У Гомлі затрымліваюць грамадзкіх актывістаў. Відэа
3 ліпеня ў Гомлі міліцыя затрымала некалькіх актывістаў. Напярэдадні ў сацыяльных сетках анансавалі правядзеньне чарговай «акцыі салідарнасьці».
Сёньня на пляжы а 12-ай гадзіне меркавалася правесьці «акцыю салідарнасьці». Яе анансавалі ў сацыяльных сетках. Плянавалася, што ўдзельнікі акцыі прыйдуць на пляж, каб «адпачыць, пагуляць у розныя гульні, паесьці марозіва».
Прыкладна ў 11.50 міліцыя затрымала актывістку Алену Давыдаву.
У Вярхоўнай радзе Ўкраіны патлумачылі, навошта стварылі аб’яднаньне «За дэмакратычную Беларусь»
3 ліпеня, калі ў Беларусі адзначаецца Дзень незалежнасьці, ва ўкраінскім парлямэнце абвясьцілі аб стварэньні міжфракцыйнага дэпутацкага аб’яднаньня «За дэмакратычную Беларусь».
Яго кіраўнік, дэпутат фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць» Аляксей Ганчарэнка расказаў Свабодзе пра прычыны стварэньня аб’яднаньня, яго будучую дзейнасьць, а таксама, чаму Пятро Парашэнка пакуль не далучыўся да гэтай ініцыятывы.
Лукашэнка ўжо нават не спрабуе спадабацца большасьці, — палітоляг
Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч разважае, чаму ў гэтай кампаніі Лукашэнка ня мае ніякай станоўчай праграмы і пэрспэктывы для краіны, тлумачыць, чаму ўладам не спадабалася нават памяркоўная лібэралізацыя і яны яе згарнулі, і заяўляе, што ўсё, над чым працавалі апошнія 6 гадоў у адносінах з Захадам, цалкам зьнішчана.
Сьцісла
- Адыход ад лібэралізацыі пачаўся ў Беларусі прыкладна два гады таму
- Чаму зараз улады нават не спрабуюць сфармуляваць нейкую візію на будучыню? Збой сыстэмы
- Калі можна будзе ўтрымаць уладу толькі сілавымі захадамі, без электаральнай падтрымкі — дык навошта заваёўваць сымпатыі большасьці?
- Сілавыя крокі ўлады падчас гэтай кампаніі адназначна прывядуць да пэўнай замежнапалітычнай ізаляцыі.
- Наіўна было чакаць, што ўсе апазыцыйныя людзі пачнуць любіць Лукашэнку і класьціся за яго пад шпалы.
Ціханоўская: Ці адчуваем мы сябе свабоднымі?
Прэтэндэнтка на пасаду прэзыдэнта Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да суграмадзянам з кароткім 45-сэкундным зваротам, у якім павіншавала з афіцыйным Днём незалежнасьці.
«3 ліпеня для ўсіх нас асацыюецца з вызваленьнем, але ці адчуваем мы, беларусы, сябе свабоднымі? Я прашу кожнага для сябе адказаць на гэтае пытаньне сумленна. Асабіста для мяне сёньняшняе паняцьце свабоды — гэта мой боль. Але відавочна гэта не толькі мой боль, але і ваш. Я мару і жадаю вам, што аднойчы мы ў поўнай меры зможам усьвядоміць праўдзівы сэнс паняцця „свабода“. Са сьвятам вас, сябры» — сказала Ціханоўская.
Надзея Саўчанка зьвярнулася да Лукашэнкі: «Лепш мець адкрытую апазыцыю, чым нож у сьпіну ад суседзяў»
Герой Украіны, колішняя дэпутатка Вярхоўнай Рады Ўкраіны, былая палітзьняволеная Надзея Саўчанка зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з адкрытым лістом, у якім заклікае яго вызваліць усіх зьняволеных у часе выбарчай кампаніі.
Зварот, напісаны адразу на трох мовах — украінскай, беларускай і расейскай, Надзея Саўчанка абнародавала яго на сваёй старонцы ў Facebook.
Экс-дэпутатка спачатку павіншавала Аляксандра Лукашэнку і беларускі народ зь афіцыйным днём незалежнасьці і зьвярнулася да кіраўніка Беларусі «як украінка, Герой Украіны, патрыёт сваёй краіны, і як добрая суседка Беларусі».
«Аляксандр Рыгоравіч, вы, як лідэр сваёй краіны, не аднойчы дэманстравалі мудрасьць у зьнешняй палітыцы і ўменьне ў кіраваньні сваёй краінай. Але зараз набліжаецца новы час. Мудрасьць і сіла палітыка яшчэ і ў тым, каб умець адпавядаць сваімі рашэньнямі новым выклікам часу. ... Найвышэйшае дасягненьне лідэра — умець выгадаваць сабе годную замену і своечасова перадаць уладу, каб яшчэ пасьпець пракантраляваць вернасьць шляху ў будучыню сваёй дзяржавы».
Надзея Саўчанка перакананая, што Аляксандар Лукашэнка здольны прайсьці такім асьцярожным і верным шляхам, каб не разбурыць і ня ўтапіць сваю краіну ў крыві:
«Я зьвяртаюся да вас, Аляксандр Рыгоравіч, як палітвязень у Расеі і ва Ўкраіне. Мне давялося двойчы прайсьці гэты шлях. І я ведаю аб парушэньнях правоў чалавека не па чутках. Я прашу вас, Аляксандр Рыгоравіч, вызваліць з-за кратаў людзей, якія прызнаныя беларускімі праваабаронцамі і сусьветнай супольнасьцю вязьнямі сумленьня».
У прыватнасьці, Надзея Саўчанка заклікала вызваліць Мікалая Статкевіча, Вольгу Мікалайчык, Уладзімера Дударава, Сьвятлану Купрэеву, Сяргея Ціханоўскага, Дзьмітрыя Фурманава, Вяргілія Ўшака, Аляксандра Арановіча, Арцём Сакава, Васіля Баброўскага, Уладзімера Навуміка, Андрэя Новікава, Сяргея Пятрухіна, Уладзімера Няронскага, Аляксандра Кабанава, Уладзімера Цыгановіча, Дзьмітрыя Казлова, Ігара Лосіка, Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, Івана Комара, Мікіту Емяльянава, Міхаіла Жамчужнага і Паўла Севярынца.
У Жэнэве, перад будынкам ААН беларусы Швэйцарыі правялі акцыю салідарнасьці
«Мы вырашылі падтрымаць людзей у Беларусі ў гэты складаны час, выявіць неабыякавасьць і салідарнасьць. Мы супраць рэпрэсія» – патлумачылі мэту сваёй акцыі арганізатары.
Фота Аляксея Мілюкова
3 ліпеня ў Мюнхене прайшла акцыя салідарнасьці
Ацыя доўжылася дзьве гадзіны. Удзельнікі акцыі выступалі на расейскай, ангельскай, беларускай і нямецкай мовах, сьпявалі, чыталі вершы. Была абвешчаная хвіліна маўчаньня памяці зьніклых.
Зь бел-чырвона-белымі сьцяжкамі і салютам. У Горадні адзначылі Дзень незалежнасьці. ФОТА
У Горадні ўдзень 3 ліпеня не было адной сьвяточнай пляцоўкі з кавярняй пад адкрытым небам і канцэртам, як у папярэднія гады. Пра выходны дзень гаварыла большая колькасьць людзей на цэнтральных вуліцах і плошчах, а таксама шмат міліцыянтаў у белых кашулях.
Відаць было нешматлікія сем’і, што выйшлі ў горад з бел-чырвона-белымі-сьцяжкамі, маладзёнаў у сьвітшотах з Пагоняй і надпісам «Жыве Беларусь». Супрацоўнік ДАІ спыніў прынамсі аднаго таксоўца з нацыянальным сьцяжком на антэне і выпісаў яму нейкі дакумэнт.
Бліжэй завяршэньня сьвяткаваньня прыехала каля тысячы чалавек, у тым ліку, чыноўнікі, прадстаўнікі арганізацыі «Белая Русь», фэдэрацыі прафсаюзаў, БРСМ, Чырвонага Крыжа. Удзельнікі імпрэзы засьпявалі гімн Беларусі. Дзень незалежнасьці скончыўся салютам.
МУС: 300 тысяч чалавек ўзялі ўдзел у сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці
3 ліпеня ў Беларусі прайшло 361 сьвяточнае мерапрыемства з нагоды Дня Незалежнасьці. Агулам у ім узялі ўдзел 300 тысяч беларусаў, паведамляе прэс-служба МУС.
Апэратыўная абстаноўка ў краіне была спакойнай, надзвычайных сытуацый ды здарэньняў у месцах правядзеньня масавых мерапрыемстваў не дапушчана, удакладняюць у прэс-службе.
Прынамсі 17 чалавек затрымалі ў Дзень незалежнасьці па ўсёй Беларусі — праваабаронцы
Такую колькасьць затрыманых налічыў праваабарончы цэнтар «Вясна». Па іх інфармацыі, на цяперашні момант вядома пра затрыманьні ў Гомлі, Менску, Барысаве, Берасьці, Магілёве, Маладэчне і Мастах.
Як удакладняюць у «Вясьне», у сацыяльных сетках людзей заклікалі выйсьці на галоўныя вуліцы гарадоў і выказаць нязгоду з тым, як праходзіць выбарчая кампанія ў Беларусі.
Напярэдадні Дня незалежнасьці МУС папярэдзіла, што «любыя правакацыі, у тым ліку палітычнага кшталту, будуць спыняцца ў адпаведнасьці з дзеючым заканадаўствам».
Беларус выпусьціў у Нідэрляндах сэрыю марак з выявамі «Краіна для жыцьця» і «Я/Мы 97%»
Праграміст зь Нідэрляндаў Павел Краснапеўцаў замовіў сэрыю «палітычных» марак. На іх зьмешчаныя выявы «Краіна для жыцьця», «Я мы 97» і карціна «Ева» Хаіма Суціна. У інтэрвію Свабодзе Павел распавёў, як выбары аб’ядналі беларусаў замежжа і каму ён дашле паштоўкі з уласнымі маркамі.
Павел адразу ўдакладняе, што маркі сапраўдныя, але яны ня выпушчаныя па ініцыятыве афіцыйнай пошты. У Нідэрляндах ёсьць такі сэрвіс, дзе любы ахвочы можа выпусьціць дзейсную марку са сваёй выявай.
«Гэта вельмі лёгка зрабіць праз сайт. Трэба дадаць сваю выяву, і празь дзень-два прыходзяць маркі. Ёсьць абмежаваньні наконт экстырмісцкіх выяваў. Але „Краіну для жыцьця“ можна», — кажа Павел.
Беларусы Чэхіі зьвярнуліся з адкрытым лістом да прэзыдэнта Чэхіі Зэмана з заклікам паўплываць на Лукашэнку
Копіі ліста былі перададзеныя старшыням ураду Чэхіі і абодвум палатам чэскага парлямэнту — Сэнату і Палаты дэпутатаў.
У лісьце, які быў зачытаны перад некалькімі сотнямі ўдзельнікаў Беларускага ланцуга салідарнасьці і мітынгу пратэсту на Старамесцкай плошчы Прагі 27 чэрвеня, нагадваюцца абставіны сёлетняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі.
Ліст падпісалі каля 150 чалавек (прыкладна палова ўдзельнікаў акцыі).
Аўтары ліста заклікаюць прэзыдэнта Чэхіі Мілаша Зэмана выкарыстаць свой палітычны ўплыў для таго, каб кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ўсьвядоміў міжнародныя і эканамічныя наступствы «свайго незаконнага чапляньня за ўладу любой цаной». Паводле аўтараў, Лукашэнка не павінен думаць, што яму парушэньне закону і рэпрэсіі супраць уласнага народу сыдуць з рук, і што ягоныя аўтарытарныя мэтады кіраваньня не належаць да ХХІ стагодзьдзя і да Эўропы.
У Магілёве вызвалілі актывіста, абвінавачанага ў арганізацыі «ланцуга салідарнасьці»
Аляксандар Сьпірыдонаў, валянтэр ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, адседзеў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. 49-гадовага муляра 22 чэрвеня асудзілі за заклікі гараджан у тэлеграм-канале «Могилёв для жизни» далучацца да ланцуга салідарнасьці і актыўны ўдзел у ім.
Адразу па вызваленьні ў інтэрвію Свабодзе Аляксандар Сьпірыдонаў заявіў: «Адседзеў, што народ у Магілёве ўзьняў». Паводле ягоных словаў, так яму сказалі, калі затрымлівалі. У чаце ж ён паведамляў пра тое, што адбывалася ў цэнтры гораду, дзе магілёўцы ўтварылі «ланцуг салідарнасьці».
У судзе супраць яго сьведчылі двое амапаўцаў, якія яго затрымлівалі, Мікалай Екамюк і Ільля Баранаў. Абодва даводзілі, што іх ўвагу ён прыцягнуў тым, што хадзіў уздоўж ланцуга людзей і здымаў іх на тэлефон.
У нямецкім Дзюсэльдорфе беларусы зноў выйшлі на ланцуг салідарнасьц. ФОТА
У горадзе Дзюсэльдорф на паўночным захадзе Нямеччыны некалькі дзясяткаў беларусаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі 3 ліпеня другі раз за тыдзень выйшлі на акцыю салідарнасьці. Пратэстуючы супраць рэпрэсій у Беларусі.
Цапкала: «Калі нам адмовяць у рэгістрацыі, ёсьць іншыя сцэнары»
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Валер Цапкала, у якога Цэнтральная выбарчая камісія налічыла менш за неабходныя 100 тысяч подпісаў за вылучэньне, правёў 5 ліпеня канфэрэнцыю зь беларусамі празь відэасувязь.
Расказаў, што:
- Патрабуе пратаколы адбракоўваньня подпісаў.
- Просіць зарэгістраваць і яго, і Бабарыку.
- Калі здымуць, ня будзе за Лукашэнку ці Канапацкую.
У цэнтры Парыжу правялі акцыю салідарнасьці зь Беларусьсю
Вечарам 5 чэрвеня ў цэнтры сталіцы Францыі, каля музэю Люўра, прайшла акцыя ў падтрымку вольных выбараў у Беларусі — чарговы «ланцуг салідарнасьці». У сярэдзіне мінулага тыдня падобная акцыя ўжо праходзіла ў Парыжы — пад беларускай амбасадай.
Дзьмітрыеў будзе праз суд дамагацца ад уладаў больш прыдатных месцаў для перадвыбарнай агітацыі
Праваабаронцы канстатуюць рэзкае скарачэньне месцаў для перадвыбарнай агітацыі ў параўнаньні зь мінулымі кампаніямі, што сур’ёзна абмяжоўвае як правы патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, так і правы выбарнікаў.
Як адзначаюць назіральнікі, рашэньні аб месцах правядзеньня агітацыйных масавых мерапрыемстваў прынятыя выканкамамі насуперак пазыцыі ЦВК, якая рэкамэндавала вызначаць любыя не забароненыя адрасы. Цяперашнія лякацыі альбо не прыдатныя для такіх мэтаў, альбо мала наведваюцца. Некаторыя знаходзяцца ў дрэннай транспартнай даступнасьці, да іх няма як дабрацца, асабліва выбарнікам старэйшага ўзросту.
Падтрымаў крытыку і адзін з прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду Андрэй Дзьмітрыеў. Ён заявіў, што праз суд абскардзіць рашэньне Менгарвыканкаму з патрабаваньнем выконваць Выбарчы кодэкс: права свабоднага і ўсебаковага абмеркаваньня перадвыбарных праграмаў кандыдатаў, іх палітычных, дзелавых і асабістых якасьцяў, правядзеньня агітацыі за ці супраць кандыдата на сходах, мітынгах, у сродках масавай інфармацыі, а таксама падчас сустрэчаў з выбарнікамі.
«Айчынную інтэрнэт-пляцоўку сёньня занялі ворагі дзяржаўнасьці», — кіраўнік «Белай Русі» Давыдзька
Старшыня праўладнага аб’яднаньня «Белая Русь» Генадзь Давыдзька падчас сустрэчы з актывам Магілёўскай вобласьці папярэдзіў, што ў выпадку «фальшывага выбару» сапраўдныя патрыёты рызыкуюць страціць краіну. На яго думку, у тым ліку і таму правядзеньне электаральнай кампаніі выклікае столькі эмоцый.
«Мы знаходзімся пад беспрэцэдэнтным мэдыяўплывам з боку нашых ворагаў, — сказаў ён. — Дарэчы, гэтыя людзі ня хочуць прыйсьці да ўлады. Іх задача — пашумець, унесьці раскол, але пры гэтым ні за што ў выніку не адказваць. Айчынную інтэрнэт-пляцоўку сёньня занялі ворагі дзяржаўнасьці, якія апярэдзілі тут патрыятычныя сілы. Але гэтае поле трэба патроху адваёўваць, захопліваць часова страчаныя пазыцыі». Цалкам чытайце па спасылцы.