Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Пераможцу «Славянскага базару» Гросу адмовілі ў выступах пасьля выказваньняў «за справядлівыя выбары»

Беларускі сьпявак Аляксей Грос расказаў у Instagram, што яго «прыбралі з усіх канцэртаў» пасьля палітычных выказваньняў у сацыяльных сетках. Паводле Гроса, зь месяц таму яго зацьвердзілі выступоўцам на «Прэзыдэнцкі баль» для выпускнікоў і сьвяточныя канцэрты да афіцыйнага Дня Незалежнасьці ў Палацы Рэспублікі і ля стэлы «Менск — горад-герой», адкрыцьцё «Славянскага базару».

«А літаральна некалькі дзён таму раздаўся званок: „Аляксей, вас прыбралі з усіх канцэртаў!“, — расказвае Грос. — Прычына — публікацыі ў Instagram, дзе я ўсяго толькі выказваю сваю думку як грамадзянін Беларусі з нагоды перадвыбарчай сытуацыі ў краіне, ды і сытуацыі агулам, дзялюся сваёй рэакцыяй на затрыманьні мірных людзей і зьбіраю людзей для ўдзелу ў валянтэрскай дапамозе лекарам». Цалкам чытайце па спасылцы.

Баксэр Іван Баранчык: «Гэта поўны абсурд — забіраць у аўтазакі невінаватых людзей»

Чэмпіён сьвету ў боксе Іван Баранчык у інтэрвію сайту рэсурсу «Трыбуна» падзяліўся думкамі аб перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі. У прыватнасьці, ён выказаўся пра апанэнтаў дзейнага кіраўніка краіны Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу, а таксама Сяргея Ціханоўскага.

«Усе гэтыя асобы вартыя павагі. Па-першае, за тое, што не пабаяліся; на жаль, у нас гэта можа мець наступствы. Па-другое, у кожнага ёсьць свая пазыцыя і бачаньне будучыні нашай краіны», — сказаў спартовец. Цалкам тут.

У Менску на агароджы каля БТ напісалі вялікае пасланьне Лукашэнку. ФОТА

Каля будынка Белтэлерадыёкампаніі, што ў Менску на вуліцы Макаёнка, 9, зьявілася графіці з пасланьнем Аляксандру Лукашэнку. Фота пасланьня публікуе Telegram-канал «Беларусь головного мозга», адміністратар якога цяпер затрыманы ў межах крымінальнай справы.

Генпракуратура нагадала, што абразы ў інтэрнэце перасьледуюцца законам. У часе выбараў іх шмат

Публічныя паклёп і абразы ў інтэрнэце перасьледуюцца законам, спасылаецца БелТА на выканаўцу абавязкаў начальніка аддзелу нагляду за выкананьнем правоў і свабодаў грамадзян Генэральнай пракуратуры Паўла Елісеева.

«У пэрыяд выбарчых кампаній палеміка і абмен думкамі могуць дасягаць асаблівага напалу. Але гэта нармальны працэс для любой дэмакратычнай дзяржавы. Аднак спадарожная ўмова такой свабоды — перш за ўсё захаваньне элемэнтарнай культуры зносін, калі дыскусія або абмен думкамі не пераходзяць межаў прыстойнасьці або закону», — сказаў Елісееў. Цалкам чытайце тут.

Блогеры Кабанаў, Лосік і Пятрухін у СІЗА. Лосіку падоўжылі арышт да 10 дзён для выстаўленьня абвінавачаньня

Адвакат Ігара Лосіка паведаміў Свабодзе, што блогеру падоўжылі арышт да 10 дзён на час выстаўленьня абвінавачаньня. Цяпер Лосік знаходзіцца ў менскім СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Туды ж перавялі берасьцейскіх блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна. Цалкам чытайце па спасылцы.

Да 15 сутак арышту. Яшчэ паўсотні судоў за «ланцугі салідарнасьці» праходзяць 29 чэрвеня. Абнаўляецца

Цягам 29 і 30 чэрвеня толькі ў Менску мае прайсьці каля пяці дзясяткаў судоў над удзельнікамі «ланцуга салідарнасьці» 19 чэрвеня, піша «Вясна». Судзяць таксама ў іншых гарадах Беларусі.

Раней над удзельнікамі «ланцугоў салідарнасьці» прайшло больш за 100 судоў, затрымлівалі людзей на акцыях у 19 розных гарадах. Толькі за гэтыя акцыі прысудзілі агулам больш за сотню сутак арышту і штрафы больш як на 50 тысяч рублёў. А агулам з пачатку выбарчай кампаніі арыштаў набралася больш як на чатыры гады, штрафаў — больш як на паўтары сотні тысяч рублёў. Усе прысуды за 29 чэрвеня глядзіце тут.

Канапацкая падала дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты

Экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая падала ў Цэнтарвыбаркам дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты. Канапацкая сабрала за сваё вылучэньне больш за 110 тысяч подпісаў і заявіла, што ацэньвае свае шанцы быць ня толькі зарэгістраванай, але і выйграць выбары, як даволі высокія — «інакш ня трэба было ўвязвацца ў гэтую кампанію». Яна таксама лічыць, што мае сур’ёзную падтрымку ў грамадзтве.

На пытаньне пра тое, што некаторыя лічаць яе спойлерам Аляксандра Лукашэнкі, Ганна Канапацкая акдазала, што гэтыя людзі памыляюцца. Цалкам чытайце тут.

Гаворыць пра пагрозу Беларусі, а мае на ўвазе пагрозу асабістай уладзе

Аляксандар Лукашэнка, пасадзіўшы асноўных палітычных апанэнтаў за краты, сам пачаў актыўную агітацыйную кампанію. Ён падарожнічае па краіне, ладзіць розныя сустрэчы, выступае. Але, што адметна, апэлюе ў асноўным не да народу, а да чынавенства, кіраўніцтва рэгіёнаў. Была закрытая для прэсы сустрэча ў Горадні, а на мінулым тыдні ў Салігорску.

Лукашэнка выглядаў вельмі ўзбуджаным, нэрвовым, выступ стаў эмацыйным. Даволі цяжка аналізаваць і рацыяналізаваць зьмест гэтага выступу. Гэта была плынь падсьвядомасьці, разважае ў новым блогу аналітык Свабоды Валер Карбалевіч. Чытайце па спасылцы.

Камісія ў Гомлі прызнала тысячы подпісаў за Бабарыку і Цапкалу несапраўднымі

29 чэрвеня прайшло паседжаньне Савецкай раённай камісіі горада Гомля па выбарах прэзыдэнта. На ім прысутнічаў доўгатэрміновы назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Леанід Судаленка.

Ён расказаў Свабодзе, што самы вялікі працэнт несапраўдных подпісаў па выніку асноўнай і дадатковай праверкі выяўлены ў Віктара Бабарыкі — 23,28%. Спачатку тэрытарыяльная камісія правярала 15% подпісаў. Калі знаходзіла там неадпаведнасьці, на праверку бралі іншыя подпісы. У выніку камісія прыняла рашэньне не залічваць Віктару Бабарыку ўсе здадзеныя 4870 подпісаў.

У Валера Цапкалы па выніку дзьвюх праверак несапраўднымі прызналі 16,53%. За гэта камісія не залічыла ўсе 1956 подпісаў, якія здалі сябры яго ініцыятыўнай групы. Цалкам чытайце па спасылцы.

500 тысяч падпісчыкаў, да 3 гадоў калёніі. Што яшчэ трэба ведаць пра затрыманых уладамі блогераў

За кратамі ўжо шэсьць беларускіх блогераў. Большасьць зь іх абвінавачваюць паводле крымінальных артыкулаў.

Пасьля 29 траўня, калі арыштавалі Сяргея Ціханоўскага, за кратамі апынуліся яшчэ пяць беларускіх блогераў. Гэта Ўладзімер Цыгановіч, Аляксандар Кабанаў, Сяргей Пятрухін, Ігар Лосік, Уладзімер Няронскі і Аляксандар Андрэеў. Амаль усе яны абвінавачваюцца паводле крымінальных артыкулаў і, імаверна, прабудуць за кратамі працяглы тэрмін. Далей чытайце па спасылцы.

Вядоўца СТБ звольніўся пасьля крытыкі затрыманьняў у Менску

«Тэлек ўсё, я там больш не працую», — напісаў вядоўца дзяржаўнага тэлеканала СТБ ​Антон Мартыненка ў твітэры.

Вядоўца Антон Мартыненка звольніўся з тэлевізіі. Пра гэта ён паведаміў у сваім акаўнце ў твітэры.

«Пасьля дзьвюх апошніх пастоў у сацыяльных сетках са мной вельмі ветліва і выключна добразычліва пагаварылі аб тым, што мая праца як тэлевядоўцы зьведзеная да мінімуму. Мяне не звальняюць а пераводзяць у рэдактарскі адзьдзел( усё ў межах закону, вядома). Я яшчэ больш ветліва, чым мне гэта было прапанавана, адмовіўся і напісаў заяву аб уласным жаданьні», – напісаў Мартыненка.

Раней вядоўца СТВ Антон Мартыненка выказаўся ў інстаграме наконт затрыманьняў кліентаў крамы Symbal.by.

Мартыненка напісаў, што набыў сваю вышыванку да таго, калі за гэта пачалі біць і затрымоўваць. Вядоўца прызнаўся, што падарыў іншую такую вышыванку байцу Конару Макгрэгару, «які б'ецца толькі на рынгу і толькі з тымі, хто роўны яму па сіле».

МУС праводзіць праверку «супрацьпраўнай дзейнасьці Валерыя Цапкалы»

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі праводзіць праверку па «фактах супрацьпраўнай дзейнасьці» прэтэндэнта ў прэзыдэнты Валерыя Цапкалы, паведаміла Свабодзе прэс-сакратарка ведамства Вольга Чамаданава.

«Для правядзеньня дасьледчай праверкі да нас і ў Генэральную пракуратуру паступілі матэрыялы ад грамадзяніна Турэччыны аб фактах супрацьпраўнай дзейнасьці грамадзяніна Цапкалы. Цяпер праводзіцца праверка», — паведаміла Вольга Чамаданава.

Пра час, калі гэтыя матэрыялы паступілі ў МУС, Вольга Чамаданава сказала «ня ведаю».

Раней некалькі Телеграм-каналаў напісалі, што заяву на Валерыя Цапкалу напісаў Седат Ігдэджы, турэцкі і беларускі бізнэсовец, уладальнік групы будаўнічых кампаній, якія ўдзельнічалі ва ўзьвядзеньні аб’ектаў Парку высокіх тэхналёгій, які раней узначальваў Цапкала.

Акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ў розных гарадах сьвету за тыдзень. ФОТАГАЛЕРЭЯ

Цягам мінулага тыдня ў розных гарадах сьвету прайшлі акцыі ў падтрымку свабодных выбараў і ў абарону палітвязьняў у Беларусі.

Салідарныя зь Беларусьсю выйшлі на плошчы і вуліцы Гамбургу, Бэрліну, Брэмэну, Дзюсельдорфа, Філядэльфіі, Таронта, Нью-Ёрку, Лос-Анджэлесу, Сан-Францыска, Лёндану, Манчэстэру, Санкт-Пецярбургу, Бостану, Маямі, Ізьміру, Братыславы, Парыжу, Прагі, Варшавы, Беластоку і іншых гарадоў.

У Лідзе затрымалі ўдзельнікаў «аўтапрабегу салідарнасьці»

Вечарам 28 чэрвеня жыхары Ліды зладзілі «аўтапрабег салідарнасьці» з палітычнымі зьняволенымі — некалькі машынаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі кружлялі па горадзе, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

29 чэрвеня супрацоўнікі ДАІ спынілі аднаго з удзельнікаў прабегу Аляксандра Захватовіча — сказалі, што ён нібыта парушыў правілы і мае паехаць зь імі ў ДАІ. Але замест аўтаінспэкцыі яго павезьлі ў РАУС.

Затрымалі таксама яшчэ аднаго ўдзельніка прабегу — Паўла Шыдлоўскага. Яго даставілі ў РАУС Лідзкага раёну.

Абодвум выставілі абвінавачаньне ў «несанкцыянаваным мерапрыемстве» паводле артыкулу 23.34 КаАП РБ. Суды над імі маюць адбыцца 30 чэрвеня.

У Горадні асудзілі фігуранта «справы Ціханоўскага»

Затрыманага ў «справе Ціханоўскага» Васіля Баброўскага асудзілі ў Горадзенскім абласным судзе 29 чэрвеня. Ён удзельнічаў у адміністрацыйным працэсе праз Skype.

45-гадовага Васіля Баброўскага затрымалі 29 траўня ў Горадні падчас пікету для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую. Яму прад’явілі абвінавачаньне паводле часткі 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Цяпер ён знаходзіцца пад вартай у СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менску. У яго трое дзяцей, у тым ліку непаўналетняя дачка.​ Нядаўна стала вядома, што на Баброўскага склалі адміністрацыйныя пратаколы за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі.

Як зачытаў судзьдзя Руслан Гурын, Баброўскі 29 траўня на Савецкай плошчы ў Горадні непрыстойна лаяўся, махаў рукамі, хапаў людзей за адзеньне; да таго ж адмовіўся падпарадкоўвацца міліцыянтам Шыманіцу і Навіцкаму, калі тыя папрасілі яго прайсьці ў машыну: супраціўляўся, вырываўся, упіраўся нагамі, спрабаваў уцячы.

Сьведкамі выступілі супрацоўнікі АМАПу Шыманіца і Навіцкі.

Баброўскі сваёй віны цалкам не прызнаў.

Суд прызначыў Баброўскаму за абодва артыкулы адміністрацыйны арышт агулам на 10 сутак. Тэрмін адбываньня пачаўся з моманту зьмяшчэньня Баброўскага ў ізалятар.

Суду па крымінальным артыкуле супраць Баброўскага яшчэ не было.

На Міколу Статкевіча завялі крымінальную справу

Палітык Мікола Статкевіч, які 30 чэрвеня павінен быў выйсьці на волю, «затрыманы па падазрэньні ў ажыцьцяўленьні злачынства па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).

Пра гэта паведаміла ў Фэйсбуку жонка Статкевіча Марына Адамовіч.

Паводле яе, Статкевіч будзе знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Міколу Статкевіча затрымалі 31 траўня па дарозе на Камароўскі рынак у Менску, дзе ён зьбіраўся наведаць выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Пазьней ягонай жонцы Марыне Адамовіч паведамілі, што Статкевіч знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна, яму прысудзілі «суткі». 15 чэрвеня прайшоў яшчэ адзін суд, які дадаў палітыку яшчэ 15 сутак. На Акрэсьціна палітык знаходзіцца дагэтуль.

Аштрафавалі хлопца, які цікавіўся ў міліцыі, што рабіць, каб яго не затрымалі

24 чэрвеня Іван Прус патэлефанаваў у Маскоўскі РУУС з пытаньнем, як яму даехаць да працы без затрыманьняў. Праз 2 дні яго затрымалі.

Паводле міліцыі і суду, Іван Прус праявіў «непавагу да грамадзтва, бо адцягнуў міліцыю ад справаў». Гэта значыць, учыніў дробнае хуліганства, піша Tut.by.

Івана судзілі па відэасувязі, ён прызнаў сваю віну і паведаміў, што зьведаў стрэс у ізалятары, бо раней яго ніколі не затрымлівалі. Судовы працэс доўжыўся 15 хвілін, адвакатка Івана настойвала на ягонай невінаватасьці, бо міліцыя не паказала ніякіх доказаў таго, што званок Івана замінаў ім працаваць.

У выніку судзьдзя Лідзія Цепліца пакарала Івана штрафам у 20 базавых велічыняў (540 рублёў).

Што сказалі ў штабе Бабарыкі пра забракаваныя подпісы

«У штабе мы зьдзіўленыя тым, што адбылося. Мы пададзім скаргі, бо мы ўпэўненыя, што з подпісамі ўсё ў парадку. У нас пакуль у Савецкім раёне Гомля больш за 4 тысячы подпісаў пад пагрозай, але гэта менш за 1% здадзеных подпісаў. Мы таксама бачым, што дзесьці подпісы былі прынятыя цалкам, дзесьці былі адбракаваныя адзінкі», — сказаў юрыст з каманды Віктара Бабарыкі Максім Знак.

Блогераў Цыгановіча і Кабанава прызналі палітвязьнямі

У сувязі з затрыманьнем і ўтрыманьнем пад вартай у якасьці падазраваных па крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала блогера ютуб-каналу MozgON Уладзімера Цыгановіча і берасьцейскага блогера Аляксандра Кабанава палітычнымі зьняволенымі, паведамляе праваабарончы сайт «Вясна». Праваабаронцы патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладна вызваліць Цыгановіча і Кабанава і спыніць іх крымінальны перасьлед.

Разам з Цыгановічам і Кабанавым на цяперашні момант беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ўжо 19 чалавек.

У Таліне прайшоў пікет салідарнасьці зь Беларусьсю. ВІДЭА, ФОТА

29 чэрвеня каля амбасады Беларусі ў Таліне прайшоў пікет беларускай дыяспары Эстоніі і неабыякавых грамадзян Эстоніі на знак падтрымкі сумленных і празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Удзельнікі пікету таксама паставілі мэтай прыцягнуць увагу да праблем краіны і прадэманстраваць салідарнасьць з палітвязьнямі, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах. Пікетоўцы патрабавалі вызваліць кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, спыніць рэпрэсіі, і правесьці сумленныя і празрыстыя выбары. Яны заклікалі да сыходу кіраўніцы Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзіі Ярмошынай са сваёй пасады. Глядзіце фота і відэа з акцыі па спасылцы.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG