Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 125 гадоў з дня нараджэньня Кандрата Крапівы


Кандрат Крапіва
Кандрат Крапіва

Падзеі 5 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Дата дня

5 сакавіка 2000 году загінуў гісторык Мікола Ермаловіч, аўтар гістарычнай канцэпцыі аб беларускім характары Вялікага Княства Літоўскага.

Кніга Міколы Ермаловіча «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае»
Кніга Міколы Ермаловіча «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае»

Упершыню я сустрэўся зь ім у студэнцкія гады. Дзень пры дні ў чытальнай залі беларускага аддзелу Дзяржаўнай бібліятэкі зьяўляўся й заседжваўся да закрыцьця чалавек з надзіва адметным тварам — разумным, прасьветлена-адухоўленым і разам з тым нейкім безабаронным.

Прычынаю апошняга быў вельмі слабы зрок: здавалася, лінзы такіх акуляраў імгненна запаляць ад сонца паперу.

Мы пазнаёміліся нарэшце ў 1990-м, калі імя Ермаловіча ведаў кожны нацыянальна арыентаваны беларус. Ужо выйшла кнігаю ягонае славутае дасьледаваньне «Па сьлядах аднаго міту», якім мы некалі зачытваліся ў самвыдавецкім варыянце. (З працы Міколы Іванавіча вынікала, што аніякай, здавалася б, назаўсёды замацаванай у школьных і ўнівэрсытэцкіх падручніках «заваёвы літоўцамі беларускіх земляў» у гісторыі не было, а сама летапісная Літва знаходзілася на сучасным абшары Беларусі.)

Ужо было вядома, што гэта спадар Мікола пад псэўданімам Сымон Беларус нелегальна выпускаў у сярэдзіне глухіх сямідзясятых часопіс «Гутаркі», які памнажаў ягоны аднадумца мастак Яўген Кулік.

Вочы Ермаловіча амаль ня бачылі, але яго падтрымлівала шырокае прызнаньне: прыняцьце ў Саюз пісьменьнікаў, Дзяржаўная прэмія імя Кастуся Каліноўскага за кнігу «Старажытная Беларусь», мэдаль Францішка Скарыны, атрыманьне ім, маладэчанцам, менскай кватэры, што пакінула ў мінулым штодзённыя паездкі ў электрычках, дзе Мікола Іванавіч, каб не губляць часу, нярэдка чытаў пасажырам сапраўдныя натхнёныя лекцыі.

Цяпер яго называюць заснавальнікам новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі. Акадэмічная навука мае да ягоных працаў шмат прэтэнзіяў, але ніхто з крытыкаў ня можа адмовіць, што Мікола Ермаловіч у свой час зьдзейсьніў сапраўдны подзьвіг — адкінуўшы канцэпцыі несамастойнасьці і другараднасьці гісторыі Беларусі, абудзіўшы цікавасьць да мінулага ў дзясяткаў тысяч суайчыньнікаў, спрычыніўшыся да вострых навуковых і грамадзкіх дыскусіяў за межамі краіны.

Пры канцы 1990-х ягоныя вочы маглі адно адрозьніць сьвятло ад цемры. У іншай дзяржаве чалавек з такімі заслугамі атрымаў бы й адпаведны мэдычны догляд, і аўтамабіль з кіроўцам. Між тым Ермаловіч мусіў рухацца па Менску амаль навобмацак.

Пераходзячы вуліцу, ён загінуў пад коламі таксоўкі, так і не пасьпеўшы ўзяць у рукі сваю выніковую кнігу «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае».

Сьмерць Міколы Ермаловіча зь ліку тых, што застануцца на сумленьні цяперашняга рэжыму. Я люблю азначэньне Жуля Мішле: «Гісторыя — гэта ўваскрашэньне». Ермаловічу больш даспадобы быў Пліні Малодшы: «Гісторыя пішацца для высьвятленьня праўды».

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне. С. 466–467.

Таксама ў гэты дзень

1279 — перамога войска ВКЛ на чале з Трайдзенем над ордэнскім войскам у бітве пры Ашэрадэне.

1940 — Палітбюро ЦК ВКП(б) прыняло рашэньне аб расстрэле ваеннапалонных польскіх афіцэраў, якія знаходзіліся ў савецкіх турмах. Іх расстралялі ў Катынскім лесе.

1946 — экс-прэм’ер Вялікай Брытаніі Ўінстан Чэрчыль у амэрыканскім горадзе Фултане выступіў з прамовай аб стратэгіі, якой павінен прытрымлівацца Захад у стасунках з СССР.

1970 — уступіла ў сілу «Дамова аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі».

У гэты дзень нарадзіліся

1871 — Роза Люксэмбург, нямецкая рэвалюцыянэрка.

1896 — Кандрат Крапіва, беларускі савецкі пісьменьнік, байкапісец.

1910 — Аўген Калубовіч (Каханоўскі), беларускі гісторык, палітычны дзеяч.

Аўген Калубовіч
Аўген Калубовіч

1953 — Віктар Сырыца, гісторык, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Віктар Сырыца
Віктар Сырыца

У памяці

1940 — Аляксандар Сержпутоўскі, беларускі фальклярыст, этнограф, публіцыст, мовазнавец.

1953 — Іосіф Сталін, кіраўнік СССР.

Пахаваньне Сталіна
Пахаваньне Сталіна

2013 — Уга Чавэс, прэзыдэнт Вэнэсуэлы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG