У музыкі, грамадзянскага актывіста, сябра БСДП, вядоўцы леташняга Дня Волі ў Менску Івана Помаза здарыўся дзіўны выпадак: ягоныя сябры на дзень народзінаў зладзілі пэрформанс зь пераапрананьнем і «канфіскацыяй маёмасьці», у які ён паверыў.
«Я ўдзельнік акцый, дэманстрацый, пікетаў, канцэртаў у падтрымку незалежнасьці і цэласнасьці нашай краіны, тройчы незарэгістраваны кандыдат у дэпутаты (у тым ліку ў парлямэнт). У апошнія гады, бачачы варожасьць улады да свайго народу, стаў пісаць песьні пра надзённыя праблемы: нізкі ўзровень жыцьця, нядбайнае стаўленьне начальнікаў да падначаленых, абарону правоў працоўных, салідарнасьць з мэдыкамі падчас пандэміі», — сказаў Свабодзе Іван Помаз.
Як кажа 30-гадовы музыка, ён меў апошнім часам адмовы ў арганізацыі канцэртаў, праблемы на працы, ціск, штрафы.
«За апошнія два тыдні я напісаў новыя песьні — „Дуля“ (пра стаўленьне ўлады да народу), у падтрымку беларускіх мэдыкаў ды іншыя. Былі пляны пачаць запіс альбома зь невялікім турам у яго падтрымку па Беларусі. Аднак паўстала праблема. Празнаўшы пра гэта, праваахоўнікі без суду і сьледзтва канфіскавалі ўвесь той мінімум музычных інструмэнтаў і абсталяваньня, які я зьбіраў на працягу доўгага часу. Гэта гітары, ударныя, пульт, калёнкі, гуказапісвальная апаратура, мікрафоны, стойкі, камутацыя і г. д.», — пералічыў музыка.
Па яго словах, раней здаралася, што да яго падыходзілі міліцыянты на вуліцы ці ў падземных пераходах і папярэджвалі пра недапушчальнасьць канцэрту без дазволу. Але ўдавалася дамовіцца і вярнуць апаратуру, нават калі яе хацелі арыштаваць. Цяпер жа, кажа Іван Помаз, усё было інакш:
«Проста пад’ехалі ўвечары на рэпэтыцыйны пункт у гараж, апранутыя ў цывільнае, на твары маскі — і без прадстаўленьня загрузілі ў белы „Мэрсэдэс Спрынтэр“ без нумароў усё, што пабачылі. І зьвезьлі. На разьвітаньне намякнулі, што могуць канфіскаваць і мой стары „Форд“, які неаднаразова дапамагаў мне ў арганізацыі акцый і канцэртаў. Пісьмовых доказаў канфіскацыі не пакінулі», — Іван Помаз паверыў у праўдзівасьць гэтага выпадку.
Але выявілася, што гэта быў жарт сяброў. Помаз зразумеў гэта ўжо пасьля свайго паста і размовы з карэспандэнтам Свабоды.
«Вельмі выбачаюся наконт свайго паста аб музычным абсталяваньні — усё прывезьлі ды папрасілі прабачэньня (так пажартавалі сябры наконт майго нядаўняга дня народзінаў). Яшчэ раз ва ўсіх прашу прабачэньня, бо я сапраўды не валодаў інфармацыяй ды спужаўся!», — паведаміў Помаз пасьля публікацыі навіны.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў