Насамрэч
Чыстая праўда.
У гісторыі ЗША было пяць выпадкаў, калі за імпічмэнт кіраўніку дзяржавы прагаласавала Палата прадстаўнікоў. У 1868 годзе парлямэнтары палічылі, што прэзыдэнт Эндру Джонсан незаконна звольніў вайсковага міністра. Палата прадстаўнікоў ухваліла імпічмэнт, але ў Сэнаце не хапіла аднаго голасу, каб набраць дзьве траціны за адхіленьне Джонсана ад пасады, і ён застаўся прэзыдэнтам.
У 1974 годзе Палата прадстаўнікоў прагаласавала за імпічмэнт прэзыдэнту Рычарду Ніксану, абвінаваціўшы яго ў падслухоўваньні апанэнтаў і злоўжываньні прэзыдэнцкімі паўнамоцтвамі. Пасьля гэтага рашэньня былі абнародаваныя запісы перамоваў у кабінэце Ніксана, якія даводзілі яго датычнасьць да злачынства. Неўзабаве, не чакаючы галасаваньня ў Сэнаце, вынік якога быў перадвызначаны, Ніксан пайшоў у адстаўку.
У 1998–1999 гадах адбываўся працэс імпічмэнту адносна прэзыдэнта Біла Клінтана. Яго абвінавачвалі ў хлусьні і перашкодах правасудзьдзю ў сувязі з разборам справы Монікі Левінскі. Палата прадстаўнікоў падтрымала імпічмэнт Клінтану, аднак сэнатары не падтрымалі абвінавачаньня.
У 2019 годзе Палата прадстаўнікоў прагаласавала за імпічмэнт прэзыдэнту Дональду Трампу, абвінаваціўшы яго ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі і ў перашкодах правасудзьдзю. Прычынай сталі размовы Трампа з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, у якіх Трамп патрабаваў распачаць крымінальную справу супраць сына свайго палітычнага канкурэнта Джо Байдэна. Аднак летась пры галасаваньні ў Сэнаце ніводзін з пунктаў абвінавачаньня не здабыў падтрымкі 67 сэнатараў, што неабходна для адхіленьня прэзыдэнта ад улады. У выніку тады Трамп застаўся прэзыдэнтам ЗША.
Сёлета ня выключана, што галасаваньне ў Сэнаце адбудзецца пасьля інаўгурацыі новага прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна. У такім выпадку наступствам імпічмэнту, калі ён будзе вынесены, стане не адхіленьне Трампа ад пасады (20 студзеня ён яе пакіне ў любым выпадку), а забарона яму зноў балятавацца ў прэзыдэнты ЗША.
Падзяліцеся ў сацыяльных сетках са сваімі сябрамі