На раніцу 31 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 785 тысяч выпадкаў COVID-19: каля 164 тысяч у ЗША, амаль 102 тысячы ў Італіі, 88 тысяч у Гішпаніі, 82 тысячы ў Кітаі, 67 тысяч у Нямеччыне, 44 тысячы ў Францыі, 41 тысячу ў Іране, 22 тысячы ў Вялікай Брытаніі, 16 тысяч у Швайцарыі.
Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі каля 38 тысяч чалавек. Зь іх 11 591 у Італіі, 7716 у Гішпаніі, 3309 у Кітаі, 3167 у ЗША, 3024 у Францыі, 2757 у Іране.
Выпісалі звыш 165 тысяч пацыентаў, якія ачунялі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 582 тысяч, зь іх 29,5 тысячы ў цяжкім стане.
У Беларусі на 30 сакавіка пацьвердзілі 152 выпадкі інфікаваньня новым каранавірусам: 47 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 105 «знаходзяцца пад мэдыцынскім кантролем і на лячэньні».
У Злучаных Штатах, дзе зафіксавалі найбольш выпадкаў COVID-19 у сьвеце, рост штодзённай колькасьці новых выпадкаў крыху запавольваецца. За 30 сакавіка там выявілі рэкордныя для краіны 20,35 тысячы новых выпадкаў, днём раней — 19,9 тысячы, два дні таму — 19,45 тысячы.
Ды паводле колькасьці сьмерцяў ад новага каранавірусу ЗША выйшлі на чацьвёртае месца ў сьвеце, абагналі Францыю. Зусім магчыма, што ўжо 1 красавіка ў гэтым паказьніку ЗША абгоняць Кітай, зь якога пачалася пандэмія: у ЗША штодзень памірае некалькі соцень інфікаваных, а Кітай зь сярэдзіны сакавіка паведамляе пра менш як 10 сьмерцяў за дзень.
У Італіі, дзе цяпер зафіксавалі найбольш памерлых ад COVID-19, тэмпы распаўсюду вірусу стабілізаваліся: пасьля рэкордных 6557 новых выпадкаў за 21 сакавіка там штодзень выяўляюць 4–6 тысяч інфікаваных. Колькасьць штодзённых сьмерцяў таксама ўжо не расьце паскоранымі тэмпамі, але штодзень памірае 600-900 пацыентаў.
Падобная тэндэнцыя і ў Гішпаніі, і ў Нямеччыне, і ў Францыі, і ў шэрагу іншых краінаў Заходняй Эўропы: распаўсюд вірусу працягваецца, але ўжо не паскараецца штодзень.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.