net.
Аплата адвакату:
- Заяўнік запаўняе форму на сайце, расказвае сытуацыю, прыкладае ўсе патрэбныя дакумэнты і рэквізыты для аплаты;
- AvocadoHelp правярае заяўку. Пры вэрыфікацыі заяўкі ініцыятыва можа зьвярнуцца да адваката для пацьверджаньня і ўдакладненьня дэталяў аплаты;
- Пасьля ўхваленьня заяўкі, ініцыятыва накіроўвае інфармацыю для аплаты;
- Пасьля аплаты ініцыятыве дасылаюць фота ці скрыншот квітанцыі, якую AvocadoHelp накіроўвае заяўніку і/або адвакату заяўніка.
AvocadoHelp таксама зазначыла, што сапраўды гарантуе, што паспрабуе знайсьці адваката або распавесьці, як яны працуюць ва ўсіх тыпах спраў — крымінальных, адміністрацыйных і іншых. Але ініцыятыва не гарантуе, што знойдзе аплату ў крымінальных справах, бо сумы вельмі вялікія і працэсы працяглыя.