На сёньня ахвярамі хваробы сталі больш за 3 тысячы чалавек.
Каардынатар Белага дому ў барацьбе з каранавірусам Дэбара Бэркс папярэдзіла, што пандэмія можа прывесьці да гібелі да 200 тысяч амэрыканцаў нават пры аптымістычным сцэнары. Яе заява яшчэ больш разбурыла надзеі на тое, што краіна зможа хутка аднавіцца ва ўмовах глябальнага крызісу ў сфэры аховы здароўя.
Тым часам як колькасьць сьмяротных выпадкаў ад COVID-19 у сьвеце перасягнула 37 тысяч, а ў ЗША дайшла да 3 тысяч, фэдэральныя чыноўнікі і ўлады штатаў выступаюць з змрочнымі папярэджаньнямі, што сытуацыя спачатку пагоршыцца і толькі потым пачне паляпшацца.
Бэркс заявіла тэлеканалу NBC News, што ў ЗША ад каранавірусу могуць памерці 200 тысяч чалавек, «нават калі мы ўсе разам будзем рабіць усё добра, амаль ідэальна».
ЗША захоўваюць лідэрства паводле колькасьці пацьверджаных выпадкаў захворваньня. Паводле стану на панядзелак, іх было больш за 160 тысяч.