Былы кароль Гішпаніі Хуан Карляс паведаміў сыну, каралю Фэліпэ, што ён вырашыў пакінуць краіну пасьля таго, як у апошнія тыдні ў яго адрас прагучалі абвінавачаньні ў карупцыі.
Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters, спасылаючыся на гішпанскую каралеўскую сям’ю.
У чэрвені Вярхоўны суд Гішпаніі распачаў расьсьледаваньне ўдзелу Хуана Карляса ў кантракце на пабудову чыгункі ў Саудаўскай Арабіі пасьля таго, як швайцарская газета La Tribune de Geneve паведаміла, што ён атрымаў 100 мільёнаў долараў ад папярэдняга саудаўскага караля. 82-гадовы Хуан Карляс адмовіўся камэнтаваць гэтыя абвінавачаньні.
Кароль Фэліпэ, адзначае Reuters, падзякаваў Хуану Карлясу за ягонае рашэньне пакінуць краіну, падкрэсьліўшы «гістарычную значнасьць панаваньня свайго бацькі» для дэмакратыі ў Гішпаніі.
Гішпанскія манархі карыстаюцца імунітэтам падчас свайго панаваньня, але Хуан Карляс адрокся ад трону ў 2014 годзе.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў