Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Капэрніка


Сонечная сыстэма.
Сонечная сыстэма.

Падзеі 19 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

19 лютага 1979 году памёр Янка Геніюш — мэдык, вязень ГУЛАГу, муж паэткі Ларысы Геніюш.

«Непахісныя». Прэм’ера фільма пра Ларысу і Яна Геніюшаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:11:19 0:00

Упершыню прыехаўшы да Ларысы Геніюш у Зэльву, яе мужа Янку я ўжо не засьпеў.

Паэтка расказвала мне, што пасьля Янкавай сьмерці штодня хадзіла на яго магілу паразмаўляць ці проста пабыць зь ім сам-насам, а аднойчы адчула, што анічога там ужо няма, адна халодная зямля, і потым пераведвала клады адно ў дні, вызначаныя народнай традыцыяй.

Але згадвала яна мужа падчас кожных маіх пагасьцінаў, і таму задоўга да выхаду яе «Споведзі» я ведаў пра Янку шмат: і пра яго навучаньне на мэдычным факультэце Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе (рэкамэндацыю на атрыманьне стыпэндыі даваў сам Браніслаў Тарашкевіч), і пра іхні шлюб у 1935-м у Беларусі, і пра шчасьлівыя, а потым трывожныя гады, пражытыя ў чэскай сталіцы... З гэтых аповедаў паўставала асоба неадназначная, супярэчлівая, але, безумоўна, вартая памяці ня толькі сваякоў.

Дзядзька Янка быў ня проста мужам Ларысы Геніюш, як некаму ўяўляецца. Гэта ён першы даў ёй беларускія кнігі, чытаў нарачонай вершы Купалы, адкрываў ёй вочы на нашую гісторыю.

Прайсьці па жыцьці побач з такой жанчынаю таксама было своеасаблівым подзьвігам, на які здатны ня кожны.

Ларыса Антонаўна па-хрысьціянску даравала мужу тое, што пры канцы вайны ён вырашыў застацца ў Празе, мяркуючы, што Чэхаславаччына і надалей будзе незалежнай дзяржавай i ня выдасьць iхнюю сям’ю саветам.

Гэтая аблуда каштавала Ларысе й Янку прысудаў на 25 гадоў канцлягераў кожнаму, каштавала разлукі з малым сынам, нечалавечых зьдзекаў, асабліва пакутлівых для іх, людзей ужо звыклых да эўрапейскіх жыцьцёвых стандартаў і свабодаў.

Ён быў добрым лекарам, што маглі б засьведчыць і ягоныя чэскія пацыенты, і хворыя Зэльвенскай раённай бальніцы, начальства якой прыніжала былога гулагаўскага вязьня, доўга не жадаючы прызнаваць замежнага Янкавага дыплёму нейкага там Карлавага ўнівэрсытэту і нязьменна дзівячыся на партрэт Францішка Скарыны, што немаведама чаму аздабляў кабінэт падазронага доктара.

Калі Іван Пятровіч цяжка захварэў, «дабрадзеі» пусьцілі чутку, нібыта ён ужо сканаў, і ў дом Геніюшаў пачалі прыходзіць людзі з жалобнымі вянкамі. Ён прыняў сьмерць на жончыных руках.

Ларыса Антонаўна сама яго мыла й апранала ў апошні шлях.

«Пахавалі зь сьлязьмі, ціха, без усякіх палкіх прамоваў. Ня ўсё было паміж намі добра, аднак нельга аб гэтым... Прынесьлі мне па ім 33 рублі 75 капеек пэнсіі», — скрушліва занатавала ў успамінах спадарыня Ларыса.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 322-323

Таксама ў гэты дзень

1236 — папа Рыгор IX абвясьціў першы крыжовы паход супраць літоўцаў.

1855 — францускі матэматык і астраном Урбэн Левер’е прадставіў Парыскай акадэміі навук першую ў сьвеце мапу надворʼя — прагноз надворʼя для Эўропы на раніцу таго ж дня.

1861 — абвешчаны маніфэст аб адмене прыгоннага права ў Расейскай імпэрыі.

1878 — Томас Эдысан запатэнтаваў фанограф.

Фанограф
Фанограф

1989 — адбыўся шматтысячны мітынг на стадыёне «Дынама» у Менску, арганізаваны Беларускім народным фронтам.

У гэты дзень нарадзіліся

1473 — Мікалай Капэрнік, польскі астраном і матэматык, стваральнік геліяцэнтрычнай мадэлі Сусьвету.

1887 — Янка Пазьняк, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, выдавец, публіцыст, палітык, дзед палітыка Зянона Пазьняка.

1890 — Казімер Сваяк, беларускі каталіцкі сьвятар, нацыянальны дзеяч, паэт.

1908 — Станіслаў Шушкевіч, беларускі паэт, бацька старшыні Вярхоўнага Савету РБ Станіслава Шушкевіча.

У памяці

1951 — Андрэ Жыд, францускі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

1952 — Кнут Гамсун, нарвэскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

Кнут Гамсун
Кнут Гамсун

2016 — Умбэрта Эка, італьянскі пісьменьнік.

Умбэрта Эка
Умбэрта Эка

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG