У Гішпаніі колькасьць выпадку захворваньня на COVID-19 перавысіла 100 тысяч. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на міністэрства аховы здароўя краіны.
За суткі мэдыкі зафіксавалі больш за шэсьць тысяч новых заражэньняў. Усяго з пачатку пандэміі ў Гішпаніі памерла амаль восем з паловай тысяч чалавек. У краіне ўведзеныя жорсткія карантынныя меры.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Гішпанія знаходзіцца на трэцім месцы ў сьвеце па колькасьці выяўленых выпадкаў COVID-19. На першым месцы знаходзяцца ЗША. Там каранавірус пацьверджаны ў амаль 190 тысяч чалавек. Больш за чатыры тысячы пацыентаў памерлі. Другое месца па колькасьці хворых займае Італія — амаль 106 тысячаў чалавек. Больш за 12 тысяч чалавек памерлі. Гэта самы высокі паказчык сьмяротнасьці ў сьвеце.
У Кітаі, адкуль пайшло распаўсюджваньне вірусу, дыягнаставана каля 82 тысяч заражэньняў, памерлі больш за тры тысячы чалавек. Кітайскія ўлады заяўляюць аб зьніжэньні хуткасьці распаўсюджваньня COVID-19.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ