У Тэль-Авіве прайшла акцыя салідарнасьцю з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі. ФОТА
Каля 100 чалавек сабраліся сёньня ў прадмесьці Тэль-Авіву Яфе на акцыю салідарнасьці зь беларускім народам, які, паводле арганізатараў, 26 гадоў пазбаўлены магчымасьці браць удзел у свабодных выбарах.
Макей заявіў, што беларускі рэжым моцны, а сытуацыя пад кантролем. Што яшчэ сказаў кіраўнік МЗС?
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ўлады не зацікаўленыя ў пагаршэньні адносінаў з Захадам на фоне выбараў прэзыдэнта. Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі пацьвердзіў намер запрасіць міжнародных назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары 9 жніўня. Усе заявы Макея падчас імпрэзаў у гонар 75-годзьдзя Статуту ААН чытайце па спасылцы.
Пяцёра ўжо за кратамі. Што стала з блогерамі і палітыкамі, якіх Ціханоўскі пахваліў за дзень да арышту
28 траўня Сяргей Ціханоўскі ўдзельнічаў у выбарчым пікеце ў Гомлі. Падчас размоваў зь людзьмі ён расказаў, каго зь беларускіх палітыкаў шануе найбольш. А таксама якіх блогераў лічыць самымі цікавымі. Што зь імі стала? Чытайце ў матэрыяле Свабоды.
Генпракуратура «ўзяла на асаблівы кантроль» скаргі на цкаваньне ў інтэрнэце за палітычныя погляды
Прадстаўнікі Генэральнай пракуратуры Беларусі паведамілі БелТА, што апошнім часам у Міністэрства ўнутраных спраў значна больш паведамляюць пра «некарэктную крытыку» і публічнае цкаваньне, абразы і пагрозы ў інтэрнэце «за выказваньне сваёй пазыцыі ў розных пытаньнях грамадзка-палітычнага жыцьця краіны».
Адзначаецца, што гэта зьвязана з выбарчай кампаніяй, бо ў час выбараў «палеміка і абмен думкамі дасягаюць асаблівага напалу, што ўласьціва любой цывілізаванай дзяржаве». Цалкам чытайце тут.
Толькі 0,04% з «Честных людей» уключылі ў склад участковых камісій
У склад участковых выбарчых камісій, створаных на тэрыторыі Беларусі, уключылі толькі 5 чалавек з ініцыятывы «Честные люди». Яшчэ сямёра трапілі ў камісіі, створаныя пры амбасадах за межамі краіны. Усяго на плятформе «Честные люди» адзначыліся 2192 чалавекі, якія напісалі, што падалі заявы на ўключэньне ва ўчастковыя камісіі.
«12 чалавек — гэта мізэрны працэнт з улікам таго, што падаваліся больш за дзьве тысячы чалавек. Мы чакалі, што ўключаць хаця б 150-200. А тут высьветлілася, як у нас баяцца страціць кіраванасьць камісіямі, каб туды ня трапілі незалежныя прадстаўнікі», — кажа адзін зь сяброў ініцыятывы «Честные люди» Аляксей Падрэз. Цалкам чытайце па спасылцы.
«Вашымі рукамі чыняць беззаконьне». Жонка Севярынца зьвярнулася да міліцыі, судоў, турмаў
Жонка сустаршыні Партыі БХД Паўла Севярынца Вольга апублікавала ў Фэйсбуку відэазварот да супрацоўнікаў міліцыі, судоў, ізалятараў і міністэрстваў.
«Я ўсё яшчэ веру, што сярод вас таксама ёсьць сумленныя людзі. Я бачу, як вы апускаеце вочы на незаконных судах, як у вас дрыжаць рукі, калі прыходзіш да вас са скаргай, я бачу на вашых руках заручальныя пярсьцёнкі, значыць, дома вас таксама чакае сям’я, і я ўпэўнена, што для сваіх жонак і дзяцей вы б хацелі быць прыкладам», — кажа Вольга ў звароце, згадваючы мужа Паўла, якога «ўжо 18 сутак ні за што трымаюць у нечалавечых умовах у карцары на Акрэсьціна». Цалкам чытайце тут.
Менчука асудзілі на 15 сутак за «заклікі да мітынгу праз Telegram»
Менчука Ўладзіслава Вавілава 26 чэрвеня асудзілі на 15 сутак арышту за тое, што ён нібыта заклікаў людзей на мітынг 21 чэрвеня праз Telegram. На паседжаньне не змаглі трапіць ні сваякі Вавілава, ні яго адвакат, піша праваабарончы цэнтар «Вясна». Падрабязнасьці чытайце па спасылцы.
Прадстаўнікоў апазыцыйных партый ва ўчастковых камісіях у пяць разоў меней, чым на выбарах 2015 году
Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» апублікавала аналітычную справаздачу аб назіраньні за фармаваньнем участковых выбарчых камісій (УВК).
24 чэрвеня скончылася фармаваньне ўчастковых выбарчых камісій, якія непасрэдна арганізуюць галасаваньне і падлічваюць галасы. Усяго створана 5723 камісій, у іх склад увайшло 63 347 чалавек. Паводле назіральнікаў, пры фармаваньні камісій быў відавочны дыскрымінацыйны падыход выканкамаў да прадстаўнікоў апазыцыйных партый: з 545 вылучаных у склад УВК увайшлі 6 чалавек (1,1%), у той час як з 3844, вылучаных праўрадавымі партыямі, у склад камісій увайшлі 3717 чалавек (96,7%).
У камісіі ўключаныя амаль усе прадстаўнікі, вылучаныя пяцьцю праўладнымі арганізацыямі: БРСМ, «Белай Русьсю», Саюзам жанчын, Саюзам вэтэранаў, Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі (96,9% ад вылучаных). Цалкам чытайце па спасылцы.
Бяляцкі: У Беларусі сапраўднае паляваньне праваахоўных органаў на блогераў
Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі канстатуе, што падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі адбываецца сапраўднае паляваньне праваахоўных органаў на блогераў. Ён адзначае, што тактыку беларускіх уладаў, калі не выдаюць інфармацыю пра адрасы знаходжаньня затрыманых людзей, можна параўнаць зь іх выкраданьнем. Цалкам чытайце па спасылцы.
У Беларусі ўжо 17 палітвязьняў. Хто яны
Да выбараў засталося 44 дні. Яшчэ два месяцы таму ў Беларусі было 3 чалавекі, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі, цяпер іх 17. Прэтэндэнт у прэзыдэнты, ягоны сын, а таксама сябры; каманда блогера і мужа кандыдаткі ў прэзыдэнты Сяргея Ціханоўскага; блогеры; анархісты і грамадзкі актывіст. Хто гэтыя людзі: чытайце ўсе падрабязнасьці ў матэрыяле Свабоды.
У Горадні затрымалі сябра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай
26 чэрвеня ў Горадні затрымалі сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Яўгена Амплеева. Пра гэта праваабарончаму цэнтру «Вясна» паведаміла каардынатарка ініцыятыўнай групы па Гарадзеншчыне Вольга Каракіна.
Яўген Амплееў пасьпеў паведаміць, што ў арыенціроўцы міліцыі пазначана ягонае прозьвішча і нумар ягонага аўтамабіля, які трэба таксама затрымаць. Прычына затрыманьня невядомая. Амплеева павезьлі ў РАУС Ленінскага раёну Горадні. Гэта ня першае затрыманьне сябраў ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні.
Затрымалі адміністратара тэлеграм-каналу «Орша для жизни»
У Воршы затрымалі 28-гадовага мясцовага жыхара Аляксандра Андрэева.
Супраць прэс-сакратара Сьвятланы Ціханоўскай распачалі крымінальную справу
Берасьцейскі блогер, прэс-сакратар Сьвятланы Ціханоўскай, Аляксандар Кабанаў знаходзіцца ў ІЧУ Менска. Супраць яго распачалі крымінальную справу. Пра гэта паведаміў Telegram-канал праваабарончага цэнтру «Вясна».
«Аказалася, у беларусаў цярпеньня менш, чым у расейцаў». Чычваркін пра беларускі мэнтальны код і рэцэпт багацьця
Расейскі бізнэсовец і зацяты крытык пуцінскага рэжыму Яўгені Чычваркін наведаў пікет каля беларускай амбасады ў Лёндане. Раней ён зьмясьціў у сваім Інстаграме пост салідарнасьці зь беларусамі. Свабода распытала Чычваркіна, чаму ён заўзее за Беларусь і пра якія адносіны паміж беларусамі і расейцамі марыць.
Ужо 12 гадоў Чычваркін жыве ў брытанскай сталіцы. У Расеі ён быў пасьпяховым бізнэсоўцам, саўладальнікам салёнаў сотавай сувязі «Евросеть», удзельнічаў у дзейнасьці партыі «Саюз правых сілаў». Але ў 2008 годзе ён пакінуў Расею з прычыны крымінальнага перасьледу. Цяпер у Лёндане Чычваркін займаецца вінным і рэстаранным бізнэсам.
20 чэрвеня бізнэсовец зьмясьціў у сваім Інстаграме бел-чырвоны-белы сьцяг і напісаў:
«Сёньня я беларус! Шчыра жадаю нашым суседзям і братам пазбавіцца ад дыктатуры і вярнуць палітычны працэс у грамадзтва зь мінімальнымі па магчымасьці ахвярамі. Спадзяюся, расейскія танкі застануцца дома, спаскуджанай Цьвярской дастаткова».
«Маліўся, каб жонку не чапалі. І тут у бусік закідваюць Аліну». Яшчэ адна гісторыя затрыманьня 19 чэрвеня
З затрыманьняў на «ланцугу салідарнасьці» ў Менску 19 чэрвеня прайшоў тыдзень, але гісторыі беларусаў, якія пацярпелі ад дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі, не канчаюцца. Ільля Стаўроў расказаў Свабодзе, як увечары мінулай пятніцы вяртаўся з жонкай з трэніроўкі, а ў выніку тры дні правёў у ЦІП.
Затрымалі блогера, які спытаўся ў Маскоўскім РУУС, як ня трапіць у аўтазак
Як мяркуюць сябры Івана Пруса, прычынай ягонага затрыманьня магла стаць размова з супрацоўнікам Маскоўскага РУУС, відэазапіс якой зьявіўся ў інтэрнэце на гэтым тыдні. Пасьля затрыманьняў пакупнікоў крамы Symbal.by Іван Прус пазваніў у райаддзел міліцыі і спытаўся, як трэба сябе паводзіць на вуліцы, каб не забралі ў аўтазак.
Сяргея Ціханоўскага перавялі з карцэру ў камэру
27 чэрвеня ў Сьвятланы Ціханоўскай прынялі перадачу для Сяргея Ціханоўскага. Гэта значыць, што яго перавялі з карцэру ў камэру сьледчага ізалятару.
Пасьля допісу супраць адвольных затрыманьняў тэлевядоўцу АНТ пазбавілі эфіру
24 чэрвеня Дзьмітры Ўрангель, аўтар праграмы «Прыгоды капітана Ўрангеля» на АНТ, выказаўся супраць адвольных затрыманьняў у сваім Інстаграме. Пасьля гэтага АНТ зьняла яго праграму з эфіру.
Amnesty International патрабуе вызваліць арыштаваных у Беларусі блогераў і актывістаў
Міжнародная арганізацыя Amnesty International патрабуе ад уладаў Беларусі вызваліць Ігара Лосіка і іншых арыштаваных беларускіх блогераў і актывістаў.