Насамрэч
Хутчэй няпраўда.
Пра гэта сьведчаць вынікі міжнароднага сацыялягічнага дасьледаваньня, якое было праведзена шляхам тэлефоннага апытаньня з 20 сакавіка па 6 красавіка ў 58 краінах, сярод якіх была і Беларусь. На пытаньні анкеты адказалі 110 968 чалавек (3300 — зь Беларусі).
Падчас дасьледаваньня задавалася пытаньне: «Ці сталі вы на працягу мінулага тыдня мыць рукі часьцей, чым месяц таму?». У Беларусі станоўчы адказ далі прыкладна 85% рэспандэнтаў. Аднак гэта даволі нізкі паказьнік у параўнаньні зь іншымі краінамі, дзе праводзілася апытаньне.
Паводле адказаў на гэтае пытаньне Беларусь аказалася ў канцы сьпісу — доля апытаных, якія адказалі, што сталі часьцей мыць рукі, аказалася меншай, чым у Беларусі, толькі ў 6 краінах — Сінгапуры, Латвіі, Кітаі, Славаччыне, Чылі і Паўднёвай Афрыцы. У астатняй 51 краіне адсотак апытаных, якія адказалі, што сталі часьцей мыць рукі, быў вышэйшы, чым у Беларусі. У такіх краінах, як Індыя, Альбанія і Аргентына, — амаль 100%.
Паводле вынікаў дасьледаваньня, беларусы практыкавалі меры засьцярогі ад распаўсюду пандэміі радзей за шмат якія іншыя нацыі. Напрыклад, у адказах на пытаньне «Ці заставаліся вы дома на працягу мінулага тыдня?» Беларусь была «рэкардсмэнкай» — станоўча адказалі на гэтае пытаньне толькі крыху больш за 50% сярод беларускіх рэспандэнтаў. Ва ўсіх астатніх 57 краінах доля тых, хто адказаў, што на мінулым тыдні заставаўся дома, была вышэйшай.
Падзяліцеся ў сацыяльных сетках са сваімі сябрамі