На кантрольна-прапускным пункце «Тэмір-баба» на мяжы Казахстану з Туркмэністанам памёр кіроўца з Беларусі, паведаміла агенцтва turkmen.news. Беларускі кіроўца памёр 28 сакавіка.
«Патрэбная дапамога з прадуктамі і вадой. У пустыні без умоваў: няма вады, прадукты на зыходзе. Пазаўчора памёр наш [беларускі] кіроўца ў сваёй кабіне, ежа сканчаецца, вада на зыходзе», — гаворыцца ў паведамленьні, атрыманым turkmen.news.
Як адзначае агенцтва, на мяжы сабралася 79 грузавых аўтамабіляў, якія накіроўваліся ў Туркмэністан. У асноўным гэта фуры зь беларускімі і расейскімі нумарамі. Ужо каля 10 дзён фуры ня могуць перасекчы мяжу з прычыны закрыцьця КПП туркмэнскім бокам.
Інфармацыю пра гібель кіроўцы зь Беларусі пацьвердзілі і на мытным посьце «Тэмір-баба».
Паводле крыніцы turkmen.news, на трасе, якая вядзе ад мяжы ўглыб Туркмэністану, усталёўваюць намёты для кіроўцаў зь Беларусі і Расеі для праходжаньня 14-дзённага карантыну.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ