У розных частках Менску працягваюць зьбірацца натоўпы людзей. Людзі спрабуюць будаваць барыкады на Прытыцкага. На Нямізе АМАП і аўтазакі рушылі на пратэстоўцаў
Як піша Tut.by, на вуліцы Прытыцкага людзі спрабуюць будаваць барыкады са сьметніц і іншых падручных сродкаў. Рух транспарту заблякаваны на праспэкце Пушкіна. Шэраг выданьняў і каналаў паведамляе пра дэманстрантаў у самых розных частках Менску — ад плошчы Якуба Коласа да Каменнай горкі і Ўручча, шмат аўтамабільных дарогаў перакрытыя спэцтэхнікай.
У Віцебску — жорсткія затрыманьні
На скрыжаваньні праспэкту Будаўнікоў і вуліцы Чкалава адбыліся вельмі добрыя затрыманьні. Затрыманыя каля 20 чалавек. Затрыманых кідалі на асфальт, ставілі на калені, білі і кідалі ў аўтазакі. У адной журналістак вырвалі камэру з рук.
У Берасьці пратэстоўцы паведамляюць пра траўмы ад шумавых гранат. Аскепак трапіў у журналіста Tut.by
Як піша праваабарончы цэнтар «Вясна» ў Тэлеграме, у Берасьці пратэстоўцы паведамляюць пра траўмы ад шумавых гранат. Аскепак трапіў у журналіста Tut.by.
Як паведамляе рэгіянальнае выданьне «Виртуальный Брест», у Берасьці адбылося брутальнае сутыкненьне пратэстоўцаў зь міліцыяй. Каля школы № 15 пратэстоўцы перагарадзілі дарогу вырванымі бэтоннымі лаўкамі, выломліваюць тратуарную плітку, б'юць яе на больш дробныя часткі і кідаюць у міліцыю.
Каля 21-ай гадзіны пратэстоўцы кінуліся на АМАП: сталі кідаць у іх бутэлькі, нехта кінуў сьметніцу, выбухаюць пэтарды, распыляюць газ. На вуліцы выбухаюць сьветла-шумавыя гранаты, ляцяць дымавыя шашкі.
Пазьней у пратэстоўцаў пачалі страляць гумовымі кулямі, паўсюль выбухаюць сьветлашумавыя гранаты. Ёсьць параненыя гумовымі кулямі і аскепкамі гранат.
Моладзь у Віцебску не баіцца АМАПу
Карэспандэнт Свабоды назіраў на праспэкце будаўнікоў грамаду маладых людзей каля 25 чалавек. Яны назіралі за затрыманьнямі. Аднаму чалавеку, якога на іх вачах затрымлівалі, стала дрэнна, ён меў перабоі з дыханьнем. Тады яны сталі сьценкай і пачалі выклікаць АМАПаўцаў, якіх было каля дзесяці чалавек, на бойку. Але АМАП выклік не прыняў, сеў у аўтобус і зьехаў. Рэакцыя публікі: ад людзей — воплескі, ад аўтамабілістаў — сыгналы. Неўзабаве вярнулася каля дзесяці бусікаў АМАПу, усіх тых хлопцаў імгненна скруцілі і вывезьлі. Людзей там практычна не засталося. Машыны сыгналяць.
У Гомелі затрыманьні, вайскоўцы ўнутраных войскаў перакрываюць вуліцы
Людзей адцясьнілі з плошчы Леніна, якіх было каля 500 чалавек. Цяпер яны расьсеяныя па праспэкце Леніна і ходзяць узад-уперад. Аўтамабілі сыгналяць, людзі падымаюць два пальцы. Адбываюцца кропкавыя затрыманьні. Міліцыянты пад'яжджаюць, спыняюцца, некага хапаюць і зьяжджаюць.
Вуліцу Савецкую перакрылі ад скрыжаваньня з праспэктам Перамогі вайскоўцы ўнутраных войскаў са шчытамі.
У Горадні трывае пратэст, гудзе ўвесь цэнтар
У Горадні, нягледзячы на масавыя затрыманьні, трывае пратэст. Аўтамабілі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і белымі стужкамі езьдзяць побач зь перакрытым цэнтрам у раёне філярмоніі і бесьперапынна сыгналяць.
Сотні гарадзенцаў калёнай ходзяць побач з цэнтрам, пляскаюць у ладкі і скандуюць «Жыве Беларусь». Гудзе ўвесь цэнтар гораду, куды могуць праехаць машыны, таксама сыгналяць аўтамабілісты ў спальных раёнах.
Бліжэй да цэнтру чуваць было некалькі гучных хлапкоў са сьвятлом магчыма, сьветла-шумавыя гранаты, паведамляе карэспандэнт Свабоды.
У Бабруйску затрымалі былога дэпутата гарсавету і зьбілі ягоную жонку
У Бабруйску затрымалі былога дэпутата гарсавету Аляксандра Чыгіра і зьбілі ягоную жонку Дануту на яе працоўным месцы – у аптэцы.
Паводле Дануты Чыгір, экіпіяваныя міліцыянты ўварваліся ў аптэку за тое, што яе муж здымаў на мабільны тэлефон затрыманьне людзей ля кінатэатру «Таварыш». Да яе ён прыйшоў, каб правесьці дамоў.
Данута кажа, што міліцыянты зламалі дзьверы аптэкі, яе ўдарылі ў твар, зьбілі з ног і адштурхнулі ў кут. Мужа таксама зьбілі з ног і завалаклі праз прыступкі ў аўтазак.
«Я крычала “дапамажыце”, сабраліся людзі, якія былі сьведкамі жаху, які перажыла. Цяпер пайду шукаць мужа па аддзелах міліцыі», – адзначыла яна.
Данута кажа, што паводле мужа, затрымлівалі ўсіх, хто здымаў затрыманьні.
Менск: на Прытыцкага некалькі тысяч чалавек. Спрабавалі будаваць барыкады, чуваць выбухі шумавых гранатаў
Міліцыя ўжывае гранаты са сьлезацечным газам супраць пратэстоўцаў каля кінатэатра «Аўрора», перадае карэспандэнт Свабоды. Некалькі тысяч чалавек знаходзяцца ў розных кропках на тэрыторыі на скрыжаваньні Пушкіна і Прытыцкага.
Каля 22.30, перадае карэспандэнт Свабоды, міліцыя адціснула людзей на адлегласьць аднаго прыпынку, многія разышліся па дварах. Аўтамабілі аб’яжджаюць барыкады па ходніках.
Пацярпеў кіроўца аўтобуса №163, побач зь ім узарвалася граната. Яму аказваюць дапамогу мэдыкі хуткай дапамогі. У машыне таксама мэдыкаў нерухома ляжыць жанчына, апісвае падзеі перад сабой карэспандэнт Свабоды.
Фота: «Белсат»
«Наша ніва»: Выбухі чуваць у Берасьці, Бярозе, Бабруйску, Мазыры
Газэта «Наша ніва» паведамляе ў Telegram, што ў шэрагу гарадоў Беларусі чуваць выбухі сьветлашумавых гранатаў.
Паводле Onliner.by, сутычкі з АМАП адбываюцца ў Берасьці, а ў Бярозе супраць дэманстрантаў ужываюць гумовыя кулі.
У раёне Старога моста ў цэнтры Горадні БТР уехаў у натоў людзей, адзін чалавек паранены, паведаў Свабодзе відавочца
Менск: Шмат дэманстрантаў каля гандлёвага цэнтру «Рыга»
Паводле «Нашай нівы», каля гандлёвага цэнтру «Рыга» каля 5000 дэманстрантаў, аўтамабілісты перакрылі скрыжаваньне Сурганава і Куйбышава. Шэраг каналаў у Telegram пішуць, што людзі спрабуюць будаваць барыкады.
Менск: Партызанскі праспэкт гудзіць
Людзі павыходзілі з дамоў, каля выхаду з мэтробачныя дзясяткі чалавек. Як перадае карэспандэнтка Свабоды, дэманстранты пляскаюць і вітаюць машыны, якія гудуць.
Дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампэо: выбары ў Беларусі не былі свабоднымі і справядлівымі
10 жніўня Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША выпусьціў для неадкладнага пашырэньня заяву дзяржаўнага сакратара Майкла Пампэо аб прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.
У заяве сказана:
«Злучаныя Штаты глыбока занепакоеныя правядзеньнем у Беларусі 9 жніўня прэзыдэнцкіх выбараў, якія не былі свабоднымі і справядлівымі.
Рэзкае абмежаванне доступу да галасаваньня за кандыдатаў, забарона прысутнасьці мясцовых незалежных назіральнікаў на выбарчых участках, тактыка запалохваньня супраць апазыцыйных кандыдатаў і затрыманьні мірных пратэстоўцаў і журналістаў пашкодзілі гэтаму працэсу. Мы шкадуем, што назіральнікі АБСЭ / БДІПЧ не атрымалі своечасовага запрашэньня сачыць за галасаваньнем.
Свабодныя і сумленныя, сапраўды канкурэнтныя выбары, ёсьць асновай аўтарытэтнасьці і легітымнасьці ўсіх уладаў.
Менск, АМАП заняў Пушкінскую, пратэстоўцаў адціснулі да мэтро «Спартыўная», на Кальварыйскай сьлезацечны газ
У Гомлі пратэсты і затрыманьні працягваюцца
На скрыжаваньні вуліцы Сялянскай і праспэкту Леніна стаяў натоўп і крычаў «Жыве Беларусь!» Зь міліцэйскага сіняга бусу выскачылі амапаўцы, уварваліся ў натоўп і пацягнулі каля васьмі чалавек з прымяненьнем грубай фізычнай сілы. Гэта адбылося пасьля таго, як нехта кінуў камень і разьбіў шыбу ў гэтым сінім аўтобусе.
Людзі не разыходзяцца, пляскаюць у ладкі, паказваюць знак вікторыі. Аўтамабілісты сыгналяць, праяжджаючы па цэнтру гораду, але праяжджаць там мала дзе можна, бо вуліца Савецкая перакрытая, Кірава — часткова перакрытая, праспэкт Леніна перакрываюць цяпер.
Мапа пратэстаў у Менску з Telegram-каналу Антона Матолькі
Затрымліваюць і зьбіваюць журналістаў «Белсату»
Людзей у Віцебску перасталі затрымліваць
Скрыжаваньне праспэкту Будаўнікоў і вуліцы Чкалава. Машын мала, але яны працягваюць сыгналіць. Людзей ужо не затрымліваюць. Сярод людзей ходзяць амапаўцы і просяць іх разысьціся.
Праскія беларусы сабраліся ў цэнтры Прагі, каб выказаць салідарнасьць з пратэстоўцамі і палітвязьнямі ў Менску.
Некалькі дзясяткаў чалавек трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі, плякаты і патрабавалі вызваленьня палітвязьняў, спыненьня рэпрэсіяў і правядзеньня свабодных выбараў.