Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Міжнародны дзень роднай мовы


Падзеі 21 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

21 лютага ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны UNESCO ў 1999 годзе.

У гэты дзень ва ўнівэрсытэтах і клюбах праходзяць адмысловыя імпрэзы і акцыі, у сацыяльных сетках і СМІ зьяўляюцца публікацыі, абвяшчаюцца конкурсы і г.д. пра беларускую мову.

Дзень у гісторыі

1916 — падчас Першай усясьветнай вайны пачалася бітва пры Вэрдэне.

1918 — была абвешчана Першая Ўстаўная грамата да народаў Беларусі. У гэтым дакумэнце выканкам камітэту рады Першага Ўсебеларускага зьезду абвясьціў пра ўтварэньне Народнага сакратарыяту, які выконваў ролю часовай улады ў Беларусі. Пазьней Народны сакратарыят стаў выконваць ролю ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі.

Першая Ўстаўная грамата да народаў Беларусі
Першая Ўстаўная грамата да народаў Беларусі

1981 — у мюнхэнскім будынку радыёстанцыі Радыё Свабода адбыўся выбух, зладжаны на замову румынскіх органаў дзяржбясьпекі.

1986 — заснаваны біялягічны заказьнік «Ружанская пушча».

У гэты дзень нарадзіліся

1962Чак Паланік, амэрыканскі пісьменьнік.

1966Юры Бохан, беларускі гісторык і археоляг.

Юры Бохан — беларускі гісторык і археоляг, доктар гістарычных навук.
Юры Бохан — беларускі гісторык і археоляг, доктар гістарычных навук.

У памяці

1939 — памёр Вячаслаў Адамовіч, дзяяч нацыянальнага руху, адзін з заснавальнікаў сялянскай партыі «Зялёны дуб».

1967 — памёр Юры Тарыч, беларускі кінарэжысэр, сцэнарыст, заснавальнік беларускай мастацкай кінэматаграфіі.

1952 — у ГУЛАГу загінуў Андрэй Цікота, сьвятар, сябра Рады БНР, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху, перасьлелуемы польскімі ўладамі ў 1920-1930, ахвяра сталінскіх рэпрэсій.

Андрэй Цікота – генэрал Ордэну марыянаў. Рым, 1934 г
Андрэй Цікота – генэрал Ордэну марыянаў. Рым, 1934 г

«Ён браў удзел у Пятым вуніянiстычным кангрэсе ў чэскім Вэлеградзе. У 1933‑м яго абралі генэралам Ордэну марыянаў, а затым Ватыкан прызначыў айца Андрэя апостальскім адміністратарам для каталікоў усходняга абраду ў Манчжурыі.
Пасьля заканчэньня Другой усясьветнай вайны Цікоту разам зь іншымі сьвятарамі Харбінскай місіі напаткаў трагічны лёс.

Кітайскія камунiстычныя ўлады перадалі місіянэраў органам савецкай дзяржбясьпекі. Айца Андрэя абвінавацілі ў шпіянажы адначасова на карысьць Ватыкану й Японіі. За такія „злачынствы“ сталінскі суд даваў 25 гадоў канцлягераў.
Яго лісты з-за калючага дроту да кіраўніцы супольнасьці беларускіх сясьцёр-эўхарыстак маці Апалёніі Пяткун сьведчаць, што Цікота, трываючы пакуты, думкамі быў у Беларусі.

„Можна жыць на чорных сухарах і вадзе, а нам яшчэ даюць вызначаную страву. Сяджу зь цяжкасьцю, але калі ляжу, то болю амаль ня чую. Штодня малюся за вас, за ўсіх парафіянаў і за Беларусь...“ — пісаў ён у 1951-м.

Арыштаваны разам зь Цікотам сьвятар-француз Поль Шалей пакінуў сьведчаньні, што беларускі субрат „падчас сьледзтва і ў турме паводзіўся гераічна і заручыўся з Богам як сапраўдны пакутнік“. Цяпер адбываецца працэс бэатыфікацыі айца Андрэя.»

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 240-241.

1974 — памёр Лявон Савёнак, пісьменьнік, журналіст, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

«У гады беларусізацыі Савёнак працаваў карэспандэнтам у газэце „Савецкая Беларусь“. Паводле ўспамінаў супрацоўнікаў, атмасфэра ў рэдакцыі была мала падобнай да савецкай. Невыпадкова пазьней газэту, на старонках якой Лявон друкаваў свае вострыя рэпартажы й дасьціпныя фэльетоны, у даносах назавуць „утульным прыстанішчам беларускіх нацыяналістаў“.
Ад лютага 1929-га малады нацдэм мусіў зарабляць на хлеб ужо не ў газэце, а на будоўлі. У тым самым годзе выйшла ягоная кніжка фэльетонаў „Чароўная іголка“, падпісаная псэўданімам Леанід Свэн. Бібліятэкары каталягізавалі яе як выданьне швэдзкага аўтара, але сталінскія літаратуразнаўцы з вайсковымі званьнямі хутка разабраліся, і ўвесь трохтысячны наклад пайшоў пад нож. Дзіва што: карыстаючыся творчым мэтадам, які сучасны дасьледнік Лявон Юрэвіч называе фантастычным рэалізмам, гэты Свэн пісаў, да прыкладу, пра судовы працэс над канём, які завёз сьледчага ня ў тую вёску, дзе сьледчы, апрача ўсяго, напіўся ды згубіў „вельмі важныя справы“.

... Яго сатырычныя творы, прысьвечаныя змаганьню за беларушчыну, часам чытаюцца, нібыта напісаныя ўчора».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 302-303.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG