Мы вас бачым! Як Расея пашырае сваю сыстэму відэаназіраньня

Мы вас бачым! Як Расея пашырае сваю сыстэму відэаназіраньня

Крыстына Фолтынава 28 студзеня 2021

У 2020 годзе Расея займала трэцяе месца ў сьвеце паводле колькасьці камэр відэаназіраньня на сваёй тэрыторыі. Краіна таксама ўклала мільёны даляраў у праграмнае забесьпячэньне для распазнаньня твараў і запусьціла ў Маскве адну з самых шырокамаштабных сыстэм назіраньня ў сьвеце.

Тым часам як улады заяўляюць, што гэта павысіць грамадзкую бясьпеку і дапаможа змагацца з пандэміяй каранавірусу, праваабаронцы выказваюць занепакоенасьць адсутнасьцю рэгуляваньня і магчымымі парушэньнямі прыватнасьці дадзеных.

Як Расея выглядае ў параўнаньні зь іншымі краінамі?

Паводле нядаўняга дасьледаваньня інфармацыйна-аналітычнага агенцтва TelecomDaily, у Расеі ў 2020 годзе было больш за 13 мільёнаў камэр відэаназіраньня. Больш толькі ў Кітая і ЗША — 200 мільёнаў і 50 мільёнаў адпаведна. Калі казаць пра колькасьць камэр на 1000 чалавек, Расея таксама займае трэцяе месца пасьля ЗША і Кітаю.

Колькасць камэр відэаназіраньня
на 1000 чалавек

(5 вядучых краінаў)

Больш за палову камэр у Расеі (амаль 8 мільёнаў) былі ўсталяваныя камэрцыйнымі арганізацыямі з мэтай абароны маёмасьці. Каля адной траціны (амаль 4,5 мільёна) працавалі ў школах, шпіталях і дзяржаўных установах. Яны фінансаваліся зь дзяржаўнага бюджэту. Астатнія камэры (каля 1,1 мільёна) былі ўсталяваныя фізычнымі асобамі, адзначаецца ў дасьледаваньні.

Хто ўсталёўвае камэры ў Расеі?
(працэнт камэр)

Папярэднія дасьледаваньні (напрыклад, CompariTech і PreciseSecurity.com) паказалі, што Расея не паведамляла дадзеныя пра камэры ва ўсіх сваіх гарадах, што ўскладняе параўнаньне зь іншымі краінамі. Тым ня менш, было выяўлена, што ў 2019 годзе ў Маскве было ўсталявана 193 000 камэр, а ў Санкт-Пецярбургу — 55 000. Абодва гарады ўвайшлі ў лік 50 самых назіраных гарадоў сьвету: у Маскве было 15,4 камэры на 1000 чалавек (29-е месца), а ў Санкт-Пецярбургу — 10,1 камэры на 1000 чалавек (37-е месца).

Шчыльнасьць камэр відэаназіраньня ў некаторых гарадах
(колькасьць камэр на квадратны кілямэтар)

Дзеля чаго выкарыстоўваюцца камэры відэаназіраньня?

Улады многіх краін лічаць, што камэры відэаназіраньня могуць зьнізіць узровень злачыннасьці, павысіць грамадзкую бясьпеку альбо дапамагчы ў дарожна-транспартных сытуацыях. Зь іншага боку, існуе сур'ёзная занепакоенасьць у сувязі з прыватнасьцю людзей у грамадзкіх месцах і з нагоды бясьпечнай апрацоўкі дадзеных з камэр.

У 2020 годзе пандэмія каранавірусу дадала новую пэрспэктыву ў гэтую праблему, паколькі некалькі краін пачалі выкарыстоўваць высокатэхналягічнае назіраньне, каб людзі заставаліся дома, калі ім быў прызначаны карантын. Напрыклад, людзі ў Ганконгу мусілі насіць карантынны бранзалет, а дадзеныя пра месца знаходжаньня тэлефона выкарыстоўваліся для адсочваньня перамяшчэньня пацыентаў у Паўднёвай Карэі.

Пасьля некалькіх гадоў выпрабаваньняў Расея запусьціла сыстэму распазнаньня твараў у студзені 2020 году. Больш за 100 000 камэр, якія ўжо былі ўсталяваныя ў Маскве, былі абсталяваныя гэтай тэхналёгіяй.

Такім чынам, у пачатку пандэміі ў Расеі дзейнічала сыстэма, якая дазваляла ўладам кантраляваць, ці выконваюць людзі правілы карантыну. Паводле некаторых зьвестак, камэры маглі паведамляць пра «парушальнікаў», нават калі яны выходзілі з дому на некалькі хвілін, каб вынесьці сьмецьце.

Як працуе сыстэма распазнаньня асобы?

Колькі траціцца грошай на камэры?

У 2019 годзе Масква выдаткавала больш за 53 мільёны даляраў на апаратнае забесьпячэньне для тэхналёгіі распазнаньня твару.

Паводле нядаўняй справаздачы MBH Media, маскоўская мэрыя выдаткавала яшчэ 35 мільёнаў даляраў у 2020 годзе. Найбольшы аб'ём бюджэту (прыблізна 19 мільёнаў даляраў) пайшоў на Маскоўскі мэтрапалітэн, які мусіць мець восем камэр прыкладна на чвэрці вагонаў. Іншыя сродкі пайшлі на сыстэмы распазнаньня асобаў у трамваях і аўтобусах, а таксама на захоўваньне дадзеных і тэхнічнае абслугоўваньне.

Што Расея плянуе далей?

У чэрвені 2020 году Расея падпісала кантракт на сыстэму распазнаньня асобаў са злавеснай назвай «Оруэл» для ўсіх яе школ — усяго больш за 43 000. Паводле уладаў, гэта было зроблена для кантролю за перамяшчэньнем дзяцей і выяўленьня патэнцыйных староньніх людзей у школе ў мэтах павышэньня бясьпекі.

Праз тры месяцы было абвешчана, што па ўсёй Расеі будуць усталяваныя дадатковыя сыстэмы распазнаньня твараў. Акрамя Масквы, яшчэ 10 гарадоў мусяць мець камэры ў грамадзкіх памяшканьнях і ў пад’ездах шматкватэрных дамоў. Поўны сьпіс гарадоў не раскрыты, але чыноўнікі заяўляюць, што, напрыклад, у Ніжнім Ноўгарадзе мае быць усталявана каля 3000 камэр.

Паведамляецца, што расейская паліцыя таксама распрацоўвае сыстэму, якая распазнавала б людзей паводле татуіровак, ірысаў вачэй, голасу або рухаў цела. Распазнаваньне хады дазваляе ідэнтыфікаваць чалавека на адлегласьці 50 мэтраў нават тады, калі ён не стаіць тварам да камэры. Сыстэма аналізуе хаду чалавека зыходзячы з даўжыні крокаў, вугла ступняў або руху рук, і падмануць яе нялёгка.

Асаблівасьці, якія кантралююцца сыстэмамі распазнаньня хады

Паколькі ўсе тэхналёгіі назіраньня ў значнай ступені абапіраюцца на базы дадзеных, Расея хоча стварыць цэнтралізаваны банк адбіткаў пальцаў, выяваў твару і іншых біямэтрычных дадзеных. База дадзеных будзе зьбіраць інфармацыю як пра грамадзянаў Расеі, так і пра замежнікаў. У плянах — распрацаваць базу на працягу бліжэйшых трох гадоў.

Што думаюць расейцы пра відэаназіраньне?

З таго часу, як у Маскве была запушчаная сыстэма распазнаньня асобаў, паступаюць паведамленьні пра нібыта працёк дадзеных. Напрыклад, арганізацыя абароны лічбавых правоў «Роскомсвобода» зафіксавала некалькі выпадкаў, калі дадзеныя жыхароў Масквы былі даступныя для продажу ў Інтэрнэце. Валянтэр «Роскомсвободы» Ганна Кузьняцова нібыта змагла атрымаць дадзеныя з 79 маскоўскіх камэр, у тым ліку яе асабістыя дадзеныя. Яна падала ў суд на Маскоўскі дэпартамэнт інфармацыйных тэхналёгій.

Аднак, як відаць, думкі масквічоў наконт відэаназіраньня падзяліліся. Каля 47 працэнтаў маюць хутчэй пазытыўныя пачуцьці, заяўляючы, што камэры дапамагаюць змагацца са злачыннасьцю і гарантуюць большую бясьпеку, а 42 працэнты маюць хутчэй нэгатыўныя пачуцьці. Збольшага яны непакояцца, што сыстэма можа парушыць іх свабоду. Некаторыя рэспандэнты таксама лічаць што камэры непатрэбныя і што гэта марная трата грошай.

Як масквічы ставяцца да відэаназіраньня?
(у працэнтах)

Дабро ці зло?

Тым часам як выкарыстаньне сыстэм распазнаньня твараў можа здацца апраўданым падчас глябальнай пандэміі, праваабарончыя арганізацыі патрабуюць прыняцьця правілаў, каб гарантаваць, што гэтыя захады часовыя, прапарцыйныя цяперашняй сытуацыі і не выкарыстоўваюцца ў шкодных мэтах. Напрыклад, улады Расеі, Беларусі ці іншых рэпрэсіўных краін могуць выкарыстоўваць такую тэхналёгію для ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў антыўрадавых пратэстаў.

І Human Rights Watch, і Amnesty International адзначаюць далейшае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Расеі. Застаецца пытаньне: пасьля таго, як пандэмія скончыцца, ці будзе здольная Расея знайсьці правільны балянс паміж назьраньнем з мэтаю бясьпекі і абаронай прыватнага жыцьця людзей?